Пажары ў Магілёве

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Пажары ў Магілёве.

Да XIX стагоддзя[правіць | правіць зыходнік]

7 чэрвеня 1581 года, у ходзе Лівонскай вайны, Магілёў, які ўваходзіў у склад Вялікага Княства Літоўскага, падвергнуўся аблозе і быў разбураны, частка дамоў спалена[1].

«Налівайка ў Магілёве». 1989. А. Панамарэнка. Магілёўскі абласны краязнаўчы музей

13 снежня 1595 года ўкраінскія казакі-паўстанцы Севярына Налівайкі штурмам узялі Магілёў і на працягу двух тыдняў рабавалі і палілі горад. Згарэла больш за 500 жылых дамоў, каля 400 гандлёвых лавак і 7 цэркваў[1].

У 1626 годзе пажар знішчыў ўмацаванні Блізкага вала. Разам з цэнтральнай часткай горада меркавана згарэла і Мікольская царква[2].

У 1663 згарэў замак. У 1664 годзе пажар знішчыў усе драўляныя пабудовы замка, а ўжо праз год зімой у горадзе зноў здарыўся пажар.

8 верасня 1708 года падчас Паўночнай вайны (1700—1721) войскі Пятра I, праз некалькі тыдняў пасля ладнага рабавання Магілёва войскамі шведскага караля Карла XII, што стаялі тут каля 2-х месяцаў, 8 верасня спалілі квітнеючы і багаты гандлёва-купецка-рамесны горад. Тады згарэла ўся правабярэжная (разам з цэнтрам) частка горада. Драўлянае Лупалава ацалела. Яго жыхары своечасова скралі і схавалі ўсе чаўны і іншыя «пераправачныя сродкі». Згарэлі 1700 дамоў і ўсе цэрквы і касцёлы. Ацалеў толькі Траецкі пасад.

У 1748 годзе ў Магілёве здарыўся вялікі пажар, якім знішчаны Богаяўленская і Спаская цэрквы.

У 1778 годзе асноўная маса драўляных пабудоў, якія размяшчаліся на тэрыторыі Магілёўскага замка, згарэла падчас пажару[1].

XIX стагоддзе[правіць | правіць зыходнік]

У 1810 годзе зафіксаваны пажар у цэнтры горада. Згарэла Богаяўленская царква і Станіславаўскі касцёл.

У 1847 годзе адбыўся пажар у цэнтры горада. Згарэла паштовая кантора, пасля чаго яна стала размяшчацца ў прыватным доме. Згарэў сад Станіслаўскага касцёла — больш за 80 дрэў.

У 1870 згарэў экзерцырхаўз.

XX стагоддзе[правіць | правіць зыходнік]

6 чэрвеня 1910 года ў адзін дзень на Лупалава згарэла 700 дамоў і 2 царквы, а таксама загінула каля 20 чалавек, у тым ліку і пажарныя[3]. Гэта быў самы вялікі пажар за ўсю гісторыю Магілёва[4]. Між іншага агонь знішчыў і самы лепшы гарадскі бардэль, вынесены ўладамі горада далей ад цэнтральных вуліц[5]. Гэта трагедыя стала вядомая ў большасці краін свету. На горад абрынулася найвялікшая бяда — пажар знішчыў каласальную колькасць будынкаў: 6 (19) чэрвеня ў Лупалава згарэла 624 жылых дома і 2 царквы, а 7 (20) чэрвеня яшчэ 3 цагляных і 73 драўляных дамы. Страты склалі 2 мільёны 290 тысяч рублёў. Цэлыя вуліцы ператварыліся ў попел, сотні людзей сталі жабракамі. Гарадскіх рэсурсаў для аказання дапамогі не хапала, бо ў 1910 годзе даход г. Магілёва склаў 439.552 руб. 02 кап. Каб ліквідаваць усе страты, неабходна было б на працягу пяці гадоў ўвесь гарадскі даход вылучаць на аказанне дапамогі ахвярам пажару. Але ж гораду трэба было несці і іншыя выдаткі. Вестка пра гэта няшчасце абляцела ўвесь свет. У камітэт дапамогі пацярпелым паступалі даволі вялікія ахвяраванні з Нью-Ёрка, Парыжа, Мельбурна, нават з Весьягонска. Усё гэта дапамагло паступова забудаваць спустошаныя частцы горада новымі дамамі з забеспячэннем правілаў пажарнай бяспекі: больш шырокімі вуліцамі і г. д. Безумоўна, садзейнічала прыцягненню дапамогі і яўрэйская салідарнасць, бо многія пагарэльцы былі яўрэйскай нацыянальнасці[6].

Увесну і ўлетку 1913 гады ў Магілёве адбылося ўсяго 4 пажары, якія знішчылі 734 дома. Дзве трагедыі адбыліся з-за «благога ўладкавання печаў і труб», дзве — па неасцярожнасці. Увосень пажараў не было, магчыма, таму, што амаль не было чаму гарэць[6].

XXI стагоддзе[правіць | правіць зыходнік]

25 кастрычніка 2017 на тэрыторыі былога рэгенератарнага завода ў Магілёве загарэўся склад з шынамі. Пажар распаўсюдзіўся на тэрыторыі каля 800 квадратных метраў, а дым ад яго быў бачны ледзь не з усіх кропак горада[7].

Барацьба з пажарамі[правіць | правіць зыходнік]

25 ліпеня 1853 года ў Магілёве створана гарадская пажарная каманда. Гэты дзень лічыцца днём нараджэння магілёўскай супрацьпажарнай службы, але вядома, што арганізованыя пажарныя каманды існавалі ў горадзе і раней. У 1895 годзе ўтворана вольнае пажарнае таварыства.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]