Нацыянальная меншасць

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Нацыянальныя меншасці — нацыянальныя супольнасці ў поліэтнічных дзяржавах, якія складаюць адносную меншасць насельніцтва ў параўнанні з асноўнай нацыянальнасцю краіны. Да іх звычайна адносяцца групы людзей, што пастаянна жывуць на тэрыторыі пэўнай дзяржавы, маюць яе грамадзянства, але адрозніваюцца сваім этнічным паходжаннем, матэрыяльнай і духоўнай культурай, самасвядомасцю, мовай, рэлігіяй, ментальнасцю. Нацыянальныя меншасці існуюць ва ўсіх шматэтнічных краінах свету. Іх асноўныя правы і свабоды забяспечваюцца адпаведнымі дзяржаўнымі законамі, міжнароднымі канвенцыямі і дэкларацыямі. У прынятай ААН у 1992 «Дэкларацыі правоў асоб, што належаць да нацыянальных ці этнічных, рэлігійных і моўных меншасцей» абвешчаны іх правы на бесперашкоднае развіццё сваёй культуры, мовы і рэлігіі, стварэнне ўласных аб'яднанняў і таварыстваў, а таксама магчымасць карыстацца ўсімі грамадзянскімі свабодамі без ніякай дыскрымінацыі і абмежавання. Закон «Аб нацыянальных меншасцях у Рэспубліцы Беларусь», прыняты ў 1992, гарантуе свабоднае развіццё культур, моў (моўныя правы), традыцый усіх этнічных супольнасцей у Беларусі, садзейнічае гарманізацыі міжнацыянальных адносін, дазваляе ствараць нацыянальныя грамадскія арганізацыі і культурна-асветныя ўстановы.

У Беларусі прадстаўнікі нацыянальных меншасцей упершыню з'явіліся ў сярэднявеччы (пераважна ў 14-16 ст.), што было абумоўлена геапалітычным становішчам беларускіх зямель на скрыжаванні шляхоў паміж Польшчай і Расіяй, Украінай і Літвой, міграцыйнымі працэсамі, войнамі, міжэтнічнымі кантактамі і г.д. Паводле перапісу 1989 у БССР пражывалі прадстаўнікі каля 100 нацыянальных меншасцей, у т.л. 1342 тыс. рускіх (13,2%), 418 тыс. палякаў (4,1%), 291 тыс. украінцаў (2,9%), 111,9 тыс. яўрэяў (1,1%); жывуць таксама татары, літоўцы, латышы, немцы, цыганы і інш. Усе разам яны складаюць звыш 20% насельніцтва Беларусі. У канцы 1980-х г. узніклі першыя культурна-асветніцкія таварыствы нацыянальных меншасцей. Зарэгістраваныя згуртаванні маюць палякі, яўрэі, рускія, украінцы, татары, літоўцы, немцы, армяне, азербайджанцы і карэйцы. У чэрвені 1994 годзе ў Мінску заснаваны Цэнтр нацыянальных культур Беларусі.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Міждзяржаўныя арганізацыі
Міжнародныя НГА
Каталогі