Партыя двухвостага сабакі
Партыя двухвостага сабакі | |
---|---|
Magyar Kétfarkú Kutya Párt | |
Лідар | Gergely Kovács[d] |
Дата заснавання | 2006 |
Штаб-кватэра | |
Краіна | |
Сайт | mkkp.hu |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Партыя двухвостага сабакі (венг. Magyar Kétfarkú Kutya Párt; скарочана MKKP) — парадыйная палітычная партыя ў Венгрыі, якая існуе з 2006 года і была зарэгістраваная афіцыйна ў 2014 годзе. Чальцы партыі займаюцца пераважна стварэннем пародый на тыповыя лозунгі палітычнай эліты Венгрыі, прасоўваюць абсурдныя ідэі на выбарах ці робяць смешныя афіцыйныя заявы.
Дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Стварэнне і першыя выбары
[правіць | правіць зыходнік]У 2006 годзе ўпершыню ў выбарчых бюлетэнях з'явіўся кандыдат Іштван Надзь (венг. István Nagy — самыя распаўсюджаныя імя і прозвішча ў Венгрыі, эквівалент традыцыйнага ангельскага John Smith). Падобны кандыдат з Партыі двухвостага сабакі быў ува ўсіх бюлетэнях на парламенцкіх і на рэгіянальных выбарах 2006 года[1].
Перадвыбарчая праграма партыі ўключала наступныя пункты: вечнае жыццё, мір ва ўсім свеце, адзін працоўны дзень у тыдзень, два захада сонца ў дзень (розных колераў), паменшаная сіла гравітацыі, бясплатнае піва і нізкія падаткі. У лік абяцанняў увайшла таксама прапанова насыпаць гару на вялікай венгерскай раўніне (Альфёльд). Падобныя плакаты былі ў асноўным у горадзе Сегедзе, на іх пераважна сустракалася выява двухвостага сабакі з подпісам «Іштван Надзь — такі мілы, што дакладна не накрадзе!».
Партыя супрацоўнічае з яшчэ адной парадыйнай партыяй «Чацвёрты шлях», старшынямі якой фармальна з'яўляюцца дзве птушкі, аднак партыі заяўляюць пра рознагалоссі: партыя «Чацвёрты шлях» хоча знішчыць птушыны грып, а Партыя двухвостага сабакі выступае за правы вірусаў.
20 чэрвеня 2009 года каля 300 чалавек сабраліся на акцыю пратэсту перад цэнтральным офісам статыстыкі Венгрыі з парадыйнымі лозунгамі «Заўтра павінна быць учора!», «Выглядай дурна!», «Звольніся!», «Чаго мы хочам? Нічога! Калі мы хочам гэта? Ніколі!» і г. д[2].
У 2010 годзе партыя працягнула сваю сатыру, абвясціўшы аб барацьбе за пасаду мэра Будапешта пад лозунгам «Хай усё будзе лепш!», а таксама «Больш за ўсё, менш за нічога», «Вечнае жыццё, бясплатнае піва, адмена падаткаў!» і «Мы абяцаем усё што заўгодна!»[3]. У 7-м акрузе Будапешта кандыдатам вылучылі коміка Даніэля Магача, які даў інтэрв'ю на тэлеканале ATV тэлевядучай Вользе Кальман. Магач займаўся таксама расклейваннем постэраў з лозунгамі«Нашы цягнікі заўсёды брудныя» і «Нашы цягнікі заўсёды спазняюцца», якія крытыкавалі дзяржаўную кампанію чыгунак Венгрыі, і стварыў нават пародыю на сайт горада Печ, які стаў культурнай сталіцай Еўропы — за апошняе дзеянне ён ледзь не трапіў пад суд[4].
Партыя не сабрала неабходную колькасць подпісаў для рэгістрацыі свайго кандыдата. У сваёй перадвыбарнай праграме яна абяцала ў гэты раз ператварыць Сегед у касмадром і пачаць пастаўляць сабак пулі на Ямайку, аднавіць азонавы слой, вывесці новыя віды раслін і жывёл на замену вымерлым, усталяваць гандлёвыя адносіны з пазаземнымі цывілізацыямі і адкрыць венгерскі рэстаран на Марсе[5].
Афіцыйная дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]У 2013 годзе партыі прыйшлося паскорыць працэс рэгістрацыі для ўдзелу ў выбарах: у пачатку 2014 года партыі адмовілі ў рэгістрацыі з-за «легкадумнасці», але ў ліпені таго ж года Вярхоўны суд адмяніў гэтае рашэнне. 8 верасня 2014 года Партыя двухвостага сабакі была афіцыйна зарэгістраваная за 16 хвілін да абвяшчэння ўдзельнікаў парламенцкіх выбараў, з-за чаго і не змагла нікога на іх адправіць і прыняць удзел[6][7][8].
У чэрвені 2015 года ўрад Віктара Орбана пачаў кампанію па барацьбе супраць нелегальнай міграцыі: сярод лозунгаў былі такія, як «Калі ты прыйшоў у Венгрыю, ты не можаш забраць працу ў венграў!». У адказ на гэта Партыя двухвостага сабакі абвясціла акцыю ў адказ ураду і сабрала 33 мільёна форынтаў ад сваіх прыхільнікаў. На гэтыя грошы партыя ўсталявала каля 800 бігбордаў з іранічнымі лозунгамі на англійскай і венгерскай: «Прабачце нас за прэм'ер-міністра» і «Прыязджайце свабодна ў Венгрыю, мы ўжо працуем у Англіі!»[9][10][11].
4 лютага 2016 года апытанне Medián паказала, што 1 % жыхароў Венгрыі падтрымалі б партыю на выбарах. У тым жа годзе ў кастрычніку адбыўся рэферэндум па міграцыйных квотах, які суправаджаецца агрэсіўнай антымігранцкай кампаніяй венгерскага ўрада. З-за нізкай яўкі вынікі рэферэндуму не былі прызнаны, хоць пераважная большасць з тых, хто галасаваў па закліку кіруючай правай партыі, выступілі супраць прыёму Венгрыяй бежанцаў. Партыя двухвостага сабакі сабрала 100 тысяч еўра ад 4 тысяч добраахвотнікаў і расклеіла постэры, якія высмейвалі накіраваную супраць мігрантаў урадавую агітацыю: «Ці ведаеце вы, што ў Сірыі ідзе вайна?», «Ці ведаеце вы, што 1 мільён венграў хоча ў Еўропу?», «Ці ведаеце вы, што НЛА венгры сустракалі часцей, чым бежанцаў?» і г. д.[12][13]
Лідар Партыі Георгій Кавач у інтэрв'ю BBC News сказаў, што звяртаецца да мільёнаў венграў, засмучаных дзеяннямі ўрада Венгрыі, і хоча падтрымаць іх. Тым самым партыя заклікала сапсаваць бюлетэні на рэферэндуме, што зрабілі 6 % людзей, якія ўдзельнічалі ў рэферэндуме. Незадоўга да рэферэндуму партыя стварыла мабільны дадатак, даступны для спампоўкі з сайта з заклікам «Галасуй не па правілах», заклікаючы зрабіць фота сапсаванага бюлетэня і выкласці ў сетку. За гэта партыя атрымала штраф у 832 тысячы форынтаў, паколькі публікаваць фота бюлетэня са зробленым выбарам забаранялася нават на ўмовах ананімнасці[14][15][16].
У красавіку 2017 года партыя правяла ўрачыстае шэсце, высмейваючы чарговую ініцыятыву Віктара Орбана (у тым ліку па закрыцці Цэнтральнаеўрапейскага ўніверсітэта) і вынеслі плакаты на рускай і венгерскай мове з такімі лозунгамі, як «Мы не будзем калоніяй», «Нам не патрэбныя выбары», «Прэч свабоду прэсы» і г. д.
Зноскі
- ↑ Örök életet ígér a Kétfarkú Kutya Párt. Архівавана 8 сакавіка 2016. Origo.hu (6 лютага 2006)
- ↑ A semmit követelte röhögve a tüntető tömeg index.hu 2009. június 20.
- ↑ Letölthető, nyomtatható anyagok - Kétfarkú Kutya Párt
- ↑ Lenyomta a Magyar Kétfarkú Kutya Párt a Pécs2010-et 29 мая 2017. Архіў
- ↑ A Magyar Kétfarkú Kutya Párt választási programja. 2010. mkkp.hu Архіў
- ↑ Margit Feher. Hungary’s 2-Tailed Dog Party Seeks Ballot Space.
- ↑ Kúria: be kell jegyezni a Magyar Kétfarkú Kutya Pártot Архівавана 25 чэрвеня 2014.
- ↑ Rossz viccnek tűnik, ahogy bejegyezték a Kétfarkú Kutya Pártot. Архівавана 24 снежня 2014. Origo.hu
- ↑ Német, Tamás. Megvan a kormány menekültellenes kampányának két újabb szlogenje. Index (4 июня 2015).
- ↑ Újabb plakátokat készít a Kétfarkú Kutyapárt és a Vastagbőr. 444.hu
- ↑ 'Come to Hungary - we're already working in London' says pro-immigration billboard campaign. Telegraph.co.uk
- ↑ Sajátosan reagálta le a Kétfarkú Kutyapárt, hogy a Medián már méri őket. Heti Világgazdaság
- ↑ Hungary’s satire party takes on migrant referendum
- ↑ Hungary poster campaign pokes fun at migrant referendum. BBC News
- ↑ Hungary's Referendum On Refugee Resettlement Is Overwhelming — But Invalid. npr.org
- ↑ Jobbikos javaslatra 832 ezer forintra büntette az NVB a Kétfarkú Kutyákat. index.hu