Іван Паўлавіч Мележ

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Мележ Іван Паўлавіч
Mielez.jpg
Іван Мележ
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння:

8 лютага 1921(1921-02-08)

Месца нараджэння:

вёска Глінішча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці

Дата смерці:

9 жніўня 1976(1976-08-09) (55 гадоў)

Месца смерці:

г.Мінск

Пахаванне:

Усходнія могілкі

Альма-матар:

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт

Літаратурная дзейнасць
Род дзейнасці:

пісьменнік, публіцыст, драматург, літаратуразнавец

Мова твораў:

руская мова

Узнагароды:
Ордэн «Знак Пашаны» Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга Ордэн Чырвонай Зоркі Ленінская прэмія
Commons-logo.svg Выявы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Іван Паўлавіч МЕЛЕЖ (8 лютага 1921, в. Глінішча, Хойніцкі раён, Гомельская вобласць — 9 жніўня 1976, Мінск) — беларускі празаік, драматург, публіцыст. Народны пісьменнік Беларусі (1972). Лаўрэат Ленінскай прэміі (1972, за раман «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы»), Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа (1976, за зборнік «Жыццёвыя клопаты»), Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1962, за раман «Людзі на балоце»).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і: бацька — Павел Фёдаравіч, маці — Марыя Дзянісаўна. Скончыў сямігодку ў Алексічах, дзесяцігодку (СШ № 1) у Хойніках (1938), працаваў у Хойніцкім райкаме камсамола.

У 1939 паступіў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры і з 1-га курса быў прызваны ў Чырвоную Армію.

Летам 1940 удзельнічаў у далучэнні Паўночнай Букавіны да СССР. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны на фронце — на Збручы, пад Уманню, Нікалаевам, Сінелькавам, Растовам-на-Доне, Лазавой.

У чэрвені 1942 пад Растовам цяжка паранены і пасля лячэння ў тбіліскім шпіталі адпраўлены ў тыл. Жыў у Бугуруслане, потым выкладаў ваенную падрыхтоўку ў Малдаўскім педагагічным інстытуце, а з 1943 — у БДУ, які знаходзіўся тады на станцыі Сходня ў Падмаскоўі, дзе вучыўся спачатку завочна на філалагічным факультэце, а затым перайшоў на стацыянар (скончыў у 1945 ужо ў Мінску). Пасля вучыўся ў аспірантуры, выкладаў беларускую літаратуру ва ўніверсітэце, працаваў у рэдакцыі часопіса «Полымя», у апараце ЦК КПБ. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1945, з 1966 — сакратар, а ў 1971—1974 — намеснік старшыні праўлення СП БССР.

Выбіраўся дэпутатам ВС БССР (1967—1976). Іван Мележ быў старшынёй праўлення Беларускага аддзялення таварыства «СССР — Францыя», старшынёй Беларускага камітэта абароны Міру, членам Сусветнага Савета Міру.

Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і медалямі. Народны пісьменнік БССР (1972). Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1962) за раман «Людзі на балоце», Ленінскай прэміі (1972) за раманы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы», Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за кнігу крытычных нарысаў, артыкулаў «Жыццёвыя клопаты» (пасмяротна).

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Дэбютаваў у 1945 вершамі. Першае выступленне ў друку як празаіка адносіцца да 1943 (газета «Бугурусланская правда»). Першае апавяданне на беларускай мове «Сустрэча ў шпіталі» (1944). Адно з ранніх апавяданняў — «У завіруху» — высока ацаніў Кузьма Чорны. У 1946 яно дало назву зборніку. Аповесць «Гарачы жнівень» (1946) пра цяжкасці аднаўленчага перыяду. Выдаў зборнікі аповесцей і апавяданняў «Гарачы жнівень» (1948), «Заўсёды наперадзе» (нарыс, 1948), «Блізкае і далёкае» (1954), «У гарах дажджы» (1957), «Што ён за чалавек» (апавяданні, аповесці, нарысы, 1961).

Першы раман «Мінскі напрамак» (1952). У 1960—70-я г. гэты твор перапрацаваны і стаў больш шматпланавым і маштабным па ахопе падзей, багатым на сапраўдныя народныя характары, праз якія паказана героіка і трагедыя вайны.

Іван Мележ — аўтар цыкла раманаў «Палеская хроніка»: «Людзі на балоце» (1962), «Подых навальніцы» (1966) і «Завеі, снежань» (1976). Раман «Людзі на балоце» ён пачаў як твор лірычны і называў яго «лірычным раманам», а наступныя раманы трылогіі ствараў ужо як трагедыйныя раманы-даследаванні. У іх выявілася грамадзянская смеласць і ідэйна-мастацкая маштабнасць у асэнсаванні складаных абставін калектывізацыі на Палессі, жыцця Беларусі 1920—30-х г., праўдзівасць і шчырасць аўтара ў спалучэнні з яго высокай прафесійнай культурай, глыбокім і тонкім псіхалагізмам, разуменнем душы беларускага селяніна. Непаўторная мастацкая канцэпцыя тагачаснага жыцця народа, вялікі ідэйны змест данесены праз дасканалую мастацкую форму і адметныя вобразы. «Палеская хроніка» — глыбокае філасофска-мастацкае асэнсаванне жыцця беларускага народа на вельмі важным гістарычным этапе, яна стала нацыянальнай эпапеяй.

Напісаў п'есы «Пакуль вы маладыя» (1956, асобнае выданне ў 1958, пастаўлена ў 1957), «Дні нашага нараджэння» (апублікавана і пастаўлена ў 1958), аднаактоўку «Хто прыйшоў уночы» (1959, асобнае выданне ў 1966). Па раманах «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» Беларускім тэлебачаннем створаны ў 1966 г. спектакль. Беларускім тэатрам імя Янкі Купалы пастаўлены ў 1966 г. спекталь «Людзі на балоце», Гомельскім абласным тэатрам — «Подых навальніцы» (1977), у 1989 г. — «Страсці эпохі» (паводле рамана «Завеі, снежань»), Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1962) за раман «Людзі на балоце», Ленінскай прэміі (1972) за раманы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы», Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за кнігу крытычных нарысаў, артыкулаў «Жыццёвыя клопаты» (пасмяротна).

У 1975 Іван Мележ выдаў кнігу літаратурна-крытычных артыкулаў, эсэ, інтэрв'ю і публіцыстыкі «Жыццёвыя клопаты» (Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Коласа 1976), у 1977 выйшла «Першая кніга» (дзённікі, запісы ваенных гадоў).

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

Скульптурная кампазіцыя «Людзі на балоце» ў Хойніках.

Імем Івана Мележа названы школа ў в. Глінішча, бібліятэка ў Гомелі, цеплаход, Мазырскі драматычны тэатр. У в. Глінішча адкрыты літаратурны музей. У 1980 устаноўлена Літаратурная прэмія Саюза пісьменнікаў Беларусі імя Івана Мележа. Яго імя носіць вуліца ў Мінску, вуліцы ў іншых гарадах Беларусі.

Жыццю і творчасці пісьменніка прысвечаны дакументальны фільм «Іван Мележ» (сцэнарый В. Адамчыка, 1978). Рэжысёр В. Тураў і аператар Дз. Зайцаў на студыі «Беларусьфільм» паставілі мастацкія кінафільмы «Людзі на балоце» (1981, Дзяржаўная прэмія СССР 1984) і «Подых навальніцы» (1982). У 1984 В. Тураў зняў 8-серыйны тэлефільм.

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Збор твораў Т. 1—6. Мн., 1969—71.
  • Збор тв. Т. 1—10. Мн., 1979—85.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Адамовіч А. Здалёк і зблізку. Мн., 1976;
  • Адамовіч А. Літаратура, мы і час. Мн., 1979;
  • Андраюк С. Іван Мележ // Сгаль пісьменніка. Мн., 1974;
  • Бугаёў Дз. Вернасць прызванню. Мн., 1977;
  • Гніламёдаў У. Іван Мележ. Мн., 1984;
  • Драздова З. У. Майстэрства слова. Мн., 1993;
  • Ляшук В. Іван Мележ у школе. Мн., 1981;
  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X;
  • Мележ Іван // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995.;
  • Сказ пра Івана Мележа. Мн., 1984;
  • Смыкава I. Іван Мележ // Смыкава I. Беларускія пісьменнікі-лаўрэаты. Мн., 1973;
  • Смыкоўская В. Творчая канцэпцыя пісьменніка. Мн., 1976;
  • Успаміны пра Івана Мележа. Мн., 1982;
  • Шупенька Г. Прага мастацкасці. Мн., 1996. С. 12-81.
  • Іван Мележ: кароткі бібліяграфічны даведнік / Дзяржаўная бібліятэка імя У. І. Леніна; [складальнік І. У. Смыкава; рэдактар Н. Б. Ватацы]. — Мінск, 1963. — 28 с.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]