Ноч музеяў

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Ноч музеяў — міжнародная акцыя, прымеркаваная да Міжнароднага дня музеяў, падчас якой можна агледзець музейныя экспазіцыі ноччу. У гэтую ноч многія музеі адкрыты для наведвальнікаў пасля заходу сонца і амаль да раніцы. Асноўная мэта акцыі — паказаць рэсурс, магчымасці, патэнцыял сучасных музеяў, прыцягнуць у музеі моладзь.

Упершыню «Ноч музеяў» была праведзена ў Берліне ў 1997 г.

Апісанне свята[правіць | правіць зыходнік]

18 мая ва ўсім свеце адзначаюць Міжнародны дзень музеяў. Гэты дзень святкуецца з 1977 года, калі XI генеральная канферэнцыя ICOM (International Council of Museums — Міжнародны савет музеяў), якая праходзіла ў Маскве і Ленінградзе, прыняла рашэнне па прапанове савецкай дэлегацыі аб усталяванні штогадовага прафесійнага свята. Напярэдадні гэтага дня ў многіх краінах свету праходзіць міжнародная акцыя «Ноч музеяў», асноўная мэта якой — папулярызаваць мастацтва, паказаць рэсурс, магчымасці, патэнцыял сучасных музеяў, прыцягнуць увагу моладзі[1].

Гэта не проста паказ гістарычных, археалагічных або жывапісных калекцый, часам адмыслова падрыхтаваных для музейнай ночы, але гэта і своеасаблівая тэатральная, забаўляльная і культурная дзея. Выключныя эфекты, уласцівыя начному асвятленню, надаюць новае аблічча добра вядомым зборам музеяў, ператвараючы іх агляд у займальнае і захапляльнае дзеянне.

Ноч музеяў — гэта ўнікальная магчымасць па-новаму зірнуць на музейную справу, зазірнуць у выставачныя залы ў незвычайны час, адсачыць актуальныя тэндэнцыі ў мастацтве, дакрануцца да помнікаў гісторыі і культуры.

Адкрытасць для гледачоў — асноўны дэвіз «музейнай ночы» усяго свету. Таму ў шматлікіх музеях захавальнікі скарбаў адкрываюць свае засекі і дазваляюць зірнуць на музейныя каштоўнасці, якіх няма ў экспазіцыйных залах.

Акрамя традыцыйных экспазіцый і выстаў, яны да таго ж у большасці імкнуцца падрыхтаваць да фестывалю спецыяльную праграму: аўтарскія экскурсіі, лекцыі, майстар-класы, гістарычныя рэканструкцыі, інсталяцыі, кінапаказы, арт-праекты, канцэрты класічнай і джазавай музыкі, тэатралізаваныя шоу, квэсты і многае іншае, чаго не ўбачыць у музеях у звычайныя дні.

Гісторыя свята[правіць | правіць зыходнік]

Ідэя свята ўзнікла яшчэ ў 1970-х гг., калі ў Еўропе ў майскія дні музеі традыцыйна адчынялі дзверы для бясплатнага наведвання, а часам, калі наведвальнікі не паспявалі агледзець экспазіцыю, нават працягвалі час працы[2].

У 1997 г. у Берліне прайшла першая афіцыйная акцыя, якая ўвайшла ў гісторыю як «Доўгая ноч музеяў» (Lange Nacht der Museen). Адміністрацыя горада Берліна вырашыла ў той дзень дазволіць бясплатны агляд музеяў з іх экскурсійным абслугоўваннем. Ідэя мела вялікі поспех і ўжо ў наступным годзе да акцыі далучыліся яшчэ 20 гарадоў Германіі.

У 1999 годзе Міністэрства культуры Францыі прапанавала музеям сваёй краіны адчыняцца бясплатна для наведвальнікаў у адну з вясновых нядзеляў — мерапрыемства атрымала назву «Вясна музеяў». Сучасную назву штогадовая акцыя атрымала ў 2005 г .: французы прапанавалі ідэю аб штогадовым правядзенні Міжнароднай музейна-выставачнай, культурна-адукацыйнай акцыі «Ноч музеяў» і ў тым жа годзе на гэтую ідэю адгукнуліся музеі з 47 краін, якія падпісалі канвенцыю Савета Еўропы. «Ноч музеяў» праходзіць пры падтрымцы Міжнароднага савета музеяў (ICOM), пад патранажам Савета Еўропы. Збірае і распаўсюджвае інфармацыю аб Ночы ў розных гарадах Дырэкцыя музеяў Францыі. На сайце еўрапейскай Ночы выдатна сфармулявана задача з’явіўшагася праекта: "акцыя была накіравана на прыцягненне наведвальнікаў, якія пражываюць паблізу, для якіх музей «так блізка і далёка».

Свята імкліва заваявала папулярнасць ва ўсіх галоўных еўрапейскіх сталіцах. Пазней акцыям пачалі задаваць тэматыку, а акрамя асноўных мерапрыемстваў таксама арганізоўвалі кірмашы, тэатралізаваныя паказы, маскарады і канцэрты.

У першы год у «Ночы музеяў» бралі ўдзел 750 музеяў Францыі і 500 музеяў з іншых краін Еўропы. У 2007 годзе музеяў стала больш за 1900, а колькасць наведвальнікаў дасягнула 1,3 млн. У 2009 годзе ў акцыі бралі ўдзел ужо 2300 музеяў Еўропы. Мерапрыемствы адрозніваліся па маштабе: некаторыя з іх былі масавыя, а некаторыя прызначаныя для 20-30 чалавек, запісвацца на якія трэба было загадзя. А ў 2017 годзе мерапрыемства падтрымала ЮНЕСКА: у музейную ноч усе жадаючыя маглі наведаць штаб-кватэру арганізацыі ў Парыжы.

Рэкамендаваны фармат агульнаеўрапейскай акцыі прадугледжвае бясплатны ўваход і працу да 01.00. Гэты фармат ні ў якім разе не з’яўляецца абавязковым, музеі самі вызначаюць час працы і цану квіткоў, так што ў кожным горадзе атрымліваецца свая «Ноч музеяў» з уласнымі традыцыямі і ўмовамі працы.

У Расіі першым паслядоўнікам французскага прыкладу стаў Краснаярскі музейны цэнтр, які ў 2002 годзе, з нагоды свайго 15-гадовага юбілею, прапанаваў наведаць музей ноччу.

У 2006 годзе Цэнтральны Дзяржаўны музей Казахстана ўпершыню правёў акцыю «Ноч у музеі».

Масква далучылася да сусветнай тэндэнцыі ў 2007 годзе, калі ў фестывалі ўзялі ўдзел некалькі дзясяткаў дзяржаўных і прыватных галерэй. З кожным годам папулярнасць акцыі ў маскоўскіх музеях расце, і ў 2011 годзе свае дзверы адкрылі ўжо каля 200 прыватных і дзяржаўных музеяў, галерэй, тэатраў і культурных ўстаноў, якія прынялі больш за 500 тысяч наведвальнікаў. Традыцыйна «Ноч музеяў» у Маскве праходзіць у трэція выходныя мая.

У 2008 годзе да міжнароднай акцыі далучыліся музеі Санкт-Пецярбурга.

Ноч музеяў у Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

Удзельнікам агульнаеўрапейскай культурнай акцыі Беларусь стала ў 2005 годзе, мерапрыемства не стала разавым і трывала ўмацавалася ў нацыянальным культурным календары.

Ініцыятарамі акцыі ў краіне сталі музеі Мінска, у прыватнасці Нацыянальны мастацкі музей, які ў першую ноч акцыі ў 2005 г. наведала больш за 2000 чалавек, што паказала значную цікавасць да мерапрыемства з боку музейнай аўдыторыі. Пры гэтым з кожным годам колькасць жадаючых паўдзельнічаць у музейным свяце расце: 2007 год — 5 тыс., 2008 — больш за 6 тыс., 2009 года — каля 8 тыс. чалавек. Гэтыя дадзеныя сведчаць і аб папулярнасці сярод наведвальнікаў такіх формаў дзейнасці музеяў і пра перспектывы развіцця іх у будучыні. Зараз ночы музеяў праводзяць не толькі сталічныя, але і рэгіянальныя краязнаўчыя музеі[3].

У 2013 годзе больш за 100 музеяў Беларусі далучыліся да еўрапейскай акцыі, прысвечанай святкаванню дня музеяў і ночы музеяў. Калектыў кожнага з музеяў падрыхтаваў сваю арыгінальную праграму, якая адпавядала міжнароднаму дэвізу «Музей, памяць і крэатыў — сацыяльныя змены». У актыўную працу ўключыліся не толькі сталічныя музеі, але і рэгіянальныя[4].

Так, напрыклад Археалагічны музей «Бярэсце» (Валынскае ўмацаванне Брэсцкай крэпасці) і музей гісторыі Брэста ў 2013 годзе адкрывалі музейную ноч прэзентацыяй выстаўкі «Артэфакт Бярэсця», інтэрактыўнымі экспазіцыіямі «рублі сякерай» і «Займальная археалогія». Завершылася свята ў музеі гісторыі горада Брэста інтэрактыўнай экскурсіяй «Габрэйскі Брэст», майстар-класам па сярэднявечным танцам і вогненным шоў.

Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей у тым жа годзе падрыхтаваў праграму «Усходняя ноч у Новым замку». У праграме былі базар ўсходніх тавараў, праца чайнага дома «Чайкоффский», гісторыка-музычная праграма «Подых Усходу» з удзелам школы ўсходніх танцаў, клуба кунг-фу «Іліцюань», Лігі спартыўных мастацтваў.

Нацыянальны мастацкі музей у тым жа годзе прапанаваў убачыць «Беларускую ноч, або Музей у фантастычных апавяданнях». Гэтая была ноч незвычайная і без традыцыйных этнаграфічных элементаў: музей ператвараўся ў дом Шляхціца Завальні, у залах якога маглі знайсці прытулак і ласкава падзяліцца сваімі апавяданнямі шматлікія "вандроўнікі". У рамках гэтай акцыі праходзіў праект «картопля-АРТ» — летняе кафэ, дзе можна было паспрабаваць незвычайныя беларускія «прысмакі». Таксама было магчыма ўбачыць партрэты князёў Вялікага княства Літоўскага, прывезеныя з Львова і Луцка. Як распавялі арганізатары, наведвальнікі маглі бясплатна наведаць «Беларускую ноч», прыйшоўшы ў незвычайных абутку ці акулярах. Ўсіх наведвальнікаў чакалі сюрпрызы[5].

Таксама важна адзначыць, што ў беларускім сегменце інтэрнэту з 2017 года дзейнічае сайт, прысвечаны Ночы музеяў, на якім можна пачытаць пра гісторыю гэтага мерапрыемства, а таксама даведацца аб праграмах і асаблівасцях яго правядзення ў розных музеях Беларусі[6].

Зноскі