Перайсці да зместу

Пасляваенны антысавецкі рух у БССР

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Пасляваенны антысавецкі рух у БССР — дзейнасць польскіх, літоўскіх, латышскіх, украінскіх і ўласна беларускіх антысавецкіх арганізацый у перыяд пасля вызвалення Беларусі да сярэдзіны 1950-х гадоў.

На тэрыторыі БССР з 1944 года дзейнічала некалькі лагераў антысавецкага супраціву, падзеленых па нацыянальнай прыкмеце:

Да ліпеня 1944 года ў Беларусі дзейнічалі больш за 35 тыс. актыўных удзельнікаў розных беларускіх калабарацыянісцкіх фарміраванняў, каля 20 тыс. польскіх, каля 14 тыс. украінскіх і тысяча літоўскіх[7]. У большасці сваёй яны канфліктавалі адзін з адным[8]:196. Частка[9] арганізацый была звязана з нямецкімі, амерыканскімі і брытанскімі спецслужбамі. На тэрыторыі БССР дзейнічалі эмісары замежных разведак, якія спрабавалі каардынаваць іх дзейнасць. Члены руху праводзілі дыверсіі і зрывалі мерапрыемствы савецкага кіраўніцтва[7].

Звычайна ў склад атрадаў уваходзіла ад 10—15 да некалькіх дзясяткаў чалавек. Яны былі добра ўзброены: вінтоўкі, пісталеты, аўтаматы, кулямёты, гранаты. Пасля нападаў баевікі хаваліся ў лясных масівах, а асобныя структуры, якія аперавалі ў памежжы, сыходзілі ў іншыя раёны і нават на тэрыторыю суседніх савецкіх рэспублік, а таксама Польшчы. Падобны рэйдавы характар дзейнасці быў уласцівы літоўскім і латышскім паўстанцам. Імі памежная беларуская тэрыторыя выкарыстоўвалася альбо для хованкі, альбо для здзяйснення кароткачасовых налётаў[6].

Пасля вызвалення тэрыторыі БССР, як і ў даваенны перыяд, за барацьбу з узброеным падполлем адказвалі органы ўнутраных спраў, а менавіта аддзел па барацьбе з бандытызмам[10]. Аднак, у адрозненні ад перадваенных гадоў, бягучае супрацьстаянне праходзіла складана. У другой палове 1944—1945 гадоў даводзілася змагацца з досыць масавым узброеным рухам. Гэта абумовіла прыярытэт сілавых мер. Найбольш распаўсюджанай арганізацыйнай формай барацьбы з падпольшчыкамі з’яўляліся чэкісцка-вайсковыя аперацыі. Яны, як правіла, зводзіліся да выяўлення месцаў дыслакацыі атрадаў, далейшага іх блакавання сіламі вайсковых падраздзяленняў пад кіраўніцтвам аператыўных супрацоўнікаў з наступным затрыманнем або ліквідацыяй удзельнікаў[6].

Да канца 1946 года стала відавочна, што ўладам не заўсёды атрымліваецца эфектыўна змагацца, паколькі члены ўзброенага руху былі добра падрыхтаваны. Тактыка іх дзейнасці набывала ўсё больш канспіратыўны і падпольны характар: яны імкнуліся пазбягаць прамых баявых сутыкненняў, якія наносілі ім значныя страты, сталі больш мабільнымі і малалікімі. Дадзеныя абставіны абумовілі далейшае змяненне арганізацыі і тактыкі дзеянняў сілавікоў. Прынятыя меры дазволілі здушыць адкрытыя выступы антысавецкага ўзброенага падполля і ліквідаваць яго найбольш буйныя структуры[11].

У далейшым на падставе пастановы Савета Міністраў СССР ад 20 студзеня 1947 года барацьба з рухам была цалкам ускладзена на органы дзяржаўнай бяспекі. Меры на гэтым напрамку прадугледжвалі ўтварэнне на базе Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з бандытызмам МУС СССР у складзе 2-га Галоўнага ўпраўлення МДБ СССР упраўлення 2-Н (па барацьбе з бандытызмам). У сваю чаргу на тэрыторыі Беларускай ССР у сакавіку 1947 года на базе падраздзяленняў МДБ і былога ўпраўлення па барацьбе з бандытызмам МУС БССР было арганізавана ўпраўленне 2-Н МДБ БССР, якое ў далейшым адказвала за ліквідацыю падполля ў рэспубліцы[11].

За 1944—1956 гады органамі дзяржаўнай бяспекі і ўнутраных спраў БССР было ліквідавана 1264 групы, з якіх 840 былі звязаныя з антысавецкім узброеным падполлем, і 16466 іх удзельнікаў[11].

Структуры антысавецкага ўзброенага падполля разгарнулі тэрор супраць партыйна-савецкага актыву і супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, а таксама мірных жыхароў. Мясцовае насельніцтва сутыкалася з узброенымі рабаваннямі і разбоем, налётамі на сельскія крамы, паштовыя агенцтвы, калгасныя склады і асабістыя гаспадаркі, пагромамі і падпаламі. Іх мэтай з’яўлялася аказанне псіхалагічнага ціску на грамадзян, запалохванне, скланенне да сабатажу мерапрыемстваў савецкай улады і атрыманне неабходных рэчаў, грошай і харчавання. Часта дзейнасць падпольшчыкаў была цесна звязана з бандытызмам або з часам выраджалася ў бандытызм, які прыкрываўся палітычнымі і нацыянальнымі ідэямі[6].

Сілавыя акцыі савецкага кіраўніцтва таксама неслі шкоду для мясцовых жыхароў і часта негатыўна адбіваліся на аўтарытэце ўлады ў насельніцтва[11].

  1. Сяргей Ёрш, Сяргей Горбік. Беларускі супраціў. — Львоў, 2006.
  2. Беларускі пасляваенны антысавецкі супраціў 1944-1959 гг.. Мова нанова (20 чэрвеня 2015).
  3. Бенда, В. Н. Противоборство советских партизанских отрядов и Красной армии с польским военно-политическим подпольем на территории Западной Белоруссии в 1941—1945 гг. // Журнал российских и восточноевропейских исторических исследований — 2020. — № 2 (21). — С. 49—78.
  4. Валаханович, И. А. Организационная структура литовского антисоветского подполья на территории Беларуси в 1944-1953 гг. // Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Серыя 3, Гісторыя. Філасофія. Псіхалогія. Паліталогія. Сацыялогія. Эканоміка. Права. - Мінск : Універсітэцкае, 1999. - № 2. - С. 20-24.
  5. Валахович, И.А. Горе от УПА: Нейтрализация органами госбезопасности антисоветского подполья ОУН–УПА на территории Белорусской ССР в 1939–1952 годах // Беларуская думка : часопіс. — № 11. — 2016. — с. 86—92.
  6. а б в г Краско 2016, с. 32.
  7. а б Бондарчук, А. Д. Борьба с антисоветскими формированиями в первое послевоенное десятилетие / А. Д. Бондарчук, А. Р. Шведов // Информационные технологии и управление : материалы 55-ой научной конференции аспирантов, магистрантов и студентов, Минск, 22–26 апреля 2019 г. / Белорусский государственный университет информатики и радиоэлектроники ; редкол.: Л. Ю. Шилин [и др.]. – Минск, 2019. – С. 122–123.
  8. Вовк, Н. Ю. Армия Крайова на территории СССР во время Второй мировой войны // Знание. Понимание. Умение: журнал. — 2005. — № 2. — С. 195—201.
  9. Краско, Г. Г. Причины и особенности организационного развития советских органов государственной безопасности в 1946-1947 гг. (на примере Белорусской ССР) // Ученые записки. Электронный научный журнал Курского государственного университета. — 2017. — № 3 (43).
  10. Краско 2016, с. 31.
  11. а б в г Краско 2016, с. 33.
  • Краско, Г. Г. Деятельность антисоветского вооруженного подполья как один из основных факторов дестабилизации обстановки на территории БССР в первые послевоенные годы // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия A, Гуманитарные науки. - 2016. - № 1. – C. 31-34.