Памылковыя сябры перакладчыка

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Памылковыя сябры перакладчыка гэта словы, якія вымаўленнем ці напісаннем падобны на інтэрнацыяналізмы (такія як «інфармацыя», «эканоміка»), але альбо поўнасцю адрозніваюцца значэннем, альбо толькі часткова супадаюць у сваіх значэннях са словамі дзвюх моў: мовы, з якой перакладаюць, і мовы, на якую перакладаюць. Могуць быць прычынамі як грубых сэнсавых, так і нязначных стылістычных памылак у перакладзе. Памылковыя сябры перакладчыка могуць існаваць і ў розных дыялектах адной мовы. Так у палескай гаворцы герояў «Палескай хронікі» Івана Мележа Хадоські і Яўхіма слова «грубая» (з націскам на другі склад) выкарыстовалася ў сэнсе «цяжарная»[1]. У амерыканскім дыялекце англійскай мовы фраза «vest and pants» можа значыць «дзелавы касцюм», а ў брытанскім варыянце яна выкарыстоўваецца ў значэнні «майка і шорты».

Прыклады з рускай мовы[правіць | правіць зыходнік]

Паколькі руская і беларуская мовы належаць да адной групы ўсходняславянскіх моў, яны вельмі падобны. Таму пры перакладзе з рускай трэба звяртаць асаблівую ўвагу на «памылковых сяброў».

Руская Беларуская
Благой Добры, а не благі
Век Толькі ў сэнсе «эпоха», а «100 гадоў» — стагоддзе
Диван Канапа, а не дыван
Журнал Толькі ў сэнсе «рэгістрацыйны», а «перыядычнае выданне» — часопіс
Корыстный Карыслівы, а не карысны
Лаять Брахаць, а не лаяць
Мир Толькі ў сэнсе «адсутнасць вайны», а «чалавецтва» — свет
Час Толькі ў сэнсе «пара», а «60 хвілін» — гадзіна

Яшчэ больш увагі патрабуе пераклад на сучасную беларускую мову таго, што напісана на рускай мове ХІХ — пачатку ХХ стст. Вось некалькі прыкладаў, якія можна сустрэць у класічнай літаратуры і Сінадальным перакладзе Бібліі.

Руская Беларуская
Гроб Склеп, а не толькі труна
Крепостной Прыгонны, аб сялянах ці праве
Любовник Закаханы (станоўчы вобраз), а не толькі каханак (негатыўны вобраз)
Окоп Агароджа, якую будуюць каб штурмаваць крапасныя муры, а не толькі акоп
Присутствие Аддзяленне, дэпартамент а не толькі прысутнасць альбо наяўнасць
Товарищ Памочнік (напрыклад, пракурора), а не толькі таварыш

Прыклады з англійскай мовы[правіць | правіць зыходнік]

Існуе шэраг англійскіх слоў, якія падобны на беларускія, але прынцыпова адрозніваюцца ад іх сэнсам.

Пералік слоў з поўным нясупадзеннем значэння[2]

Англійская Беларуская
accurate дакладны, а не акуратны
actual фактычны, а не актуальны
advocate абаронца, але не адвакат
angina стэнакардыя, а не ангіна
aspirant прэтэндэнт, а не аспірант
bullion злітак (золата), а не булён
compositor наборшчык, а не кампазітар
data звесткі, даныя, а не дата
decade дзясяцігоддзе, а не дэкада
Dutch галандскі, а не дацкі
fabric тканіна, а не фабрыка
list спіс, а не ліст
lyrics словы песні, а не лірыка
magazine часопіс, а не магазін
mayor мэр, а не маёр
notebook запісная кніжка, канспект, сшытак, а не ноўтбук[3]
preservative кансервант, а не прэзерватыў
physician тэрапеўт, а не фізік
plot змова, сюжэт, а не плот
prospect перспектыва, а не праспект
rapport харошыя адносіны, а не рапарт
replica дакладная копія, а не рэпліка
resin смала, а не рызіна
sodium натрый, а не сода
Yikes! ой!, а не яйкі

Таксама існуюць словы, значэнні якіх толькі часткова супадаюць з беларускімі. Так бывае звычайна калі яны пераходзілі ў беларускую як запазычаныя словы — толькі ў адным значэнні.

Пералік слоў з няпоўным супадзеннем значэння[4]

Англійская Беларуская
activity дзейнасць, а не толькі актыўнасць
aggressive энергічны, настойлівы, а не толькі агрэсіўны
article артыкль, а не толькі артыкул
authority улада, а не толькі аўтарытэт
band атрад, стужка, а не толькі банда
camera фотаапарат, а не толькі камера
character персанаж, а не толькі характар
champion змагар, а не толькі чэмпіён
concrete бетон, а не толькі канкрэтны
conductor праваднік, дырыжор, а не толькі кандуктар
control кіраваць, а не толькі кантраляваць
convention з'езд, а не толькі канвенцыя
copy экзэмпляр, а не толькі копія
correspondence адпаведнасць, а не толькі карэспандэнцыя
credit заслуга, а не толькі крэдыт
critical важны, а не толькі крытычны
dramatic рашаючы, а не толькі драматычны
element стыхія, а не толькі элемент
episode серыя (фільму, камп'ютарнай гульні), а не толькі эпізод
execution смяротнае пакаранне, выкананне, а не толькі экзекуцыя
figure малюнак, лічба, а не толькі фігура
gas можа быць скарачэннем ад gasoline (бензін), а не толькі словам «газ»
interest працэнт (банкаўскі), а не толькі інтарэс
legal прававы, юрыдычны, а не толькі легальны
liberal гуманітарны (аб адукацыі), а не толькі ліберальны
mark метка, пляма, марка (не паштовая)
meditation роздум, а не толькі медытацыя
minister святар, служыцель Бога, слуга, а не толькі міністр
momentum інерцыя, момант (толькі памятны, важны)
nation часцей за ўсе — краіна, радзей — нацыя
nationality грамадзянства, а не толькі нацыянальнасць
number колькасць, а не толькі нумар
object мэта, а не толькі аб'ект
officer службовая асоба, а не толькі афіцэр
original першапачатковы, а не толькі арыгінальны
panel секцыя (на навуковай канферэнцыі), а не толькі панэль
partisan прыхільнік, а не толькі партызан
position пасада, а не толькі пазіцыя
pretend прытварацца, а не толькі прэтэндаваць
public дзяржаўны, а не толькі публічны
publish абвяшчаць, а не толькі выдаваць у друкарні
race нацыянальнасць, а не толькі раса
rally мітынг, а не толькі аўтаралі
realize разумець, уяўляць сабе, а не толькі рэалізоўваць
record запіс, а не толькі рэкорд
regular звычайны, а не толькі рэгулярны
routine распарадак, а не толькі руціна
separate асобны, а не толькі сепаратны
solid цвёрды, а не толькі салідны
speculation меркаванне, а не толькі спекуляцыя
student вучань школы, навучэнец каледжа, даследчык, а не толькі студэнт
substance рэчыва, сутнасць, а не толькі субстанцыя

Прыклады з французскай мовы[правіць | правіць зыходнік]

Французская Беларуская
bâton палка, а не батон
chiffre лічба, а не толькі шыфр
champignon грыб увогуле, (шампіньён па французску psalliote)
crème вяршкі, смятана, а не толькі крэм
étude вывучэнне, а не толькі эцюд
pigeon голуб, а не толькі піжон
plot кантакт, заціскачка і г.д., а не плот
sujet асоба, суб'ект і г.д., а не толькі сюжэт
toxicomane і таксікаман, і наркаман[5]

Прыклады з нямецкай мовы[правіць | правіць зыходнік]

Нямецкая Беларуская
Angel вудачка, а не анёл
Ball мяч, а не бал
Besuchen наведваць, а не бязвухі
Elf адзінаццаць, футбольная каманда, а не толькі эльф
Fant смаркач, малакасос, а не фант
Glück шчасце, дабрабыт, а не глюк
Herz сэрца, а не герц (фіз. адзінка)
Pony грыўка, а не толькі поні
Stuka не штука, а прэфікс «авія-»
Zentner 50 кг, а не цэнтнер[6]

Прыклады з іншых моў[правіць | правіць зыходнік]

Некаторыя словы польскай мовы таксама могуць уяўляць цяжкасць для беларусаў. Напрыклад, слова «ssać» азначае «сасаць», а «prosty» — гэта «прамы», а не «просты». Цюркскія словы «базар» і «чобан» маюць больш шырокі сэнс акрамя значэнняў «рынак» і «пастух». Так «базар» (bazar) у азербайджанскай мове можа таксама азначаць «нядзеля», а «чобан» (çoban) можа мець і пераносны сэнс: «духоўны пастыр»[7].

Слова «шахід» звычайна ўжываецца ў сучаснай беларускай мове ў сэнсе «ісламскі тэрарыст», але ў мовах араба-ісламскага свету яно азначае «пакутнік, той, хто гіне ў вайне з ворагамі Ісламу» і не можа адносіцца да тэрарыстаў [1].

Зноскі

  1. Іван Мележ Людзі на балоце
  2. На падставе: Слепович В. С. Курс перевода (английский-русский). Мн.: «ТетраСистемс»,2001, с.15-16
  3. Англіскім эквівалентам гэтага тэрміна з'яўляецца слова laptop. Сярод праграмістаў распаўсюджаны таксама тэрмін notebook computer. Гл.: Миньяр-Белоручева А. П., Миньяр-Белоручев К. В. Английский язык. Учебник устного перевода: Учебник для вузов / А. П. Миньяр-Белоручева, К. В. Миньяр-Белоручев. — М.: Изда­тельство «Экзамен», 2003, с 22
  4. На падставе: Слепович В. С. Курс перевода (английский-русский). Мн.: «ТетраСистемс»,2001, с.16-17
  5. Многоязыковой словарь Мультитран
  6. Форум Ростова-на-Дону
  7. У гэтым сэнсе азербайджанскія хрысціяне выкарыстоўваюць гэта слова ў якасці тытула Ісуса Хрыста (ISA MƏSIH ÇOBAN)