Напраснаўка
Артыкул вымагае праверкі арфаграфіі Удзельнік, які паставіў шаблон, не пакінуў тлумачэнняў. |
Вёска
Напраснаўка
| ||||||||||||||||||||||
Напра́снаўка[1] (трансліт.: Naprasnaŭka, руск.: Напрасновка) — вёска ў Горацкім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Маслакоўскага сельсавета.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першае згадванне пра вёску датуецца 1777 годам. Цікава, што вёска мела яшчэ два найменні: Краснаўка і Нова-Напраснаўка. У свой час сярод мясцовага насельніцтва існавала легенда пра тое, як было створана гэта паселішча. Яго запісала ад старажыла вёскі Л. Шылава былая загадчыца Маслакоўскага філіяла Горацкага гісторыка-этнаграфічнага музея: "Шмат гадоў таму назад у вёску Якаўлевічы (цяпер гэта Аршанскі раён) па справах прыехаў яўрэйскі купец з Санкт-Пецярбурга. Заключыўшы здзелку, ён прапанаваў мясцоваму барону згуляць у карты на грошы. І барон прайграў усю сваю маёмасць, і тады ён паставіў на кон 100 дзесяцін зямлі. Прайграў і іх. На гэтай зямлі купец пасяліў яўрэяў з Горак і Оршы. Так утварылася вёска Напраснаўка [2].
Яўрэйская калонія
[правіць | правіць зыходнік]Ёсць другая версія стварэння вёскі. Яна існавала шмат гадоў, але ў сярэдзіне XIX стагоддзя царскі ўрад, з мэтай прыцягнення яўрэяў да сельскагаспадарчай працы, вырашыў арганізаваць на тэрыторыі імперыі некалькі яўрэйскіх калоній. Калі пачалася каланізацыя толькі ў Магілёўскай губерні было створана 20 калоній-паселішч. Першыя паселішчы ў Горацкім павеце былі створаны ў 1849 годзе ў вёсках Сава і Рудкаўшчына. Праз два гады была створана калонія ў вёсцы Напраснаўка. У пачатку працавала яна, як і іншыя калоніі, не вельмі эфектыўна — не хапала інвентару і грашовых сродкаў. Вядомы факт, што калі царскі чыноўнік прыехаў у гэтую калонію для кантролю працы земляробаў, адзін плуг перадавалі з адной гаспадаркі ў іншыя праз платы [3]. Пасля кастрычніка 1917 года некаторыя яўрэі з вёскі з’ехалі ў Мінск, Ленінград і іншыя гарады краіны. Вядома, што ў 1924 годзе ў вёсцы было 48 сядзіб, дзе жыло 290 чалавек[4]. У 1928 годзе ў вёсцы быў арганізаваны калгас «Новае жыццё», куды ўваходзілі беларусы і яўрэі [5]. Працавала і пачатковая школа, дзе вучыліся разам беларусы і яўрэі. Да вайны ў вёсцы жыло 137 жыхароў, большая частка з іх была яўрэі[6]
У час Вялікай Айчыннай вайны
[правіць | правіць зыходнік]Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, жыхары вёскі, якія належалі прызыву ў армію, пайшлі на фронт. Вядома, што: Бекераў Ісаак загінуў у 1921 г.н., пры абароне Масквы; Кулькоў Філімон, 1916 г.н., палітрук, загінуў у 1941 г.; Мігачоў Канстанцін, 1922 г.н., загінуў ў 1943 г. пад Харкавам; Мігачоў Фёдар, прапаў без вестак у 1944 г.; Салавей Зэлік, 1920 г.н., прапаў без вестак у 1941 г.; Салавей Міхаіл, 1918 г. н., ваяваў на Ленінградскім фронце, памёр ад ран у 1941 г.; Салавей Рувім, 1920 г.н., прапаў без вестак у 1942 г.; Салавей Ізраіль 1892 г.н., загінуў пад Вязьмай у 1942 г.; Свісеў Арцём, 1901 г.н., памёр ад ран 19.04.1945 г.; Эфрас Іосіф, 1922 г.н., прапаў без вестак 29.06.1944 г.[7].
Пасля акупацыі фашыстамі Горацкага раёна да яўрэяў Напраснаўкі прыехала і прыйшло шмат сваякоў з Мінска, Оршы і іншых гарадоў Беларусі. Гета было створана амаль адразу пасля захопу вёскі немцамі ў 1941 годзе. Яўрэям загадалі нашыць на вопратку жоўтыя зоркі і нікуды за межы вёскі не выходзіць. Іх прымушалі працаваць на палетках мясцовага калгаса. Амаль штотыднёва з в. Маслакі, дзе знаходзіўся паліцэйскі атрад, у Напраснаўку наведваліся паліцаі.
Неўзабаве да жыхароў вёскі дайшлі чуткі, што фашысты расстралялі яўрэяў Горак, Гор і Леніна. Але яны спадзяваліся, што фашысты іх чапаць не будуць. Аднак яны памыліліся. 22 сакавіка 1942 г. фашысты вырашылі расстраляць яўрэйскае насельніцтва вёскі.
Людміла Шылава па апытаннях жыхароў суседніх вёсак аднавіла трагічны дзень:
«У гэты дзень прыехалі немцы. Адна частка акружыла вёску. Другая — пайшла па хатах, выганяючы людзей на вуліцу. Не пакідалі нікога: ні дзяцей, ні старых. Спачатку ўсіх сагналі ў дзве хаты і пратрымалі да абеду. Потым выгналі на вуліцу і пабудавалі ў вялікую калону. Па баках расставілі 12 аўтаматчыкаў і па бальшаку пагналі да лесу.
Наперадзе калоны з ланцугамі на руках ішоў вялікі мужчына Ара, так клікалі аднаго з жыхароў вёскі за гіганцкі рост. Па баках ішлі маладыя хлопцы, таксама скаваныя ланцугамі.
Жудасны крык і плач нёсся з калоны па ваколіцах. Многія гублялі прытомнасць і падалі, прадчуваючы блізкі канец. Больш моцныя і ўстойлівыя іх паднімалі і вялі… Падышоўшы да месца расстрэлу, немцы загадалі выходзіць з калоны па некалькі чалавек і станавіцца тварам да ямы. Калі ў каго была добрая вопратка, яе здымалі і затым расстрэльвалі — у спіну, у патыліцу. Многія падалі ў яму самі, іх дастрэльвалі там. Расстраляўшы ўсіх, фашысты засыпалі яму зямлёй, але яна „дыхала“ яшчэ тры дні.
Толькі аднаму ўдалося пазбегнуць смерці, гэта быў Есель Стамблер, хлопец 20 гадоў. Калі калону гналі праз лес, ён ірвануў у бок вёскі Шепелевка. Пятляючы паміж дрэвамі, прыбег у дом Мікалая Казлова. Там была бабуля Матрона. Ён папрасіў, каб яго схавалі. Бабуля прапанавала яму стаць за дзверы, пад вешалку з армяком. За хлопцам у вёску прыбеглі два немцы. Яны заходзілі ў кожны дом, шукалі, але яго не знайшлі.
Некалькі дзён Есель пражыў у хляве, а потым сышоў у партызаны. Пасля вайны ён жыў у Оршы, працаваў у райпо. Кожны год прыязджаў у вёску і прывозіў бабулі падарункі. Зрабіў спробу ўцячы і хлопчык 8 гадоў, але яго адразу ж напаткала куля. Атрымалася схавацца маладой жанчыне з двума дзецьмі ў доме пад падлогай. Але назаўтра яе выдаў немцам мясцовы стараста»[8].
Кацярына Данілаўна Бліндэрава, распавяла журналісту газеты «Горацкі веснік» Кацярыне Карпіцкай «…што аднаму яўрэю тады ўдалося збегчы. Бліжэй да канца вайны ён вярнуўся і заявіўся ў дом да паліцая, які заняў дом расстралянай яўрэйскай сям’і, і сілай яго кудысьці павёз. Кажуць, адпомсціў і забіў»[9]. Ці было гэта на самой справе, сказаць цяжка. Але ў час вайны такое здаралася.
Пра гэтыя падзеі сведчыць і Акт Горацкай раённай камісіі па ўстанаўленню і расследаванню злачынстваў нямецкіх акупантаў у гады Вялікай Айчыннай вайны ад 10 снежня 1944 года: «Масавае забойства яўрэйскага насельніцтва нямецка-фашысцкія ізвергі зрабілі ў вёсцы Напраснаўка Маслакоўскага с/с, там засталося 8 ям, дзе закапаны расстраляныя. Масавы расстрэл немцы арганізавалі 22 сакавіка 1942 г., расстралялі 250 яўрэяў. Перад смерцю іх жорстка збілі, патрабуючы ад іх водкупу золатам. Потым іх усіх павялі на ўзлесак лесу за 200 м на захад ад в. Напраснаўкі і там над імі ўчынілі масавы расстрэл. Дзяцей у яму кідалі жывымі, а паверх кідалі расстраляных дарослых»[10].
Жыхарка вёскі Надзея Маркаўна Пішчыкава паведаміла журналісту А. Ліціну і гісторыку А. Шэндаровічу:
«Я памятаю імёны некаторых людзей: быў Мендэль з вялікай сям’ёй. У яго было 16 дзяцей і перад вайной дзеці з унукамі прыехалі да яго з розных гарадоў. Стары самотны дзед Бэрка. Сымон з 2 сынамі. Адзін сын Сымона працаваў у краме ў Якаўлевічах. Ён вярнуўся да бацькі і яго потым з усімі забралі. Шэйна пякла абаранкі на продаж. Ужо стары Лейба Рак трымаў шэрсцепрадзільню. Жыў Пінька з дачкой Вольгай. У Бэрты была прыгожая дачка Люба. У Янкеля было шмат сыноў.
Калі ў канцы 50-х — пачатку 60-х сталі будаваць дарогу, пахаванне трэба было перанесці. Усе астанкі выкапалі і склалі ў пяць трун і перапахавалі. Калі перазахоўвалі (годзе ў 1958-м), прыязджала шмат яўрэяў з Ленінграда і іншых гарадоў. Пахаваных пазнавалі па абутку, грабеньчыках»[11].
Яўген Іткін, дзядуля і бабуля якога жылі ў гэтай вёсцы ўспамінаў: «Амаль уся сям’я майго дзядулі загінула там. Загінула і яго першая жонка, яна была цяжарная на той момант. Засталіся некаторыя стрыечныя браты і сёстры, пад прозвішчам Салавей, тыя, хто з’ехаў у эвакуацыю, і, вядома, мой дзядуля, які ваяваў. Дзядуля распавядаў, каля вёскі быў вялікі роў, у якім здзяйсняліся масавыя расстрэлы… Брат маёй бабулі, быў інжынерам-будаўніком, пасля вайны быў галоўным інжынерам горада Оршы. Ён паставіў першы помнік у Напраснаўцы. Калі мне было, прыкладна дзевяць гадоў мой дзядуля вазіў мяне ў Напраснаўку. Паказваў мне помнік і гэтае месца»[12].
Спіс загінулых
[правіць | правіць зыходнік]У Ізраілі ў Іерусаліме працуе музей-мемарыял «Яд ва-Шэм». Назва музея-мемарыяла «рука і імя», на біблейскім іўрыце — «памяць і імя». У ім знаходзіцца спіс тых, хто быў забіты ў Напраснаўцы. Гэта: Каган Аляксей Барысавіч, 1889 г.н., рабочы; Каган Рыва Аляксееўна, 1935 г.н., вучаніца 9 класа; Каган Пейша Аляксеевіч, 1937 г.н., вучань 7 класа; Казінец Бэрл, 1877 г.н.; Казінец Бэла, 1874 г.н.; Краснер Марыя Ураўна, 1920 г.н.; Краснер Ура, 9 дзяцей; Раскін Лейб, 1924 г.н.; Раскін Маня, 1937 г.н.; Раскін Перл, 1920 г.н.; Раскіна Фрэйда, 1910 г.н.; Раскін Мотл Давідавіч, 1934 г.н., вучань; Раскін Іцік, 1887 г.н.; Салавей Эська, 1912 г.н.; Салавей Шыфра, 1877 г.н.; Салавей Барыс, 1903 г.н.; Салавей Янкель, 1874 г.н.; Салавей Іосіф, 1921 г.н.; Салавей Зіна, 1929 г.н., вучаніца; Салавей Эля, 1927 г.н., вучань; Салавей Маша, 1896 г.н. і трое дзяцей; Салавей Арон, 1895 г.н., каваль, двое дзяцей; Сонкін Люба, 1912 г.н.; Сонкін Генрых 1920 г.н.; Сонкін Люба, 1915 г.н.; Стамблер Бася, дзіця; Стамблер Сора-Бэйля і трое дзяцей; Стамблер Мейша-Майрім; Стамблер Залман-Хаім; Фрумкіна Геня, 1924 г.н., вучаніца; Шнэйдэрман (Бардо) Сіма, 1886 г.н.;. Шнэйдэрман Навум, 1927 г.н.; Эфрас Лейба, 1891 г.н.
Вёска сёння
[правіць | правіць зыходнік]У вёсцы зараз пастаянна жыве 2 жыхары, летам прыязджаюць тыя, хто трымаюць дамы пад дачу.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ліўшыц, Уладзімір. «Ішло ў бяссмерце Горацкае гета…» — Горкі: 1995. — С.8.
- Лившиц, В. М. Горецкая еврейская община:страницы истории. — Горки: 2010. — С.151-152.
- Памяць. Горацкі раён. Гісторыка-дакументальная хроніка Горацкага раёна. — Мн.: 1996. — С. 142
- Сраговіч. М. М. Яўрэйскае насельніцтва Горацкага раёна (Мінулае і сучаснае). Кароткі гістарычны агляд сацыяльна-эканамічных і бытавых момантаў // Працы навуковага таварыства Беларусі. - Горкі: 1927. - С. 189
- Шылова, Людмила. Напрасновская трагедия // газета "Ленiнскi шлях, 2000. 8 мая
- Шылова, Людмила. Напрасновска // газета "Ленiнскi шлях, 2006, 4 марта
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Напра́снавічы, мн.
- ↑ Шылова, Людмила. Напрасновска //газета «Ленiнскi шлях»,2006, 4 марта
- ↑ Сраговіч, М. М. Яўрэйскае насельніцтва Гораццкага раёна(Мінулае і сучаснае).Кароткі гістарычны агляд сацыяльна-эканамічных і бытавых момантаў // Працы навуковага таварыства Беларусі — Горкі: 1927. С.189
- ↑ Гістарычны архіў Беларусі. Ф. 30., влп. 2, справа 6016. Л.17
- ↑ Памяць. Горацкі раён. Гісторыка-дакументальная хроніка Горацкага раёна — Мн.:1996.С.142
- ↑ Напрасновка. Российская еврейская энциклопедия// rujen.ru/index.php/НАПРАСНОВКА
- ↑ Памяць. Горацкі раён. Гісторыка-дакументальная хроніка Горацкага раёна — Мн.:1996.С.480-481
- ↑ Шылова, Людмила. Напрасновская трагедия//газета «Ленiнскi шлях»,2000. 8 мая
- ↑ Карпицкая Каця. Миссия Напрасновка// http://karpickaya.blogspot.com/2015/06/naprasnovka(недаступная спасылка)
- ↑ Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці. ф. 306., воп. 1.,сп. 10 ,л. 43-44.
- ↑ Литин,А, Шендерович,И. Напрасновка //http://shtetle.com/shtetls_mog/naprasnovka/naprasnovka_svid.html
- ↑ Иткин, Евгений // То что помниться //http://shtetle.com/shtetls_mog/naprasnovka/naprasnovka_svid.html.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Напраснаўка
- Напрасновка. Российская еврейская энциклопедия// rujen.ru/index.php/НАПРАСНОВКА
- Ліўшыц, Уладзімір. Халакост у вёсцы Напраснаўка // https://horki.info/news/13615.html
- Nowonaprasnówka // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat (польск.). — Warszawa, 1886. — S. 265.
- Nowonaprasnówka // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XV, cz. 2: Januszpol — Wola Justowska (польск.). — Warszawa, 1902. — S. 391.