Павел Русланавіч Мазько

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Павел Русланавіч Мазько
Род дзейнасці мадэльер, палітычны вязень
Дата нараджэння 21 кастрычніка 2002(2002-10-21) (21 год)
Грамадзянства

Павел Русланавіч Мазько (нар. 21 кастрычніка 2002) — палітычны зняволены, абвінавачаны і асуджаны падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе па Брэсцкай справе.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Да затрымання Павел займаўся дызайнам адзення, а таксама валанцёрскай дзейнасцю, падтрымліваў людзей з інваліднасцю і дзяцей у дзіцячых дамах.

Палітычны пераслед[правіць | правіць зыходнік]

Са студзеня 2021 Мазько знаходзіўся на волі пад падпіскай аб нявыездзе па крымінальнай справе паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («Удзел у масавых беспарадках») за падзеі ў жніўні 2020 года ў Брэсце, 23 сакавіка 2021 ён пайшоў на допыт, дзе быў затрыманы, мера стрымання была зменена на ўтрыманне пад вартай.

29 сакавіка 2021 года сумеснаю заяваю беларускіх праваабарончых арганізацыяў, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі камітэт і Беларускі ПЭН-цэнтр, Мазько разам з іншымі быў прызнаны палітычным зняволеным. У заяве адзначаецца, што «дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 Крымінальнага кодэкса, і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам»[1].

Судовы працэс над Мазько і іншымі затрыманымі пачаўся 28 ліпеня 2021 ў Ленінскім судзе Брэста, справу разглядаў суддзя Аляксандр Семянчук. На той момант па гэтай справе ўжо былі асуджаны чатыры партыі арыштаваных, агулам 46 чалавек атрымалі тэрмінаў на больш чым 170 гадоў абмежавання волі. Гэтым разам пачыналі судзіць 13 чалавек, але на працягу разгляду справы (амаль тры месяцы) да абвінавачанных далучылі яшчэ некалькі чалавек (некаторых мужчын перамясцілі з іншых партый праз хваробу, таксама ў гэты працэс уключылі затрыманых падчас перасячэння мяжы з Літвой Руслана Волкава і Глеба Раманава), у выніку іх агульная колькасць дасягнула 19 чалавек[2][3].

Падчас судовага працэса, 14 верасня 2021, сімвалічнай хроснай Паўла Мазько стала дэпутатка верхняй палаты парламента Ірландыі Кэтрын Ардаг  (англ.), якая з гэтай нагоды адзначыла: «Абуральна, што гэты малады чалавек, які вядомы сваім валанцёрствам у падтрымку людзей з інваліднасцю, трапіў у турму па палітычных матывах»[4][5]/.

19 кастрычніка 2021 дзяржабвінавачванне ў асобах пракурораў Фёдара Ляшка і Андрэя Манько агучыла свае патрабаванні па пакаранням для ўдзельнікаў працэсу, для Мазько пракуроры запыталі тры з паловай гады ва ўмовах агульнага рэжыму, што было найменьшым з запатрабаванных тэрмінаў для гэтай партыі падсудных (таксама тры з падовай гады пракуроры запатрабавалі для яшчэ сямі падсудных, але ўжо ва ўмовах калоніі ўзмоцненага рэжыму)[3]. Менавіта гэты тэрмін і быў прызначаны Мазько суддзёю Семянчуком 8 лістапада, усе 19 палітвязняў, што праходзілі ў гэтай партыі, былі прызнаны вінаватымі[6].

Да суда Павел знаходзіўся пад вартай у СІЗА-7, дзе быў пастаўлены на ўлік, як «схільны да экстрэмізму», а 19 студзеня 2022 быў этапаваны ў папраўчую калонію № 1 у Наваполацку.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]