Нойбергскі дагавор

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Нойбергскі дагавор (ням.: Neuberger Teilungsvertrag; 9 верасня 1379) — дагавор, які быў заключаны паміж аўстрыйскімі герцагамі Альбрэхтам III і Леапольдам III і прадугледжваў падзел паміж імі ўладанняў Габсбургаў. Пагадненне было падпісана 9 верасня 1379 г. у горадзе Нойберг-ан-дэр-Мюрц, у Штырыі.

У адпаведнасці з Нойбергскім дагаворам Альбрэхт III атрымліваў уласна герцагства Аўстрыю разам са штырыйскімі ленамі ў Верхняй Аўстрыі (даліна Энса, Штайр, Зальцкамергут), а Леапольд III станавіўся кіраўніком астатніх частак габсбургскай манархіі: Штырыі, Карынтыі, Крайны, Істрыі, Ціроля і Пярэдняй Аўстрыі. Дагавор супярэчыў пастановам папярэдніх аўстрыйскіх кіраўнікоў Альбрэхта II і Рудольфа IV, якія забаранялі падзел уладанняў Габсбургаў.

Нойбергскі дагавор падзяліў Аўстрыйскую манархію паміж Альбертынскай і Леапальдзінскай лініямі габсбургскага дому і адзначыў пачатак працяглага перыяду раздробненасці ў Аўстрыі. Адзінства дзяржавы была адноўлена толькі ў 1490 г.