Палітыка Кубы
Дзяржаўны лад
[правіць | правіць зыходнік]Дзеючая Канстытуцыя Кубы была ўхваленая ўсенародным рэферэндумам 15 лютага 1976 і ўступіла ў сілу 24 лютага 1976. У чэрвені 2002 у тэкст Канстытуцыі быў занесены шэраг паправак, якія замацавалі сацыялістычны выбар развіцця краіны і кіруючую ролю Кампартыі.
Вышэйшы орган дзяржаўнай улады — Нацыянальная Асамблея, якая складаецца з 609 дэпутатаў, абіраных на 5 гадоў. З ліку яе дэпутатаў фармуецца Дзяржаўны Савет (31 дэп.) — стала дзеючы орган, які прадстаўляе Асамблею ў перапынку паміж сесіямі (праводзяцца два разы на год). Дзяржаўны Савет падсправаздачны Нацыянальнай Асамблеі. Нацыянальная Асамблея прызначае членаў Савета Міністраў — вышэйшага выканаўчага і адміністрацыйнага органа.
У адпаведнасці з Канстытуцыяй (арт. 101) у мірны час з мэтай кіравання краінай ва ўмовах падрыхтоўкі да вайны, вайны, усеагульнай мабілізацыі або надзвычайнага становішча на сталай аснове дзейнічае Савет нацыянальнай абароны пад кіраўніцтвам главы дзяржавы. У Савет уваходзяць, апроч старшыні, яшчэ 6 членаў — кіраўнікі Нацыянальнай Асамблеі, Міністэрства Рэвалюцыйных узброеных сіл, МУС, МЗС, а таксама сакратар Выканкама Саўміна і генпракурор.
У 2003 адбыліся выбары ў Нацыянальную Асамблею чарговага, 6-га склікання. На яе першай сесіі главой дзяржавы — Старшынёй Дзяржаўнага Савета, Савета нацыянальнай абароны і Савета Міністраў — быў абраны шосты раз запар Фідэль Кастра Рус (находзіцца на гэтым пасту нязменна з 1976); старшынёй Нацыянальнай асамблеі — у трэці раз Рыкарда Аларкон дэ Кесада.
Мясцовыя органы дзяржаўнай улады — правінцыйныя і муніцыпальныя асамблеі, першыя з якіх абіраюцца дэлегатамі муніцыпальных асамблей, а другія — грамадзянамі, якія дасягнулі 16 гадоў. Тэрмін паўнамоцтваў дэлегатаў правінцыйных асамблей — 5 гадоў, муніцыпальных — 2,5 гады.
У судовую сістэму ўваходзяць выбарныя Вярхоўны Народны Суд, правінцыйныя і муніцыпальныя суды. На чале органаў пракуратуры генеральны пракурор, абіраны Нацыянальнай Асамблеяй, які, у сваю чаргу, прызначае пракурораў.
Палітычныя і грамадскія арганізацыі: Камуністычная партыя — 840 тыс. чал., Саюз маладых камуністаў — больш 456 тыс., Прафсаюзны цэнтр працоўных — каля 3,8 млн, Камітэты абароны рэвалюцыі — больш 8 млн, Федэрацыя кубінскіх жанчын — 3,6 млн.
Унутрыпалітычная сітуацыя
[правіць | правіць зыходнік]На Кубе захоўваецца сістэма, якая абапіраецца на адміністрацыйна-камандныя метады кіравання, партыйныя і сілавыя структуры. На V з’ездзе кампартыі (кастрычнік 1997) быў пацверджаны цяперашні курс — «забеспячэнне выжывання рэвалюцыі» і працяг будаўніцтва «сацыялізму з кубінскай спецыфікай».
У выніку пагаршэння стану здароўя 31 ліпеня 2006 Ф. Кастра звярнуўся да кубінскага народа з заявай аб тым, што часова перадае абавязкі і паўнамоцтвы Першага сакратара ЦК Кампартыі Кубы, а таксама Старшыні Дзяржаўнага Савета і Савета Міністраў свайму брату Раўлю Кастра, што прадугледжана кубінскім заканадаўствам. У студзені 2008 Фідэль Кастра зноў абраны дэпутатам Нацыянальнай асамблеі, але 19 лютага 2008 заявіў, што не пагадзіцца зноў заняць пасады Старшыні Дзяржсавета і Савета нацыянальнай абароны пры новым фарміраванні гэтых органаў улады. У 2013 годзе Рауль Кастра заявіў, што сыйдзе на пенсію ў 2018 годзе. У лістападзе 2016 памёр Фідэль Кастра.
Знешняя палітыка
[правіць | правіць зыходнік]Стратэгічнай мэтай Гаваны застаецца нейтралізацыя лініі Вашынгтона на міжнародную ізаляцыю Кубы, пераадоленне эканамічнага эмбарга з боку ЗША і інтэграцыя ў сусветную гаспадарку праз развіццё супрацоўніцтва «па ўсіх азімутах». Прыкметных поспехаў кубінская дыпламатыя дабілася ў развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва са краінамі Еўрапейскага Саюза, Канадай, Кітаем, збліжэнні з дзяржавамі Лацінскай Амерыкі, першым чынам, Венесуэлай.
Беларуска-кубінскія адносіны
[правіць | правіць зыходнік]Дыпламатычныя дачыненні ўрады ўстанавілі 16 красавіка 1992 года. У 2000 годзе на Кубу прыязджаў Аляксандр Лукашэнка[1].
У верасні 2006 праведзены візіт у Рэспубліку Куба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі для ўдзелу ў XIV саміце Руху недалучэння. У ходзе Саміту адбылася двухбаковая сустрэча А. Р. Лукашэнкі з выконваючым абавязкі Старшыні Дзяржаўнага Савета і Савета Міністраў Рэспублікі Куба Раулем Кастра.
20-24 красавіка 2006 г. ажыццёўлены афіцыйны візіт у Рэспубліку Куба урадавай дэлегацыі Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Прэм’ер-міністра Сідорскага С.С. Галоўнымі вынікамі візіту сталі сустрэча С. С. Сідорскага са Старшынёй Дзяржаўнага Савета і Савета Міністраў Рэспублікі Куба Фідэлем Кастра, а таксама замацаванне стратэгічнага партнёрства Беларусі з Кубай і дасягненне дамоўленасцей аб паглыбленні супрацоўніцтва ва ўсіх сферах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць, перш за ўсё, у гандлёва-эканамічнай.
У лютым 2011 года Беларусь наведаў з афіцыйным візітам Міністр замежных спраў Кубы Бруна Радрыгес Парылья. У ходзе візіту адбыліся сустрэчы з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка, міністрам замежных спраў, Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
24-25 чэрвеня 2012 года адбыўся афіцыйны візіт на Кубу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка, падчас якога адбыліся сустрэчы беларускага прэзідэнта і высокапастаўленых членаў урадавай дэлегацыі са Старшынёй Дзяржаўнага Савета і Савета Міністраў Кубы Раулем Кастра, яго першым намеснікам Хасэ Рамонам Мачадо Вентура, а таксама намеснікам Старшыні Савета Міністраў Рыкарда Кабрысасам і міністрам замежных спраў Бруна Радрыгесам Парылья.
Зноскі
- ↑ Аб 10-годдзі ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Кубай// Сайт Міністэрства замежных спраў Беларусі. 15 красавіка 2002