Олівер Голдэн

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Олівер Голдэн
Дата нараджэння 1892 ці 1887[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 1940[1]
Месца смерці
Грамадзянства
Дзеці Lily Golden[d][2]
Род дзейнасці аграном

Олівер Джон Голдэн (англ.: Oliver John Golden; 1892, Кларксдэйл, штат Місісіпі, ЗША — 1940, меркавана Ташкент, СССР) — афраамерыканскі аграном-селекцыянер. У 1931 годзе эміграваў у СССР з ЗША і стаў спецыялістам па бавоўніцтве ва Узбекістане.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Олівер Голдэн нарадзіўся ў 1892 годзе ў горадзе Кларксдэйл у штаце Місісіпі, каля 70 міль ад Мемфіса. Яго бацька Хілард Голдэн быў рабом, які пасля стаў багатым землеўладальнікам у Місісіпі. Жонка Хіларда Голдэна і маці Олівера — Кэтрын Голдэн. Як і яго бацька, Голдэн у юнацтве збіраў бавоўну.

Голдэн паступіў ва Універсітэт Таскігі[en] у штаце Алабама. З XIX стагоддзя там вучыліся дзеці былых рабоў. Адным з яго выкладчыкаў быў вядомы батанік і вынаходнік Джордж Вашынгтан Карвер, які стаў настаўнікам Голдэна. Калі пачалася Першая Сусветная вайна, Голдэна прызвалі ў армію, і ён не паспеў скончыць вучобу ў Таскігі[3].

Юнацтва[правіць | правіць зыходнік]

Пасля вяртання з фронту Голдэн працаваў парцье, у 1925 годзе ўступіў у Камуністычную партыю ЗША, мяркуючы што камунізм — самы лепшы шлях да расавай роўнасці[4]. У 1924 Голдэн з жонкай Джэйн Уілсан ездзіў у Савецкую Расію па запрашэнні сябра, які займаў высокую пасаду ў Камінтэрне. У Маскве Голдэн атрымаў адукацыю ў Камуністычным універсітэце працоўных Усходу  (руск.). У 1924 годзе Уілсан моцна захварэла і памерла. З-за яе смерці Голдэн запаў у дэпрэсію і так і не змог з ёй справіцца. Яго выхадзіла медсястра Ганна. Яны палюбілі адзін аднаго, і ў 1927 годзе ў іх нарадзіўся сын Алава, які пазней стаў вядомым балетным танцорам і харэографам[5].

У 1928 годзе, атрымаўшы дыплом, Голдэн вярнуўся ў ЗША і пачаў працаваць у Камуністычнай партыі ЗША. Голдэн актыўна ўдзельнічаў у камуністычным руху. У 1928 годзе ў паліцэйскім участку пасля разгону вулічнага мітынгу Голден сустрэў сваю другую жонку Лію Ісаакаўна Бялік[6]. Бялік была з яўрэйскай сям’і, якая эмігравала з Польшчы. Яе сям’я не ўхваляла іх раман, тым не менш пара вырашыла ажаніцца (міжрасавыя шлюбы  (руск.) былі ўзаконеныя ў ЗША толькі ў 1967 годзе)[6].

Жыццё ў СССР[правіць | правіць зыходнік]

У 1930 годзе 50 амерыканскіх кампаній накіравалі каля 2000 амерыканскіх інжынераў у СССР, каб дапамагчы з перабудовай інфраструктуры. Голдэн хацеў паехаць з імі, але даведаўся, што кампаніі, якія адпраўлялі інжынераў у СССР, вырашылі не пасылаць ніводнага афраамерыканца. З дапамогай свайго настаўніка Карвера для паездкі ў СССР Голдэн арганізаваў каманду аграномаў, якая складалася з афраамерыканцаў. Голдэн з камандай падпісалі з Амторгам  (укр.) кантракт на тры гады і пагадзіліся кансультаваць і дапамагаць сялянам у СССР. У 1931 Голдэн з Бялік і некалькімі навукоўцамі паехалі ў Ленінград, а потым ва Узбекістан. Іх было 16 чалавек[4].

Было некалькі прычын, па якіх каманда хацела працаваць менавіта ва Узбекістане. Напрыклад, група лічыла, што узбекі — каляровы народ і таму хацела дапамагчы менавіта ім. Больш за тое, ва Узбекістане культывавалі бавоўну. Група добра ведала баваўняную справа, да таго ж выпускнік Інстытута Таскігі працягваў карыстацца парадамі прафесара Карвера. З дапамогай гэтай групы, Узбекістан стаў вядучай краінай у свеце па вытворчасці бавоўны[7].

На тым этапе савецкай гісторыі савецкія ўлады актыўна запрашалі на працу афраамерыканцаў, каб паказаць свету заганы капіталізму (такія як расізм) і цноты савецкай роўнасці[4]. Больш за тое, у СССР афраамерыканцы маглі атрымліваць больш высокую зарплату, чым у ЗША, дзе Вялікая дэпрэсія і расізм абумовілі мізэрную аплату працы. Прафесар Джой Глісан Кэр’ю, аўтарка кнігі «Чорныя, чырвоныя і рускія: Замежнікі ў пошуках лепшай савецкай долі», кажа пра гэты момант у гісторыі, што «краіна, якая заяўляла аб будаўніцтве грамадства без расізму, прыцягвала ў 1920-х і студэнтаў-палітолагаў, да якіх ставіліся з такой гасціннасцю, якога яны ніколі не сустрэлі б у ЗША. Проста дзіўна, як гэтыя людзі згаджаліся пакінуць свае дамы, адмаўляліся ад сваёй мовы, культуры дзеля таго, што, як яны лічылі, зробіць іх жыццё лепшым»[8].

Савецкія ўлады хацелі не толькі карыстацца паслугамі афраамерыканскіх прафесіяналаў, яны таксама імкнуліся паказаць свету сваю перавагу з дапамогай турызму, каб тыя, хто наведваў краіну, маглі распавесці сваім блізкім пра Савецкі Саюз. У 1932 годзе ў СССР прыехала група афраамерыканцаў, каб зняць дакументальны фільм «Чорныя і белыя» аб становішчы этнічных меншасцяў у СССР і Амерыцы. Турысты ездзілі ва Узбекістан і наведвалі Голдэна. Сярод гэтых турыстаў быў Лэнгстан Х’юз, адзін з вядучых пісьменнікаў культурнага руху «Гарлемскі Рэнесанс  (руск.)». Фільм ніколі не быў зняты, але Х’юз падарожнічаў шмат па краіне і напісаў пра сваю паездку і пра наведванне Голдэна[9][4].

Група спецыялістаў, арганізаваная Голдэнам, паўплывала не толькі на культурнае, але і на навуковае жыццё. У вёсцы, дзе яны жылі, была створана эксперыментальная сельскагаспадарчая доследная станцыя. Там вырошчвалі бавоўну, цукровыя буракі і арахіс. Голдэн выступаў з лекцыямі пра бавоўніцтва[4]. Групе ўдалося вывесці новы хуткаспелы сорт бавоўны і іншыя віды раслін, якія было танней культываваць, што стымулявала эканоміку краіны[3][10].

У 1934 годзе ў Голдэна і Бялік нарадзілася дачка Лія  (руск.). У гэтым жа годзе скончыўся кантракт групы. Перад аграномамі стаяў выбар: або падоўжыць кантракт і адмовіцца ад амерыканскага грамадзянства, або пакінуць СССР. У адрозненне ад большасці, Голдэн з Бялік вырашылі застацца ў СССР, бо спадзяваліся, што ў Савецкім Саюзе іх дачка не будзе сутыкацца з расізмам і зможа атрымаць добрую адукацыю[6]. Голдэн працягнуў кантракт і пераехаў з сям’ёй у Ташкент. Там ён быў абраны ў гарадскі савет[5].

Голдэн памёр у 1940 годзе з-за праблем з ныркамі і сэрцам[11].

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

  • Першая жонка — Джэйн Уілсан (пам. 1924).
  • Грамадзянская жонка — Ганна, медыцынская сястра з Удмуртыі.
    • Сын — Олава Джонавіч Голдэн (1927—2014) — савецкі балетны танцор і харэограф.
      • Унук — Юрый Олававіч Мяльніцкі (нар. 1962) — расійскі рэжысёр тэатра.
  • Другая жонка (1928—1940) — Лія Ісакаўна Бялік — выкладчыца, перакладчыца.

Зноскі

  1. а б в г BlackPast.org — 2004.
  2. http://afroeurope.blogspot.com/2011/02/lily-golden-russian-african-american.html
  3. а б «Черные Агрономы. Как Дед Елены Ханги Создавал Хлопковую Зависимость Туркестана.» Фергана. Ру, http://www.fergananews.com//articles/10118 Архіўная копія на Wayback Machine. Accessed 8 Sept. 2018.
  4. а б в г д The Unknown Exodus: U.s. Blacks In Ussr — Tribunedigital-Chicagotribune. http://articles.chicagotribune.com/1990-06-22/features/9002200646_1_yelena-khanga-lily-golden-army-colonel Архіўная копія на Wayback Machine. Accessed 8 Sept. 2018.
  5. а б «Golden, Oliver (1887—1940)» https://blackpast.org/gah/golden-oliver-1887-1940 Архівавана 6 снежня 2018.
  6. а б в «Family Ties.» Tribunedigital-Chicagotribune, http://articles.chicagotribune.com/1992-11-01/features/9204080855_1_yelena-khanga-lily-golden-oliver-golden Архівавана 2 кастрычніка 2015.. Accessed 8 Sept. 2018.
  7. «Российско-американские сюжеты.» https://alliruk.livejournal.com/296651.html Архіўная копія на Wayback Machine
  8. Карл Шрек."Черный Сталин из Кремля" Радио Свобода. 11 Апрель 2016.https://www.svoboda.org/a/27667216.html
  9. Carl Schrek. «Meet Yosif Stalin, The Soviet-Born Black American From Kremlin, Virginia.» Radio Free Europe. 08 April 2016. https://www.rferl.org/a/soviet-union-yosif-stalin-black-american-kremlin-virginia/27663044.html Архівавана 28 сакавіка 2019.
  10. Ann M. Simons. «In Russia, early African American migrants found the good life.» LA Times. 19 November 2014. https://www.latimes.com/world/la-fg-c1-black-russian-americans-20141119-story.html Архівавана 3 лютага 2019.
  11. Steven J. Niven. «Black in the USSR: 3 Generations of a Russian Family.» 13 December 2013.https://www.theroot.com/black-in-the-ussr-3-generations-of-a-russian-family-1790862051

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ханга, Елена. Про Все — Vagrius, 2001—256 c — ISBN 978-5-264-00558-9
  • Carew, Joy Gleason. Blacks, Reds, and Russians : Sojourners in Search of the Soviet Promise-- New Brunswick, N.J. : Rutgers University Press, 2008—273c. — ISBN 978-0-8135-4306-2
  • Ханга, Елена. Soul to soul: A Black Russian Jewish Woman’s Search for Her Roots (Душа в душу: Чернокожая русская еврейка в поисках своих корней: История чёрной русско-американской семьи. 1865—1992) — W. W. Norton & Company, 1992—317с. — ISBN 978-0-393-31155-6
  • Голден Джон Оливер // Иванян Э. А. Энциклопедия российско-американских отношений. XVIII—XX века. — Москва: Международные отношения, 2001. — 696 с. — ISBN 5-7133-1045-0.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]