Інструкцыя па транслітарацыі
Інстру́кцыя па транслітара́цыі геаграфі́чных на́зваў Рэспу́блікі Белару́сь лі́тарамі лаці́нскага алфаві́та[A] — метад запісу лацінскім пісьмом беларускіх геаграфічных назваў пры стварэнні карт і геаграфічных даведнікаў, прызначаных для міжнароднага выкарыстання, ухвалены пастановай Дзяржаўнага камітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь (№ 15 ад 23 лістапада 2000 года),[1] апошнія змены ўнесены 11 чэрвеня 2007 года. Створана на аснове класічнай беларускай лацінкі.
У лютым 2013 года інструкцыя рэкамендавана Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый як міжнародная сістэма раманізацыі беларускіх геаграфічных назваў[2][3]. У 2022 годзе рэжым Лукашэнкі загадаў сваім структурам спыніць выкарыстанне Інструкцыі па транслітарацыі[4], а 24 сакавіка 2023 года пад ціскам прарасійскіх актывістаў інструкцыя была канчаткова скасавана[5].
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Інструкцыя замяняе папярэднія адпаведныя нормы і ўстанаўляе абавязковыя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь правілы перадачы лацініцай беларускіх геаграфічных назваў пры стварэнні ў Рэспубліцы Беларусь картаграфічных і іншых вырабаў, прызначаных для міжнароднага выкарыстання. Перадача беларускіх назваў на лацініцу ажыццяўляецца ў адпаведнасці з іх правільным, афіцыйна зацверджаным напісаннем на беларускай мове. Пры адсутнасці беларускамоўных афіцыйных матэрыялаў за аснову бяруцца назвы, традыцыйныя ў мэтавай мове, пры гэтым магчымыя выпраўленні скажэнняў.
Пры гэтым правілы не распаўсюджваюцца на тапонімы іншых краін з афіцыйна прынятай лацінскай сістэмай пісьма (тапонімы перадаюцца на картах у адпаведнасці з нацыянальнай формай напісання кожнай з дзяржаў) і на тапонімы сумежных краін з афіцыйна прынятай кірылічнай сістэмай пісьма (назвы тапонімаў перадаюцца ў адпаведнасці з сістэмамі лацінізацыі геаграфічных назваў гэтых дзяржаў).
Пры выбары вялікіх ці малых літар, злучнага ці асобнага напісання, напісання праз злучок захоўваецца адпаведнае беларускае напісанне.
У паказніках геаграфічныя назвы размяшчаюцца ў адпаведнасці з паслядоўнасцю асноўных літар беларускай нацыянальнай лацінкі: a, b, c, č, d, е, f, h, i, j, k, l, m, n, o, p, r, s, š, t, u, v, z, ž, y.
Дыякрытычныя знакі
[правіць | правіць зыходнік]Апроч звычайных літар лацінскага алфавіта выкарыстоўваюцца лацінскія літары з трыма рознымі дыякрытычнымі знакамі:
Правілы транслітарацыі
[правіць | правіць зыходнік]У адпаведнасці з Інструкцыяй былі зацверджаныя наступныя правілы транслітарацыі:
Літара кірыліцы | Літара лацініцы | Прыклад ужывання |
А а | A а | Аршанскі — Aršanski |
Б б | B b | Бешанковічы — Biešankovičy |
В в | V v | Віцебск — Viciebsk |
Г г | H h | Гомель — Homieĺ, Гаўя — Наŭjа |
Д д | D d | Добруш — Dobruš |
Е е | Je je[* 1] | Ельск — Jеĺsk, Бабаедава — Babajedava |
ie[* 2] | Лепель — Liepieĺ | |
Ё ё | Jo jo[* 1] | Ёды — Jody, Вераб’ёвічы — Vierabjovičy |
io[* 2] | Мёры — Miory | |
Ж ж | Ž ž | Жодзішкі — Žodziški |
З з | Z z | Зэльва — Zeĺva |
І і | I i | Іванава — Ivanava, Іўе — Iŭje |
Й й | J j | Лагойск — Lahojsk |
К к | K k | Круглае — Kruhlaje |
Л л | L l | Любань — Liubań |
М м | M m | Магілёў — Mahilioŭ |
Н н | N n | Нясвіж — Niasviž |
О о | O o | Орша — Orša |
П п | P p | Паставы — Pastavy |
Р р | R r | Рагачоў — Rahačoŭ |
С с | S s | Светлагорск — Svietlahorsk |
Т т | T t | Талачын — Talačyn |
У у | U u | Узда — Uzda |
Ў ў | Ǔ ŭ | Шаркаўшчына — Šarkaŭščyna |
Ф ф | F f | Фаніпаль — Fanipaĺ |
Х х | Ch ch | Хоцімск — Chocimsk |
Ц ц | C c | Цёмны Лес — Ciomny Lies |
Ч ч | Č č | Чавусы — Čavusy |
Ш ш | Š š | Шуміліна — Šumilina |
’ (апостраф) | не перадаецца | Раз’езд — Razjezd |
Ы ы | Y y | Чыгірынка — Čyhirynka |
Ь ь | адсутнічае | Чэрвень — Červień |
Э э | E e | Чачэрск — Čačersk |
Ю ю | Ju ju[* 1] | Юхнаўка — Juchnaŭka, Гаюціна — Hajucina |
iu[* 2] | Любонічы — Liuboničy | |
Я я | Ja ja[* 1] | Ямнае — Jamnaje, Баяры — Bajary |
ia[* 2] | Вязынка — Viazynka, Валяр’яны — Valiarjany |
Заўвагі:
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першая рэдакцыя Інструкцыі па транслітарацыі беларускіх геаграфічных назваў афіцыйна зацверджаная ў 2000 годзе, але пра гэта шырока не паведамлялася. У кастрычніку 2006 года ў Таліне на канферэнцыі экспертаў ААН па тапаніміцы было прынятае рашэнне, што беларускія тапонімы ў лацінскім шрыфце будуць захоўваць асаблівасці беларускай арфаэпіі. Пры гэтым галоўны спецыяліст сектара картаграфіі Беларускага дзяржаўнага камітэта па маёмасці Наталля Аўраменка паведаміла, што інструкцыя па транслітарацыі стваралася на падставе беларускай лацінкі, якая была распрацаваная Браніславам Тарашкевічам[6], хоць беларускай лацінкай у поўным сэнсе яна не з’яўляецца, бо ёсць выключна сістэмай транслітарацыі. У 2013 годзе Інструкцыя была зацверджаная Працоўнай групай ААН па геаграфічных назвах (United Nations Group of Experts on Geographical Names) у якасці сістэмы транслітарацыі геаграфічных назваў Беларусі[7].
Змены і дапаўненні
[правіць | правіць зыходнік]У 2006 і 2007 гадах у фармулёўку Пастановы і спосаб транслітарацыі ўносіліся змены, асноўныя з якіх палягалі ў перадачы літары «ў» як «ŭ» замест «ú», і спалучэнняў літар «дзь», «зь», «ль», «нь», «сь», «ць» як «dź», «ź», «ĺ», «ń», «ś», «ć» адпаведна замест ранейшых спалучэнняў «dz'», «z'», «l'», «n'», «s'», «c'»; перастаў выкарыстоўвацца апостраф.
Выкарыстанне
[правіць | правіць зыходнік]Вонкавыя выявы | |
---|---|
Схема ліній Мінскага метрапалітэна, прадубляваная паводле Інструкцыі | |
Схема ліній | |
Станцыі па адной лініі |
Адной з першай карт, якія былі выдадзеныя з выкарыстаннем правіл транслітарацыі паводле Інструкцыі, была турыстычная карта Беларусі, выдадзеная ў 2005 годзе Камітэтам па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі. Назвы геаграфічных месцаў у ёй прыводзіліся ў адпаведнасці з рэдакцыяй Інструкцыі, якая дзейнічала на той час: «Barysaú», «Červien´» «Mar´ina Horka».[8]
Праз некалькі гадоў рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам «Белгеадэзія» былі выдадзены новыя карты, назвы ў якіх адпавядалі дзейнай выпраўленай рэдакцыі Інструкцыі. Прыблізна ў той самы час у цэнтры Мінска з’явіліся ўказальнікі на гістарычныя раёны горада і станцыі метро, назвы на якіх былі перададзеныя ў адпаведнасці з Інструкцыяй па транслітарацыі.
У жніўні 2009 года кампанія Google у сваім сэрвісе карт Google Maps адкрыла магчымасць рэдагавання карты Беларусі, праз некаторы час з’явілася магчымасць дадаваць напісанне паводле Інструкцыі.
Пашырэнне выкарыстання Інструкцыі адбылося перад Чэмпіянатам свету па хакеі з шайбай 2014 у Мінску. Пасля чэмпіянату свету пашырэнне ўжывання лацінкі ў навігацыі працягнулася. Лацінкай прадубліравана напісанне назваў станцый на схемах Мінскага метрапалітэна, турыстычныя вулічныя карты, указальнікі, шыльды з назвамі вуліц на дамах[9][10].
Спыненне выкарыстання
[правіць | правіць зыходнік]У 2020 годзе, пасля пачатку палітычнага крызісу ў Беларусі, рэжым Лукашэнкі пачаў новую хвалю русіфікацыі грамадства. У 2022 годзе прарасійскія актывісты пачалі заклікаць да забароны беларускай лацінкі і створанай на яе аснове Інструкцыі па транслітарацыі геаграфічных назваў. Высоўваліся прапановы транслітараваць беларускія геаграфічныя назвы з рускай мовы[11]. 8 снежня 2022 года Рэспубліканская рада па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі абмеркавала ўжыванне беларускай транслітарацыі, па выніках чаго было вырашана ад яе адмовіцца. У склад Рэспубліканскай рады па гістарычнай палітыцы, сярод іншых, на час пасяджэння ўваходзілі Вадзім Гігін, Ігар Марзалюк, Вячаслаў Даніловіч, Аляксандр Карлюкевіч, Анатоль Маркевіч, Андрэй Іванец, Максім Рыжанкоў, Віктар Лісковіч, Юрый Амбразевіч[12]. У дакладной запісцы за подпісам кіраўніка адміністрацыі Ігара Сергеенкі на адрас Аляксандра Лукашэнкі было адзначана, што «выкарыстанне такога напісання выклікае крытыку з боку навуковай супольнасці, патрыятычна настроеных грамадзян, грамадскіх актывістаў і блогераў», а таксама што праз лацінку адбываецца «навязванне з дапамогай лацінізацыі беларускай мовы заходніх ліберальных каштоўнасцяў і культурных традыцый»[4]. 16 снежня 2022 года Лукашэнка падпісаў даручэнне, паводле якога дзяржаўным органам было загадана спыніць выкарыстанне лацінкі[13].
24 сакавіка 2023 года Інструкцыя была канчаткова скасаваная[5]. На замену была апублікаваная новая Інструкцыя, цалкам адрозная ад беларускай лацінкі ці папярэдняй Інструкцыі па транслітарацыі. Так, літара «г» у ёй перадаецца праз «g», а літара «х» праз «h» (Grodna, Halapienichy). Тыя галосныя, якія раней перадаваліся дыякрытыкай, паводле новай Інструкцыі перадаюцца цераз дзве літары: «ж» як «zh», «ш» як «sh», літара «ў» перадаецца як «w». Мяккасць зычных ніяк не абазначаецца[14].
Адрозненні ад класічнай лацінкі
[правіць | правіць зыходнік]Спосаб транслітарацыі, які быў прапанаваны ў апошняй рэдакцыі Інструкцыі, практычна цалкам супадае з перадачай назваў класічнай лацінкай. Між імі можна вылучыць толькі два значныя разыходжанні і адно нязначнае:
- Паводле Інструкцыі, транслітарацыя назваў адбываецца з афіцыйнага варыянту іх напісання, і таму асіміляцыйная мяккасць з пэўнымі іншымі асаблівасцямі правапісу не пазначаецца, у той час як у класічнай лацінцы яна захоўваецца: Niasviž (паводле Інструкцыі) — Niaśviž (лацінкай), Ikazń (паводле Інструкцыі) — Ikaźń (лацінкай). Напісанне лацінкай адназначна адпавядае напісанню тарашкевіцай, а напісанне геаграфічных назваў паводле Інструкцыі адназначна адпавядае напісанню афіцыйным правапісам беларускай мовы.
- У лацінцы цвёрды гук [л] перадаецца літарай «Ł» («ł»), а мяккі [л’] — літарай «L» («l»). У Інструкцыі ж прапанавана для пазначэння цвёрдага гуку [л] выкарыстоўваць літару «L» («l»), а для мяккага гуку [л’] — літару «Ĺ» («ĺ»): Fanipaĺ (паводле Інструкцыі) — Fanipal (лацінкай), Lahojsk (паводле Інструкцыі) — Łahojsk (лацінкай).
- Лацінка дапускае факультатыўнае выкарыстанне літары «g», што адпавядае гуку [ґ], які рэдка выкарыстоўваецца ў беларускай мове. Ужыванне літары «g» правіламі Інструкцыі па транслітарацыі не прадугледжанае ўвогуле.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Афіцыйная назва дакумента: «Инструкция по транслитерации географических названий Республики Беларусь буквами латинского алфавита». Дакумент апублікаваны ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь (выпуск № 3, 11 студзеня 2001 года).
- ↑ REPORT ON THE CURRENT STATUS OF UNITED NATIONS ROMANIZATION SYSTEMS FOR GEOGRAPHICAL NAMES
- ↑ Resolution X/6 (2012):Romanization of Belarusian geographical names
- ↑ а б «Вывесці з ужытку». Лукашэнкаўцы вырашылі русіфікаваць і транслітарацыю геаграфічных назваў . nashaniva.com (9 студзеня 2023).
- ↑ а б Лукашысты пазбавіліся беларускай лацінкі ў транслітарацыі геаграфічных назваў . nashaniva.com (4 красавіка 2023).
- ↑ ААНаўскія мапы: ніякіх больш Byelorussia’ў // Наша Ніва, 17 кастрычніка 2006 г.
- ↑ REPORT ON THE CURRENT STATUS OF UNITED NATIONS ROMANIZATION SYSTEMS FOR GEOGRAPHICAL NAMES Compiled by the UNGEGN Working Group on Romanization Systems Version 4.0, February 2013
- ↑ Некаторыя часткі карты
- ↑ Беларуская лацінка вяртаецца на мапы(недаступная спасылка). budzma.by (29 жніўня 2012). Архівавана з першакрыніцы 16 красавіка 2017. Праверана 1 сакавіка 2017.
- ↑ За оперным театром стали вешать новые таблички с адресами (руск.). citydog.by (12 чэрвеня 2016). Архівавана з першакрыніцы 1 сакавіка 2017. Праверана 1 сакавіка 2017.
- ↑ Русіфікаваць беларускую лацінку. Прапагандысты напісалі пра гэта, але потым выдалілі пост . novychas.online (8 снежня 2022).
- ↑ Чым яшчэ займаецца Рэспубліканскі савет па гістарычнай палітыцы, які прыняў рашэнне адмовіцца ад лацінкі ў транслітарацыі геаграфічных назваў? . reform.by (9 студзеня 2023).
- ↑ Рэспубліканская рада гістарычнай палітыкі парэкамэндавала скасаваць трансьлітарацыю геаграфічных назваў на аснове лацінкі (бел. (тар.)). svaboda.org (9 студзеня 2022).
- ↑ Пастанова Дзяржаўнага камітэта па маёмасці 24 сакавіка 2023 г. № 19 .
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Інструкцыя па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіта (станам на 1 верасня 2013) (руск.)
- Постановление Государственного комитета по земельным ресурсам, геодезии и картографии Республики Беларусь от 23 ноября 2000 г. № 15 «Об утверждении Инструкции по транслитерации географических названий Республики Беларусь буквами латинского алфавита» (руск.)
- 8/16668 (18.06.2007) О внесении изменений и дополнений в Инструкцию по транслитерации географических названий Республики Беларусь буквами латинского алфавита Архівавана 24 верасня 2015. (руск.)
- Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь. Нарматыўны даведнік [у 6-ці тамах]. Мн.: Тэхналогія, 2003—2010. Выданне ўлічвае змены, прадыктаваныя прыняццем Інструкцыі па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіту
- Канвертар з кірыліцы на лацінку (абраць афіцыйную транслітарацыю)