Палуэ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Палуэ
індан. Palue
Востраў падчас вывяржэння вулкана ў 2013 г.
Востраў падчас вывяржэння вулкана ў 2013 г.
Характарыстыкі
Плошча40,27 км²
Насельніцтва9 497 чал.
Шчыльнасць насельніцтва235,83 чал./км²
Размяшчэнне
8°19′33,70″ пд. ш. 121°42′35,70″ у. д.HGЯO
АрхіпелагМалыя Зондскія астравы
АкваторыяФлорэс
Краіна
Палуэ (Інданезія)
Палуэ
Палуэ
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Палуэ (індан.: Palue) — вулканічны востраў у складзе архіпелага Малыя Зондскія астравы. Уваходзіць у склад інданезійскай правінцыі Усходняя Нуса-Тэнгара. Плошча — 40,27 км². Насельніцтва (2020 г.) — 9 497 чалавек.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Палуэ месціцца за 15 км ад паўночага ўзбярэжжа Флорэса. Уяўляе сабою актыўны стратавулкан, падножжа якога знаходзіцца на глыбіні каля 2500 м ніжэй за ўзровень акіяну. Вяршыня дасягае 875 м. Апошні раз вывяргаўся ў лютым 2013 г.

Клімат трапічны, большую частку года засушлівы. Вільготны сезон працягваецца з другой паловы лістапада да сакавіка. На востраве існуе нястача крыніц пітной вады.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Востраў быў адкрыты партугальскімі мараплаўцамі ў канцы 1511 г. або ў 1512 г. падчас вандроўкі з Малакі на Малукскія астравы. У XVII ст. належаў султанам Гова з Сулавесі. Відавочна, назва вострава паходзіць ад наймення традыцыйнага макасарскага капялюшыка пола, форму якога нагадвае. У пазнейшы час астравіцяне захоўвалі незалежнасць і нават займаліся пірацтвам у моры Флорэс.

У 1906 г. быў падпарадкаваны раджамі Сікі. Прадстаўнік раджаў меў пасаду капітана, займаўся зборам падаткаў і арганізацыяй бязвыплатнай працы. З 1907 г. Палуэ ўваходзіў у склад Галандскай Ост-Індыі. Спроба каланіяльных чыноўнікаў наладзіць здабычу падземнай пітной вады была перарвана вывяржэннем вулкана ў 1928 г. У 1938 г. была адчынена сталая каталіцкая місія.

З 1945 г. Палуэ ў складзе незалежнай Інданезіі.

У выніку вывяржэння 2013 г. загінула 6 чалавек, аднак астравіцяне адмовіліся эвакуявацца на Флорэс.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Карэнныя насельнікі Палуэ складаюць асобную этнічную групу Nua Lu’a, якая размаўзляе на мове аўстранезійскага паходжання. Яны лічаць, што іх продкі з Вялікіх Зондскіх астравоў, адкуль перасяліліся на Палуэ праз суседні востраў Флорэс. Астравіцяне жывуць у 40 вёсках nata, кожная з якіх мае ад 30 да 400 жыхароў. Вылучаюцца асобныя 12 валоданняў tana з галоўнай вёскай-цэнтрам. Такія вёскі звычайна ўзведзены на вяршыні пагорка, умацаваны, хаціны ў іх узводзяцца вакол цэнтральнай пляцоўкі. Традыцыйныя жытлы ўяўляюць сабою чатырохкутныя пабудовы на п́алях з востраканечным дахам.

Асноўныя заняткі тубыльцаў — сельская гаспадарка і рыбалоўства, аднак з-за высокай шчыльнасці насельніцтва, недахопу зямлі і пітной вады, яны накіраваны толькі на ўнутранае спажыванне. У мінулым Nua Lu’a будавалі на продаж лодкі, займаліся пірацтвам. У нашы дні развіта адыходніцтва, калі мужчыны пераязджаюць на паўночнае ўзбярэжжа Флорэса для рыбалоўства або найму на працу. Грамадства стратыфікавана. Вышэйшы сацыяльны статус маюць высакародныя сем'і, іх чальцоў прынята называць «бацькамі». Ніжэйшыя ступені займаюць сем'і «дзяцей» і былых рабоў. У некаторых выпадках, калі тая ці іншая «дзіцячая» сям'я падвышае статус дзякуючы шлюбам з высакароднымі, яна завецца «матчынай». У мінулым межы tana не былі ясна вызначанымі, паміж іх прадстаўнікамі часта ўспыхвалі ваенныя канфлікты.

Хаця большасць вернікаў спавядае каталіцызм, захоўваюцца многія старажытныя міфы, рытуалы і вераванні, у тым ліку культ продкаў, ахвярапрынашэнне буйвалаў, вера ў чарадзеяў hata nutu.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]