Міжнародны савет музеяў

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Міжнародны савет музеяў
ІКОМ
Адміністрацыйны цэнтр Парыж, Францыя
Тып арганізацыі грамадская арганізацыя
Заснаванне
Дата заснавання 1946
Узнагароды
Ordem do Mérito Cultural
icom.museum
Commons-logo.svg Міжнародны савет музеяў на Вікісховішчы

Міжнародны савет музеяў, ІКОМ (англ.: International Council of Museums, ICOM) — міжнародная неўрадавая арганізацыя. Створана ў 1946 г., мае кансультатыўны статус катэгорыя «А» пры Арганізаці Аб’яднаных Нацый па пытаннях Адукацыі, Навукі і Культуры (ЮНЕСКА).

Згодна Статуту 1989 г., мэтамі савета з’яўляюцца:

  • арганізацыя супрацоўніцтва і ўзаемадапамогі паміж музеямі і прафесійнымі работнікамі музеяў розных краін;
  • прадстаўленне і абарона інтарэсаў усіх прафесіяналаў музейнай справы;
  • развіццё і распаўсюджванне ведаў у галіне музеялогіі і іншых дысцыплін, звязаных з дзейнасцю музеяў;
  • прапаганда важнасці ролі музеяў і музейных супрацоўнікаў ва ўмацаванні сяброўства і ўзаемапаразумення паміж народамі.

Сяброўства ў савеце можа быць індывідуальным (для фізічных асоб) і калектыўным (для арганізацый). Асобам альбо ўстановам, якія дапамагаюць і спрыяюць рабоце савета, прысвайваецца статус дабрачынных сябраў, а асобам, якія аказалі выключныя паслугі савету і развіццю музейнай справы ў міжнародным маштабе, надаецца званне ганаровага сябра. Акрамя Статута, сябры савета кіруюцца ў сваёй дзейнасці Кодэксам прафесійнай этыкі, прынятым на XV Генеральнай асамблеі ў Буэнас-Айрэсе (Аргенціна, 1986).

Структура ІКОМ[правіць | правіць зыходнік]

Арганізацыйны падмурак Міжнароднага савета музеяў на 2018 год утвараюць 119 нацыянальных камітэтаў, якія забяспечваюць у сваіх краінах яго праграму, і 30 міжнародных музейна-галіновых камітэтаў, у якіх сумесна працуюць прадстаўнікі розных дзяржаў.

Міжнародныя камітэты распрацоўваюць праблемы функцыяніравання музеяў пэўнага профіля (камітэты па мастацкіх, прыродазнаўчых, навукова-тэхнічных, літаратурных, рэгіянальных музеях, па музеях і калекцыях археалогіі, гісторыі, этнаграфіі, нумізматыке, егіпталогіі, прыкладнога і сучаснага мастацтва, касцюма, шкла, музычных інструментаў) і якога-небудзь напрамка дзейнасці музеяў (камітэты па дакументацыі, адукацыі і выхаванню, абмену выстаўкамі, архітэктуры і музейнай тэхнікі, аўдыёвізуальных сродках і новых тэхналогіях, кансервацыі і рэстаўрацыі, пазамузейнай рабоце і сувязях з грамадскасцю, бяспецы музеяў, музеялогіі, падрыхтоўцы музейных кадраў).

Структурнай часткай савета з’яўляюцца прыраўнаваныя да міжнародных камітэтаў міжнародныя асацыяцыі (музеяў вайсковай гісторыі і зброі, сельскай гаспадаркі, транспарту, кнігі, тэатральнага мастацтва, пад адкрытым небам, краін Карыбскага басейна, па каардынацыі развіцця паўднёва-афрыканскіх музеяў, канфедэрацыя архітэктурных музеяў, кангрэс марскіх музеяў, рух за новую музеялогію), а таксама 6 (на 2018 год) рэгіянальных саюзаў (краін Азіі і Ціхага акіяна, краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна, краін Заходняй Афрыкі і інш.).

Найвышэйшы кіраўнічы ворган Міжнароднага савета музеяў — Генеральная асамблея, якая склікаецца адзін раз на тры гады альбо экстраардынарна. Чарговыя асамблеі праводзяцца ў апошнія дні работы вышэйшага рэкамендальнага воргана — Генеральнай канферэнцыі. Генеральная асамблея прыймае Статут, рэзалюцыі па розных пытаннях, праграму і бюджэт арганізацыі на тры гады, абірае Выканаўчы савет, які збіраецца тры разы на год і каардынуе работу Міжнароднага савета музеяў у перапынку паміж сесіямі Генеральна асамблеі. У якасці дарадчага воргана існуе Кансультацыйны камітэт, які складаецца з прадстаўнікоў нацыянальных і міжнародных камітэтаў, міжнародных асацыяцый і рэгіянальных агенцтваў. Бягучую працу ажыццяўляе Сакратарыят на чале з генеральным сакратаром, які працуе на кантрактнай аснове па прызначэнні Выканаўчага савета. Пры Сакратарыяце існуе Цэнтр інфармацыі па музеялогіі UNESCO-ICOM, карыстацца якім дазволена ўсім сябрам Міжнароднага савета музеяў. Асноўнымі крыніцамі існавання апошняга з’яўляюцца паступленні ад ўнёскаў сяброў, продажы выданняў, рэалізацыі спецпраектаў і праграм, субсідыі міжнародных арганізацый, ахвяраванні.

Штаб-кватэра савета знаходзіцца ў Парыжы, у якасці афіцыйных моў выкарыстоўваецца англійская і французская.

Савет выдае штоквартальны часопіс «Museum International» Архівавана 17 кастрычніка 2018. і бюлетэнь «Навіны Міжнароднага савета музеяў», нацыянальныя і міжнародныя камітэты выдаюць уласныя інфармацыйныя бюлетэні і профільныя выданні.

Удзел Рэспублікі Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

Першапачаткова беларускія музеі былі прадстаўлены ў Міжнародным савеце музеяў трыма калектыўнымі членамі (Дзяржаўны музей БССР, Дзяржаўны мастацкі музей БССР, Белдзяржмузей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны) у складзе Савецкага камітэта, утворанага ў 1957 г. З 1999 г. існуе Беларускі нацыянальны камітэт Міжнароднага савета музеяў, які ў сваёй дзейнасці кіруецца міжнародным Статутам і Кодэксам прафесійнай этыкі, а таксама нацыянальным статутам арганізацыі.

Беларускі нацыянальны камітэт рэгулярна праводзіць паседжанні, на якіх разглядаюцца праблемы нацыянальнага музейнага будаўніцтва. У перапынках паміж паседжаннямі работа каардынуецца сакратарыятам, абіраемым на тры гады. Беларускі нацыянальны камітэт выдае інфармацыйны бюлетэнь, дзе друкуе матэрыялы пра найважнешыя пытанні жыцця музеяў краіны, справаздачы беларускіх прадстаўнікоў аб ўдзеле ў міжнародным музейным супрацоўніцтве, артыкулы і рэфераты замежных спецыялістаў.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]