Пярэдняя Аўстрыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пярэдняя Аўстрыя ў 1780 годзе

Пярэдняя Аўстрыя (ням.: Vorderösterreich) — зборная назва для групы ўладанняў аўстрыйскай дынастыі Габсбургаў, размешчаных у паўднёва-заходняй частцы Германіі (галоўным чынам, у Швабіі, Эльзасе і Форарльбергу). У 1805 годзе гэтыя зямлі былі падзелены паміж саюзнікамі Напалеона каралеўствамі Баварыяй і Вюртэмберг і Вялікім Герцагствам Бадэн.

Першапачаткова ядро ўладанняў Габсбургаў знаходзілася ў паўночнай Швейцарыі (Ааргау). У XIII стагоддзі Габсбургам удалося далучыць тэрыторыю Брэйсгау ў паўднёва-заходняй Швабіі, Зундгау ў Эльзасе, а ў 1301 годзе Бургау паміж Аўгсбургам і Ульмам. З узыходжаннем Габсбургаў на прастол Аўстрыі ў 1278 годзе цэнтр манархіі перамясціўся на ўсход. Неўзабаве пасля бітваў пры Моргартэне ў 1315 годзе і Земпаху ў 1386  годзе былі страчаны швейцарскія ўладанні, якія атрымалі незалежнасць і ўтварылі Швейцарскі саюз. Гэта ператварыла Пярэднюю Аўстрыю ў далёкую перыферыю габсбургскай дзяржавы.

Тым не менш далучэнне зямель у гэтым рэгіёне не спынілася: у 1386 годзе пад уладу Габсбургаў патрапіў Фрайбург, затым Ортэнау ніжэй па Рэйне, у 1381 годзе было набыта графства Гогенберг у цэнтральнай Швабіі, у 1548 годзе — горад Канстанц.

Памежны камень у Швейцарыі з гербам Пярэдняй Аўстрыі

У 1648 годзе паводле Вестфальскага міру аўстрыйскія ўладанні ў Эльзасе (Зундгау) і крэпасць Брэйзах былі перададзены Францыі.

У XVIII стагоддзі было далучана графства Тэтнанг на ўсходзе Бодэнскага возера. Да канца стагоддзя колькасць насельніцтва Пярэдняй Аўстрыі ўзрасла да 400 тысяч чалавек.

У адміністрацыйным плане Пярэдняя Аўстрыя звычайна аб'ядноўвалася з Ціролем пад кіраваннем адзіных органаў дзяржаўнай улады. Граф Цірольскі з роду Габсбургаў з'яўляўся рэгентам Пярэдняй Аўстрыі.

Пасля пачатку войнаў з рэвалюцыйнай Францыяй і перамог Напалеона Пярэдняя Аўстрыя была акупавана войскамі французаў і іх саюзнікаў. У 1802 годзе Габсбургі былі вымушаны саступіць Фрыкталь Швейцарыі. Крах Аўстрыйскай імперыі ў бітве пад Аўстэрліцам у 1805 годзе вызначыў лёс Пярэдняй Аўстрыі: паводле Прэсбургскага міру аўстрыйскія ўладанні ў паўднёва-заходняй Германіі былі падзелены паміж саюзнікамі Напалеона Баварыяй, Бадэнам, Вюртэмбергам і Гесэнам-Дармштатам. У якасці кампенсацыі Габсбургі атрымалі Зальцбург.

Венскі кангрэс 1815 года пацвердзіў у дачыненні да Пярэдняй Аўстрыі ўмовы Прэсбургскага дагавора. Многія гарады былой Пярэдняй Аўстрыі адмаўляліся змяняць свае аўстрыйскія гербы на новыя. У Гюнцбургу і Цыметсгаўзене гэта ўдалося толькі пасля прыходу баварскай арміі.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]