Беларуская незалежніцкая партыя

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Беларуская незалежніцкая партыя
Тып арганізацыі палітычная партыя
Афіцыйныя мовы беларуская
Кіраўнікі
заснавальнік Вінцэнт Гадлеўскі
заснавальнік Станіслаў Грынкевіч
заснавальнік Часлаў Ханяўка
кіраўнік Цэнтральнага камітэту Усевалад Родзька
сябар ЦК Міхал Вітушка
сябар ЦК / кіраўнік Замежнага Сектару Дзмітрый Касмовіч
кіраўнік Мінскага акруговага камітэту Юльян Саковіч
кіраўнік віленскага акруговага камітэту Францішак Аляхновіч
Заснаванне
Дата заснавання 1939
Ліквідацыя
уваход у БВФ сярэдзіна 1950
Дэвіз: «Беларусь перадусім!»

Беларуская незалежніцкая партыя (БНП) — вайскова-палітычная арганізацыя беларускіх дзеячаў, створаная ў гады Другой сусветнай вайны.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

БНП была ўтворана праўдападобна на мяжы 1939—1940 у Вільні (паводле іншай версіі, у Мінску ў 1942).[1] Ініцыятарам яе ўзнікнення быў адзін з ідэолагаў беларускага нацыянальнага руху ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, а аб’ядноўвала яна дзеячаў маладога пакалення.[2]

Кіравалася створанымі да восені 1942 Цэнтральным Камітэтам і пяццю акруговымі камітэтамі. Кіраўнікі: Усевалад Родзька (цэнтральны камітэт), Міхал Вітушка (сябар ЦК), Дзмітрый Касмовіч (сябар ЦК), Юльян Саковіч (мінскі акруговы камітэт), Аляксей Сянкевіч (мінскі акруговы камітэт — пасля гібелі Юльяна Саковіча ў чэрвені 1943 г.), Францішак Аляхновіч (віленскі акруговы камітэт), Янка Гінько (глыбоцкі акруговы камітэт), Рыгор Зыбайла (слонімскі акруговы камітэт), Віктар Сікора (пастаўскі акруговы камітэт), Іван Гелда (беластоцкі акруговы камітэт) і інш. Структуры БНП існавалі ў 1942-1943 на Браншчыне і Смаленшчыне. Выпускала фармальна нелегальны орган друку «Бюлетэнь БНП»[3], пасля вайны — бюлетэнь «Праца і Воля» (2 нумары, 1949). Фармальна БНП прадстаўлялася як патрыятычная і канспірацыйная арганізацыя з задачай збройнай барацьбы за незалежнасць Беларусі, рэальна кіраўніцтва ад пачатку супрацоўнічала з Абверам.

Члены БНП, працуючы ў створаным гітлераўцамі беларускім апараце, імкнуліся арганізаваць беларускі нацыянальны рух для адначасовага выступлення супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў і бальшавікоў. Было створана некалькі нелегальных узброеных груп, найбольш на Палессі — 12. Да сярэдзіны 1944 года БНП не мела шырокай падтрымкі. З прыходам Чырвонай Арміі дзейнасць БНП значна актывізавалася[4].

Практычную дзейнасць БНП пачала ў чэрвені 1944[5], стварэннем некалькі канспірацыйных груп у Беларусі дзеля вядзення разведкі і дыверсій у тыле Чырвонай Арміі (паводле інш. крыніц, падрыхтоўка такіх груп з дапамогаю Абверу вялася з восені 1943, асабліва актыўна зімой-вясной 1944[6]). Выконваючы непасрэдную сваю задачу барацьбы з савецкім войскам у Беларусі, БНП кіравала беларусаў-добраахвотнікаў у вайсковую школу «Дальвіц» (таксама вядомую як беларускі дэсантны батальён «Дальвіц»). Парашутныя закідванні груп з батальёну «Дальвіц» у Беларусь працягваліся з верасня 1944. Частка гэтых груп, як паведамлялася ў інфармацыйных дакументах БНП, працягвала дзейнічаць яшчэ зімою 1945/1946[7], і нават да 1956[8].

У якасці палітычнай праграмы прапаноўвалася выкарыстанне «непазбежнага канфлікту» саюзнікаў пасля перамогі над Германіяй, мацаванне ўласных (узброеных) сіл і ўзброеная барацьба за незалежнасць Беларусі ва ўмовах узгаданага канфлікту.

Напярэдадні Другога Усебеларускага кангрэса, у Мінску ЦК БНП планаваў зацвердзіць план зрыву Кангрэса, у сувязі з недаверам Прэзідэнту Беларускай Цэнтральнай Рады Р. Астроўскаму. На думку БНП, прэзідэнт Астроўскі планаваў зацвердзіць кангрэсам супрацу Беларусі з немцамі і гэтым самым скампраметаваць беларускі народ у вачах усяго свету. Каб не дапусціць гэтага, БНП планавала сарваць Кангрэс, як толькі ён распачнецца. Але дзякуючы Міхасю Зую, план аднагалосна змянілі, бо той параіў, што зрыў Кангрэсу павінен наступіць толькі ў тым выпадку, калі Астроўскі сапраўды пачне прамаўляць на Кангрэсе аб супрацы з немцамі.

Пасля эвакуацыі з Беларусі ў 1944 у Германіі быў створаны Замежны Сектар БНП (кіраўнік Дз. Касмовіч). У 1944 кіраўніцтва БНП рэзка крытыкавала Беларускую Цэнтральную Раду і асабіста Р. Астроўскага за кан’юнктурніцтва, марыянеткавы характар дзеянняў, нарэшце, спыніла ўсякае супрацоўніцтва ў пач. 1945. Асабліва моцна БНП выказвала незадавальненне няўдалай арганізацыяй «эвакуацыі з Беларусі» ў 1944 і стратай большай часткі асабовага складу БКА, таксама неэфектыўнасцю дзеянняў Астроўскага па стварэнні беларускага войска ў Германіі. Адзначаецца[5], што такія закіды з’яўлялі выключна нямецкія вайсковыя патрэбы канца вайны (задача абароны Германіі любой цаной).

Пасля раззбраення батальёну «Дальвіц» у Чэхіі (1945), частка яго асабовага складу накіравалася ў Беларусь для працягу ўзброенай барацьбы, але на Беласточчыне была выкрыта савецкай бяспекай і амаль цалкам арыштавана. Кіраўнікі былі суджаныя ў «справе шасцёх» (верагодна, май 1946), Родзька і Гелда пакараныя смерцю.

Пасля вайны БНП дзейнічала сярод беларускіх супольнасцяў у заходніх акупацыйных зонах і Заходняй Еўропе. У 19481949 вакол пытання падтрымкі Беларускага нацыянальнага цэнтру ў шэрагах кіраўніцтва партыі адбыўся падзел, кожная з груповак прэтэндавала на назву БНП (у выніку Б. Рагуля, М. Рагуля, У. Набагез выключаны з ЦК). У далейшым (1954), лідары БНП прызнавалі БЦР як «адзіны легітымны прадстаўнічы цэнтр», а Астроўскага як «вялікага і заслужанага беларускага патрыёта», рэзка выступалі супраць удзелу беларускай моладзі ў скаўцкім і хрысціянска-моладзевым рухах.

У сярэдзіне 1950-х, без фармальнага роспуску партыі, Замежны Сектар БНП увайшоў у Беларускі вызвольны фронт, арганізаваны Дз. Касмовічам.

Прысяга беларускай незалежніцкай партыі[правіць | правіць зыходнік]

Прысягаю на Бога, што буду верным да смерці свайму Народу і Бацькаўшчыне, буду аддана і самаахвярна змагацца за незалежнасць Беларусі і за шчасце і волю Беларускага Народа. Уступаючы ў рады БНП, прысягаю не здрадзіць яе спраў і тайнаў ані словам, ані чынам, хоць бы мяне чакалі найбольшыя спакусы і мукі. За справу БНП прысягаю аддаць у кожную хвіліну жыццё, бо ведаю, што яе справа - гэта справа волі і шчасця Беларускага Народа і Бацькаўшчыны, і што сёння толькі ў шчыльных радах БНП мы здабудзем незалежнасць Беларусі і дамо адпор нашым ворагам. Ведаю, што за здраду спраў і тайнаў партыі кожны яе сябра караецца смерцю. Ад сённяшняга дня - я актыўны змагар і працаўнік БНП

.

Зноскі

  1. Ёрш С., Горбік С. Беларускі супраціў. С. 19-20
  2. Ёрш, С.14.
  3. 2 нумары ў 1942—1944 у Беларусі (2-і нумар тыражом 500 ас.), 3-і — жнівень 1944, Усх. Прусія, 4-ы — восень 1944, Берлін, 5-ы (апошні «ваенны») — снежань 1944 або студзень 1945, 6-ы (апошні) — восень 1946, Зах. Германія. Ёрш, С.127-129.
  4. ЭГБ, т. 1. С. 393-394
  5. 5,0 5,1 Туронак, С.155.
  6. Ёрш, С.15.
  7. Ёрш, С.137,138.
  8. Ёрш, С.17.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]