Партыя свабоды рускага народа

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Партыя свабоды рускага народа
ПСРН
Дата заснавання 2 лістапада 1956 года
Дата роспуску 9 лютага 1957 года
Штаб-кватэра Гомель
Ідэалогія Антыкамунізм
Дэмакратызм
Колькасць членаў 5

Партыя свабоды рускага народа (ПСРН) — адно з першых аб’яднанняў агульнадэмакратычнага характару, якое існавала ў Гомелі з 2 лістапада 1956 года да 9 лютага 1957 года.

Утварэнне[правіць | правіць зыходнік]

Партыя свабоды рускага народа была заснавана 2 лістапада 1956 года на сустрэчы М. Грачухі, памочніка санітарнага лекара абласной санэпідэмстанцыі, з Ф. Казлоўскім, загадчыкам крамы. У прыватнай гутарцы па абмеркаванні працэсаў у Венгрыі і Егіпце знаёмыя прыйшлі да размовы пра неабходнасць заснавання арганізацыі на манер партый, якія існуюць у краінах з дэмакратычнымі традыцыямі. Ініцыятыва сыходзіла ад М. Грачухі. У той жа дзень з гэтай ідэяй быў азнаёмлены прадавец мясакамбіната Г. Віннікаў, які, паводле ўласных слоў, выразіў палкае жаданне далучыцца да незалежнага руху. У тым жа месяцы ў арганізацыю ўступілі электраманцёр Гомельскай ЦЭС М. Дзехцяроў і гравёр фабрыкі «Палесдрук» А. Яткін. Апошні зрабіў пячатку арганізацыі і вынес з фабрыкі шрыфт для вырабу ўлётак і вокладак партбілетаў.

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Прадугледжваліся таксама розныя сродкі барацьбы з камуністычным рэжымам. М. Грачуха адстойваў паступовую і крапатлівую працу па прыцягненні новых сябраў партыі. Ф. Казлоўскі выступаў за больш радыкальныя дзеянні — за збор зброі, выпуск улётак, арганізацыю радыёпрапаганды.

Пакаранне[правіць | правіць зыходнік]

9 лютага 1957 года былі арыштаваныя М. Грачуха, Ф. Казлоўскі, А. Яткін, крыху раней Г. Віннікаў, а 16 лютага 1957 года — М. Дзехцяроў. 16 верасня 1957 года рашэннем Судовай калегіі па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда сябры арганізацыі асуджаныя: М. Грачуха, Ф. Казлоўскі на 10 гадоў пазбаўлення волі, Г. Віннікаў на 5 гадоў пазбаўлення волі, А. Яткін на 3 гады, М. Дзехцяроў — 1 год. Усе яны абвінавачваліся ў стварэнні антысавецкай арганізацыі, выпрацоўцы Статута і прысягі, падрыхтоўцы да выпуску ўлётак.

Склад[правіць | правіць зыходнік]

Сярод заснавальнікаў ПСРН былі 2 беларусы, 2 рускія, 1 украінец. Удзельнікамі былі:

  • М. Грачуха
  • Ф. Казлоўскі
  • А. Яткін
  • Г. Віннікаў
  • М. Дзехцяроў

Асноўныя пункты праграмы[правіць | правіць зыходнік]

На паседжаннях бюро ПСРН (5 і 12 студзеня 1957 года), якія адбываліся на кватэры Ф. Казлоўскага, быў выпрацаваны Часовы статут і некаторыя праграмныя палажэнні партыі. Асноўнымі пунктамі праграмы былі:

  • Прызнанне права прыватнай уласнасці на зямлю, вытворчасць і сродкі вытворчасці.
  • Будаўніцтва дэмакратычнага грамадства.
  • Адмаўленне кіроўнай ролі КПСС.
  • Шматпартыйнасць.
  • Дэклараванне дружбы народаў Вялікай Расіі і ўсяго свету.

Ад сябраў партыі патрабавалася выкананне задач па паляпшэнні жыцця народа і здзяйснення дэмакратычных асноў.

Прысяга[правіць | правіць зыходнік]

Клянуся перад абліччам свайго народа аддаць усе сілы вызваленню рускага народа ад камуністычнага прыгнёту.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]