Падпал Рэйхстага

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Пажар Рэйхстага

Падпал Рэйхстага (ням.: Reichstagsbrand) адбыўся 27 лютага 1933 года і адыграў важную ролю ва ўмацаванні ўлады нацыстаў у Германіі.

Перадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

30 студзеня 1933 года прэзідэнт Веймарскай рэспублікі Паўль фон Гіндэнбург прызначыў Гітлера на пасаду главы новага кааліцыйнага ўрада — рэйхсканцлера. Апроч яго ў новы ўрад увайшлі толькі двое членаў яго партыі — Вільгельм Фрык у якасці рэйхсміністра ўнутраных спраў і Герман Герынг у якасці міністра без партфеля (які пры гэтым курыраваў Міністэрства ўнутраных спраў найбуйнейшай зямлі Германіі — Прусіі).

Ужо праз два дні, 1 лютага, Гітлер у якасці канцлера папрасіў Гіндэнбурга распусціць Рэйхстаг (у якім у НСДАП на той момант было толькі 32 % месцаў) і прызначыць новыя выбары, разлічваючы дамагчыся на іх большасці для НСДАП. Гіндэнбург здаволіў просьбу, Рэйхстаг быў распушчаны, новыя выбары былі прызначаны на 5 сакавіка 1933 года.

Пажар[правіць | правіць зыходнік]

27 лютага ў 22 гадзіны берлінскія пажарнікі атрымалі паведамленне, што будынак Рэйхстага гарыць. Нягледзячы на ўсе высілкі пажарнікаў, будынак быў абхоплена агнём. Толькі ў 23:30 пажар быў патушаны, а ў падпаленым будынку быў затрыманы галандзец Марынус ван дэр Любэ, былы незалежны камуніст. На месца прыбылі Гітлер, Гебельс, віцэ-канцлер Франц фон Папен і прынц Генрых Гюнтэр. Там іх сустрэў Герман Герынг, які ўзначальваў паліцыю Прусіі і адначасова быў старшынёй рэйхстага. Гітлер заявіў, што падпал рэйхстага здзейснілі камуністы, і гэта быў сігнал для пачатку камуністычнага перавароту.

У 1960-х гадах часопіс Spiegel правёў уласнае расследаванне і прыйшоў да высновы, што падпал Рэйхстага сапраўды быў справай рук піраманьяка-адзіночкі ван дэр Любэ[1]. Аднак некаторыя гісторыкі лічаць даказаным, што адначасова з ван дэр Любэ ў будынак па падземным тунэлі пракраўся атрад штурмавікоў на чале з Карлам Эрнстам, якія разлілі ў будынку бензін і падпалілі яго[1][2].

Паводле версіі Уільяма Шырэра, пра задуму ван дэр Любэ нацысты выпадкова даведаліся загадзя (ван дэр Любэ хваліўся сваімі планамі ў бары), і менавіта таму змаглі выкарыстаць яго як ахвярнага казла[2].

У 2008 годзе ван дэр Любэ быў амніставаны на падставе закона аб несправядлівых судовых прысудах нацысцкіх судоў, які набыў сілу ў 1998 годзе[3].

Наступствы[правіць | правіць зыходнік]

Акно, праз якое, як лічыцца, ван дэр Любэ пракраўся ў будынак

28 лютага быў апублікаваны надзвычайны указ рэйхспрэзідэнта «Аб абароне народа і дзяржавы», які адмяняў свабоду асобы, сходаў, саюзаў, слова, друку і абмежаваў тайну перапіскі і недатыкальнасць прыватнай уласнасці. Была забаронена Камуністычная партыя Германіі. На працягу некалькіх дзён былі арыштаваны каля чатырох тысяч камуністаў і мноства лідараў ліберальных і сацыял-дэмакратычных груповак[4], в том числе депутаты Рэйхстага[2]. Закрыццё апазіцыйных газет (камуністычная «Ротэ Фанэ» была закрытая яшчэ да падпалу) дало магчымасць паспяхова давесці да канца выбарчую кампанію.

Нягледзячы на гэта, па выніках выбараў у Рэйхстаг, якія адбыліся 5 сакавіка 1933 года, нацыянал-сацыялісты зноў не атрымалі абсалютнай большасці — ім дасталася толькі 288 мандатаў з 647. Тады па прапанове гітлераўскага рэйхсміністра ўнутраных спраў Вільгельма Фрыка быў ануляваны 81 мандат, які па выніках выбараў павінен быў дастацца камуністам. Таксама ў Рэйхстаг не быў дапушчаны шэраг абраных дэпутатаў ад СДПГ.[5]

Гэтыя меры ў спалучэнні з дамоўленасцямі, дасягнутымі з дэпутатамі ад шэрагу правых партый, дазволілі гітлераўцам 24 сакавіка 1933 гады правесці праз Рэйхстаг т.з. «Закон у мэтах ліквідацыі бедстваў народа і дзяржавы» (законапраект падтрымаў 441 дэпутат Рэйхстага, толькі 84 сацыял-дэмакратычныя дэпутаты галасавалі супраць[2]). Гэтым актам імперскаму ўраду падавалася права выдання дзяржаўных законаў, у тым ліку такіх, якія «могуць адхіляцца ад імперскай канстытуцыі»[6]. Першапачаткова было ўсталявана, што закон будзе дзейнічаць 4 года, але ў далейшым яго дзеянне падаўжалася, і ён заставаўся ў сіле да самага канца кіравання Гітлера. Дыктатура Гітлера такім чынам атрымлівала заканадаўчае афармленне.

Адначасова ішоў працэс захопу нацыстамі ўлады на месцах. Нацыянал-сацыялісты ладзілі паўсюль маніфестацыі так званага «народнага гневу». Нацысцкія дэманстранты, большай часткай штурмавікі ці партыйныя актывісты, выстройваліся перад ратушамі і ўрадавымі будынкамі, патрабавалі падняць сцяг са свастыкай і пагражалі блакадай ці штурмам будынкаў. У сваю чаргу, рэйхсміністр унутраных спраў, нацыст Фрык скарыстаўся гэтам як падставай, каб умяшацца, спасылаючыся на дэкрэт пра надзвычайнае становішча. Ён здымаў зямельны ўрад і прызначаў камісара, як правіла, гаўляйтара НСДАП, у кампетэнцыі якога знаходзілася адпаведная зямля, ці іншага кіруючага нацыянал-сацыяліста, а таксама ў якасці ўпаўнаважаных — паліцайпрэзідэнтаў (начальнікаў паліцыі).[7].

Неўзабаве ўсе палітычныя партыі Германіі, акрамя НСДАП, былі або разагнаны, або заявілі пра самароспуск. 14 ліпеня 1933 года быў выдадзены т.з. «Закон супраць утварэння новых партый», які абвяшчаў НСДАП адзінай партыяй краіны і ўводзіў крымінальную адказнасць за спробу стварэння ці падтрымання існавання іншых партыйных аб'яднанняў.

Лейпцыгскі працэс[правіць | правіць зыходнік]

Непасрэдна ў падпале рэйхстага былі абвінавачаны пяць чалавек: ван дэр Любэ, лідар парламенцкай фракцыі кампартыі Германіі Эрнст Торглер і тры балгарскія камуністы — Георгій Дзімітраў, Васіл Танеў і Благой Попаў[8]. Суд праходзіў у верасні-снежні 1933 года ў Лейпцыгу. Працэс шырока асвятляўся ў прэсе і трансляваўся па радыё. (Тым часам у савецка-германскіх адносінах разгарнуўся так званы «журналісцкі канфлікт», прычынай якога паслужыла ў тым ліку адмова ў акрэдытацыі савецкіх журналістаў на Лейпцыгскі працэс. Савецкі ўрад прыняў рашэнне адклікаць савецкіх журналістаў з Германіі і выслаць германскіх журналістаў з СССР на працягу трох дзён, што было беспрэцэндэнтнай мерай у дыпламатычнай практыцы. Германія адступіла назад і 4 лістапада 1933 г. савецкія журналісты ўпершыню прысутнічалі на пасяджэнні суда ў Лейпцыгу.)[9]

Падчас працэсу Ван дэр Любэ казаў, што ў Рэйхстагу «былі і іншыя».[10] Торглер пазбягаў рэзкіх выказванняў супраць нацыстаў. Танеў і Попаў практычна не ведалі нямецкай мовы. Аднак Дзімітраў, як апынулася, добра валодаў нямецкай мовай і ператварыў суд у абвінаваўчы працэс супраць нацыстаў[8][11]. Георгія Дзімітрава 36 разоў пазбаўлялі слова, 5 разоў выганялі з залы суда. З-за няўдалага ходу працэсу яго радыётрансляцыя была спынена.

З пяці абвінавачваных сваю віну прызнаў толькі Ван дэр Любэ. Торглеру ўдалося на судзе даказаць сваё алібі — ён падчас пажару знаходзіўся ў рэстаране. Дзімітраў, Танеў і Попаў таксама мелі алібі — яны даказалі, што падчас пажару наогул знаходзіліся не ў Берліне, а ў Мюнхене.

Суд прызнаў вінаватым Ван дэр Любэ і вынес яму смяротны прысуд. Неўзабаве Ван дэр Любэ быў абезгалоўлены. Астатнія абвінавачваныя былі апраўданы, аднак урад пакінуў іх у турме. Пасля таго, як СССР падаў тром балгарам савецкае грамадзянства, яны былі высланы ў Маскву. Торглер быў пераведзены ў канцлагер[8], але ў 1934 годзе даў абяцанне больш не займацца палітыкай і ў 1935 годзе быў вызвалены. Яго выключылі з кампартыі Германіі[12].

У Лондане антыфашысты арганізавалі паралельны антыпрацэс, на якім абвінавацілі ў падпале рэйхстага саміх нацыстаў. Камітэт пры ўдзеле брытанскіх, французскіх, амерыканскіх, бельгійскіх і швейцарскіх грамадскіх дзеячаў, які вёў расследаванне, прыйшоў да высновы, што ў змове з Ван дэр Любэ быў сам міністр унутраных спраў і старшыня Рэйхстага Герман Герынг. У выдадзенай асобнай ініцыятыўнай групай, Камітэтам дапамогі ахвярам германскага фашызму, «Карычневай кнізе» ў падпале Рэйхстага таксама вінаваціліся нацысты, і падчас Лейпцыгскага працэсу пракурор стараўся абвергнуць асобныя сцвярджэнні з гэтай кнігі[8].

Вынікам Лейпцыгскага працэсу была перадача палітычных спраў з рук звычайных судоў у рукі спецыяльна створанай Народнай судовай палаты. Адкрытыя палітычныя працэсы больш не праводзіліся. Многія праціўнікі нацыстаў, у тым ліку і лідар нямецкіх камуністаў Эрнст Тэльман, утрымліваліся ў турме без суда і пазней былі пакараны смерцю без суда[12].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. 1,0 1,1 Paterson, T. Historians find 'proof' that Nazis burnt Reichstag. The Daily Telegraph (15 апреля 2001). Архівавана з першакрыніцы 23 жніўня 2011. Праверана 19 чэрвеня 2010.
  2. 2,0 2,1 2,2 2,3 Ширер, Уильям. 7. Фашизация Германии:1933—1934 годы. // Взлёт и падение Третьего рейха = The Rise and Fall of the Third Reich — М.: Воениздат, 1991. — Т. 1. — 653 с.
  3. У Германіі амніставаны падпальшчык Рэйхстага
  4. У першыя дні пасля пажару было арыштавана каля 11500 кіруючых дзеячаў і членаў КПГ і СДПГ [1].
  5. Выбары ў рэйхстаг 5 сакавіка 1933 г. Прыняцце закона аб надзвычайных паўнамоцтвах
  6. Заканадаўства фашысцкай Германіі
  7. Гітлер у 1933: Хроніка захопу ўлады
  8. 8,0 8,1 8,2 8,3 Деларю, Ж. 1. Рождение гестапо, 1933—1934 годы. // История гестапо = Histoire de la Gestapo — Смоленск: Русич, 1998. — 480 с. — ISBN 5-88590-775-7.
  9. С. В. Еремин. ДИПЛОМАТИЯ И ПРЕССА: ОПЫТ ВЗАИМОДЕЙСТВИЯ (НА ПРИМЕРЕ СОВЕТСКО-ГЕРМАНСКИХ ОТНОШЕНИЙ В 1933—1934-е ГОДЫ)
  10. Гісторыя Гестапа)
  11. Лейпцигский процесс 1933 — артыкул з Вялікай савецкай энцыклапедыі (3-е выданне)
  12. 12,0 12,1 Kinghoffer, Arthur Jay, & Kinghoffer, Judith Apter. V. Aftermath. // International citizens' tribunals: Mobilizing public opinion to advance human rights — NY: Palgrave, 2002. — С. 47—48. — 256 с. — ISBN 0-312-29387-9.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]