Перайсці да зместу

Палітыка Канады

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Парламенцкі ўзгорак

Канада — федэратыўная, дэ-юрэ парламенцкая канстытуцыйная манархія. Глава дзяржавы — каралева Вялікабрытаніі, прадстаўленая генерал-губернатарам. Фактычная ўлада належыць парламенту і ўраду на чале з прэм'ер-міністрам. Канада — прававая дэмакратычная дзяржава, прытрымліваецца ўмеранай эгалітарнай ідэалогіі. Адметнай рысай канадскай палітычнай культуры з'яўляецца сацыяльны ўхіл. Канада ўваходзіць у склад Садружнасці нацый. Ролю канстытуцыі выконваюць Закон аб канстытуцыі 1982 года, палажэнні Акта аб Брытанскай Паўночнай Амерыцы (1867), а таксамы нормы звычаёвага права. Адміністрацыйна Канада падзяляецца на дзесяць правінцый і тры тэрыторыі, якія маюць свае парламенты і ўрады і карыстаюцца значнай самастойнасцю.

Частка Брытанскай кароны

[правіць | правіць зыходнік]

Кіраўнік дзяржавы — брытанскі манарх, прадстаўлены генерал-губернатарам (у правінцыях — намеснікамі губернатара), якога фармальна прызначае манарх, а фактычна — прэм'ер-міністр Канады. Губернатар — з 2 кастрычніка 2017 г. — Жулі Пает (Julie Payette) — падпарадкоўваецца рашэнням Тайнай рады, у склад якой пажыццёва ўваходзяць асобы, прызначаныя губернатарам па прапанове прэм'ер-міністра Канады (у тым ліку ўсе былыя міністры, старшыня Вярхоўнага суда, прэм'еры правінцый, спікеры палаты абшчын і сената). Тайная рада не збіраецца ў поўным складзе, а рашэнні ад яе імя прымае ўрад Канады. Губернатар ад імя брытанскага манарха падпісвае ўсе законы, прынятыя парламентам.

Заканадаўчая ўлада належыць двухпалатнаму федэральнаму парламенту, што складаецца з сената і палаты абшчын. У сенаце 104 члены, якіх прызначае губернатар на нявызначаны тэрмін (да дасягнення 75 гадовага ўзросту); кожную правінцыю прадстаўляе вызначаная колькасць сенатараў. Палата абшчын складаецца з 295 дэпутатаў, якія выбіраюцца ў правінцыях на 5 гадоў. У Канадзе барацьбу за ўладу вядуць дзве найбуйнейшыя палітычныя партыі, абедзве адносна цэнтрысцкія: левацэнтрысцкая Ліберальная партыя Канады (партыя Трудо, з 2015 фарміруе ўрад) і правацэнтрысцкая Кансерватыўная партыя Канады (з 2015 у апазіцыі). Іншыя партыі, прадстаўленыя ў парламенце: левая Новая дэмакратычная партыя, Квебецкі блок і Партыя зялёных Канады. Ні лева- ні праварадыкалы папулярнасцю сярод канадцаў ніколі не карысталіся.

Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм'ер-міністрам (з 2015 — Джасцін Трудо), якога прызначае губернатар. Варта адзначыць, што каб пазбегнуць палітычнага крызісу, губернатар заўсёды спыняе свой выбар на лідары палітычнай партыі, што мае бальшыню ў палаце абшчын. Кіраўнік другой найбуйнейшай партыі становіцца "лідарам афіцыйнай апазіцыі" (англ. the Leader of Her Majesty's Loyal Opposition), што заклікана кантраляваць дзейнасць урадавай партыі.

Знешняя палітыка

[правіць | правіць зыходнік]
Жасцін Трудо і прэм'ер Індыі Нарэндра Модзі, 23.02 2018

Канада праводзіць міралюбівую знешнюю палітыку, накіраваную на мірнае суіснаванне і ўзаемную павагу з усімі іншымі краінамі. Канада паслядоўна адстойвае дэматратычныя каштоўнасці і па ўсіх міжнародных справах — нават калі ёй пагражаюць эканамічныя страты — займае прынцыповую пазіцыю. За прапанову падчас Суэцкага крызісу 1957 года стварыць Міратворчыя сіл ААН і ключавую ролю ў іх арганізацыі, будучы канадскі прэм'ер Лестэр Пірсан атрымаў Нобелеўскую прэмію міру (1957). У ХХІ стагоддзі Канада праз членства ў міжнародных арганізацыях працягвае актыўную міратворчую дзейнасць і аказанне шырокай гуманітарнай дапамогі па ўсім свеце.

Канада была сярод краін-заснавальніц ААН. Сёння яна ўваходзіць у Вялікую сямёрку і Вялікую 20, Арганізацыю эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР). Канада імкнецца пашырыць сувязі з лацінаамерыканскімі і карыбскімі партнёрамі праз удзел у ААД, з краінамі ціхаакіянскага кальца — праз АЦЭС. Найбліжэйшым партнёрам і сябрам Канады застаюцца ЗША, з якімі Канада мае неахоўваемую мяжу, агульную сістэму бяспекі; удзельнічае ў вучэннях і ваенных аперацыях. З еўрапейскіх нацый Канада найбольш цесна сябруе са сваімі "прашчурамі" — Францыяй і Вялікабрытаніяй, а таксама з Нідэрландамі (дзякуючы прытулку, дадзенаму галандскай манархіі падчас другой сусветнай вайны).

Беларуска-канадскія адносіны

[правіць | правіць зыходнік]

Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Канадай ўсталяваны 15 красавіка 1992 года. З красавіка 1997 года ў Атаве пачало працу Пасольства Рэспублікі Беларусь. Канадскія інтарэсы ў Беларусі прадстаўляе пасольтва Канады ў Польшчы. З 2008 года па цяперашні час дыпламатычная прысутнасць Беларусі ў Канадзе застаецца на ўзроўні часовага паверанага ў справах. У перыяд з 2006 па 2015 гады афіцыйныя кантакты паміж Беларуссю і Канадай абмяжоўваліся па ініцыятыве канадскага боку.[1]. У апошнія гады намецілася нармалізацыя двухбаковых адносін. 12 ліпеня 2017 года Канада адмяніла абмежаванні на ажыццяўленне паставак канадскіх тавараў і паслуг на рынак Беларусі. У снежні 2016 у Гамбургу на саміце АБСЕ адбылася сустрэча паміж міністрамі замежных спраў Канады (Крысця Фрыланд) і Беларусі (Уладзімір Макей), праз год яны размаўлялі ў Вене. У лютым і верасні 2018 Канаду наведаў намеснік Міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка.

Паводле звестак беларускай статыстыкі аб'ём двухбаковага гандлю паміж Беларуссю і Канадай склаў ў 2012 годзе 69,3 млн. даляраў. Агульны беларускі экспарт у Канаду павялічыўся ў параўнанні з 2011 годам на 21,5 млн. долараў. Канада ў 2012 годзе паставіла ў Беларусь тавараў на 35,3 млн. даляраў. Агульны аб'ём беларускага экспарту тавараў ў Канаду за 2017 год склаў 13,3 млн. даляраў ЗША. Гандлёвае сальда было адмоўным і склала 33,8 млн. даляраў. Асноўным артыкулам беларускага экспарту ў 2017 годзе былі азотныя ўгнаенні (42,4 %), мэбля, клееная фанера, вадкасныя помпы, шкловалакно, прылады на вадкіх крышталях, лазеры, прадукты харчавання. Канадскі імпарт у Беларусь па выніках 2017 года склаў 47,1 млн. даляраў ЗША. У нашу краіну пастаўляліся лекавыя сродкі і вакцыны, марожаная рыба, перадаткавыя механізмы машын, абсталявання і транспартных сродкаў, моцныя спіртныя напоі, пілы, дыягнастычныя рэагенты, камп'ютары. Варта зазначыць, што і Беларусь і Канада з'яўляюцца найбуйнейшымі экспарцёрамі калійных солей у свеце. Не могучы паставіць нам калійных соляў, Канада скрыгоча зубамі і раз у некалькі гадоў прывозіць на Мінск-Арэну «Cirque du Soleil». У экспарце паслуг — за кошт транспартных і інфармацыйных — Беларусь мае дадатнае сальда (8,9 млн даляраў у 2017 годзе).[2]

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

[правіць | правіць зыходнік]

Канада — адна з трох у Паўночнай Амерыцы федэрацый, адміністрацыйна Канада падзяляецца на дзесяць правінцый і тры тэрыторыі. Правінцыі займаюць населены поўдзень Канады, на тэрыторыі падзелена паўночная, амаль ненаселеная частка краіны. Гісторыя сучаснага АТП пачалася з 1867 года, апошняй прыяднанай правінцыяй стаў Ньюфаундленд (1949), апошняй з тэрыторый быў выдзены Нунавут (1999). Правінцыі і тэрыторыі маюць свае парламенты і ўрады і карыстаюцца значнай самастойнасцю. Пры гэтым тэрыторыі, у адрозненні ад правінцый, падпарадкаваны федэральнаму ўраду.

Дзесяць сучасных правінцый: Альберта, Брытанская Калумбія, Квебек, Манітоба, Новая Шатландыя, Нью-Брансуік, Ньюфаўндленд і Лабрадор, Антарыа, Востраў Прынца Эдуарда і Саскачэван. Тры тэрыторыі: Нунавут, Паўночна-Заходнія тэрыторыі і Юкан.

Зноскі