Польскае антысавецкае супраціўленне ў Заходняй Беларусі
Польскае антысавецкае супраціўленне ў Заходняй Беларусі — узброеная барацьба Арміі Краёвай і іншых польскіх фарміраванняў у Заходняй Беларусі ў 1939—1954 гадах. Была абумоўлена імкненнем вярнуць край у склад Польшчы. Падпольны рух быў накіраваны супраць савецкай улады, а ў перыяд нямецкай акупацыі таксама нацыстаў і калабарацыяністаў. Для процідзеяння апошнім польскія нацыяналісты перыядычна супрацоўнічалі з прасавецкімі партызанамі. Разам з тым меліся і выпадкі сумесных дзеянняў падполля з немцамі супраць «чырвоных». Удзельнікі руху таксама змагаліся супраць літоўскіх, беларускіх, украінскіх нацыяналістаў[1].
Польскае падполле Заходняй Беларусі дзейнічала ў кантэксце польска-беларускага міжэтнічнага канфлікту і пасляваеннага антыкамуністычнага руху ў Польшчы.
Кантэкст
[правіць | правіць зыходнік]Па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора 1921 года, якія завяршыў польска-савецкую вайну, Заходняя Беларусь адышла да Польшчы. У верасні 1939 года, згодна з Пактам Молатава — Рыбентропа, Трэці Рэйх і СССР падзялілі польскую тэрыторыю. БССР была пашырана за кошт усходніх крэсаў. Мясцовае беларускае насельніцтва станоўча сустрэла далучэнне да савецкай дзяржавы і ўз’яднанне з Усходняй Беларуссю. Палякі, якія былі абураныя знішчэннем сваёй краіны, пачалі ўспрымаць беларусаў як саюзнікаў СССР. Дэклараваная барацьба з савецкай акупацыяй прыняла з часам антыбеларускі характар[2]. Савецкая палітыка, накіраваная на дэпаланізацыю, нацыяналізацыю ўласнасці, пераслед рэлігіі, якая закранула ў першую чаргу польскае насельніцтва, выклікала нярэдка яго супраціў, якое прымала розныя формы: ад сабатажу мерапрыемстваў уладаў да ўзброеных выступленняў[3].
Апорай руху выступала мясцовае польскае насельніцтва. Так, на 1 верасня 1939 года ў рэгіёне пражывала 1 485 000 палякаў (38 % насельніцтва). Аднак у падпольныя структуры былі таксама ўцягнутыя беларусы, яўрэі, літоўцы[4].
Пачатковы перыяд (1939—1941)
[правіць | правіць зыходнік]У краі практычна ва ўсіх буйных гарадах, раённых цэнтрах і невялікіх населеных пунктах сфармаваліся польскія падпольныя арганізацыі, групы і гурткі, якія аб’ядноўвалі палітычных дзеячаў, прафесійных вайскоўцаў, інтэлігенцыю, вучнёўскую моладзь. У асноўным яны ўтвараліся па ініцыятыве знізу. З зімы 1940 года[1] на тэрыторыі Заходняй Беларусі дзейнічаў абшар Саюза ўзброенай барацьбы (СУБ) № 2 з цэнтрам у г. Беласток, а таксама самастойная Віленская акруга. Ён уключаў у сябе 3 акругі: Беластоцкую, Навагрудскую і Палескую. Акругі ў сваю чаргу дзяліліся на абводы. Беластоцкая і Віленская акругі былі ўтвораны ўжо ўвосень 1939. З вясны 1940 года галоўным камандаваннем СУБ пачалася арганізацыя Навагрудскай і Палескай акруг. Для стварэння структур мясцовай канспірацыі ў рэгіён з цэнтральнай Польшчы прыбывалі эмісары. Агульная колькасць членаў арганізацыі магла дасягаць ад 8 да 10 тысяч чалавек. Камандаваннем Віленскай акругі выдавалася газета «Польшча ў барацьбе», тыраж якой у пачатку 1941 года дасягаў 1,5 тыс. асобнікаў[3].
Іншай буйной арганізацыяй у Заходняй Беларусі, самастойна дзеючай ужо з кастрычніка 1939 года, з’яўлялася Польская ваенная арганізацыя (ПВА)[3]. У Аўгустоўскім раёне дзейнічаў «Легіён смерці», арганізаваны былымі гімназістамі. Яны склалі спісы савецкіх актывістаў з мэтай іх наступнай ліквідацыі[5].
З восені 1939 года ствараліся партызанскія атрады. Першапачаткова яны фармаваліся з вайскоўцаў разгромленага Войска Польскага. Пазней у іх уступалі мясцовыя жыхары, якія хаваліся ад арыштаў і дэпартацый, а таксама ад прызыву ў Чырвоную Армію. Большая частка партызанскіх фарміраванняў дзейнічала ў Беластоцкай і Баранавіцкай абласцях. На працягу 1940 года савецкія функцыянеры пастаянна паведамлялі аб праявах «актыўнасці контррэвалюцыйных элементаў», «паспяховай дзейнасці польскай агентуры» ў заходнебеларускіх абласцях. Здзяйсняліся напады на прадстаўнікоў савецкай улады, мясцовых актывістаў і міліцыю. З кастрычніка 1939 па жнівень 1940 удзельнікамі польскіх арганізацый было здзейснена 93 тэрарыстычных акту, пры якіх забіта 54 і паранена 39 чалавек. У адказ у Беластоцкай і Баранавіцкай абласцях у маі 1940 года былі дадаткова ўтвораны спецыяльныя аддзелы па барацьбе з бандытызмам. За перыяд 1939 — першы квартал 1941 года ў заходніх абласцях БССР было ліквідавана 188 арганізацый і груп, арыштавана 6104 іх удзельніка[3].
Пры нямецкай акупацыі (1941—1944)
[правіць | правіць зыходнік]У перыяд Вялікай Айчыннай вайны колькасць байцоў Беластоцкай акругі дасягала 5000 чалавек, Палескай — 3500, Навагрудскай — 8000, з якіх 40% былі беларусамі-каталікамі[6], Віленскай — 9000[7]. Ствараюцца «Сялянскія батальёны» палітычнай партыі «Stronnictwo Ludowe». У Беластоцкай вобласці ў жніўні 1942 года была ўтворана VII акруга, колькасць якой да ліпеня 1944 года складала прыкладна 1500[8].
Узаемаадносіны з «чырвонымі»
[правіць | правіць зыходнік]Адносіны з савецкімі сіламі ў палякаў складвалася па рознаму.
Улетку 1941 года фіксаваліся выпадкі нападаў польскіх атрадаў на адступаючыя часці Чырвонай Арміі, мелі месца расправы над партыйна-савецкім кіраўніцтвам. Падобныя інцыдэнты адзначаны ў Нясвіжскім, Лунінецкім, Пінскім раёнах[5].
Вясной 1943 года атрады Навагрудскай акругі ўсталявалі сувязь з чырвонымі партызанамі. У Нарачанскай партызанскай зоне быў усталяваны кантакт паміж польскім атрадам Бужынскага (Кміцэц) і савецкім атрадам Маркава. У чэрвені 300 байцоў Арміі Краёвы (АК, «акаўцы») пад камандаваннем Мілашэўскага сумесна з савецкай партызанскай брыгадай імя Чкалава пад камандаваннем Рыгора Сідорка прымалі ўдзел у баях супраць немцаў. У ліпені—жніўні таго ж года гэтыя атрады зноў змагаліся супраць нямецкіх войскаў і паліцыі ў Налібоцкай пушчы[6].
З вясны 1943 года сталі фіксавацца сутыкненні. За май 1943—ліпень 1944 г. у краі адбылося 224 бою «акаўцаў» з савецкімі партызанамі, страты якіх склалі каля 400 забітымі і больш за 120 параненымі, акрамя таго, байцы АК расстралялі за супрацоўніцтва з савецкімі партызанамі каля 250 чалавек. Часта «акаўцы» нападалі на дыверсійныя групы савецкіх партызан-падрыўнікоў у раёнах чыгуначных камунікацый[9].
Увосень 1943 года адносіны паміж двума лагерамі яшчэ больш абвастрыліся. Палякам сталі вядомыя планы савецкага кіраўніцтва, якія прадугледжвалі раззбраенне іх атрадаў пасля заняцця тэрыторыі Заходняй Беларусі савецкай арміяй. У лістападзе кавалерыйскі раз’езд пад камандаваннем Здзіслава Нуркевіча ў раёне Нарачы расстраляў групу савецкіх партызан пад камандаваннем Зорына, якія рабавалі касцёл. У снежні савецкім партызанам з атрада Маркава ўдалося дастаць польскую падпольную газету «Непадлегласць», якая паведамляла пра расстрэл польскіх афіцэраў у Катынскім лесе, што разглядалася як антысавецкая прапаганда. У адказ савецкія атрады прынялі рашэнне раззброіць атрад «Кміцэца» (400 чал.) і адпомсціць за Зорына. У канцы снежня палякі былі раззброеныя, а іх камандзір і шэраг іншых афіцэраў расстраляныя. Радавы склад быў уключаны ў польскую партызанскую брыгаду, якая дзейнічала разам з савецкімі партызанамі і падпарадкоўвалася распараджэнням Беларускага штаба партызанскага руху. Частка афіцэраў уцякла. На кантакт з імі выйшлі прадстаўнікі германскага камандавання і прапанавалі ім нейтралітэт і дапамогу ў барацьбе з савецкімі партызанамі. Частка палякаў адмовілася ад нямецкай прапановы, спаслаўшыся на адсутнасць дырэктыў Галоўнага камандавання. Тыя ж, хто пагадзіўся супрацоўнічаць, заключылі перамір’е і ўжо ў канцы снежня атрымалі зброю[10].
На фоне канфлікту з савецкім бокам польскае падполле з канца 1943 года разгарнула тэрор супраць прасавецкі настроеных мірных жыхароў. За люты—красавік 1944 у Лідскім раёне Армія Краёва знішчыла некалькі тысяч чалавек, у тым ліку 450 жыхароў вёскі Беліца. 24 і 25 лютага 1944 года польскімі легіянерамі былі спалены вёскі Турэйск і Забор’е Жалудоцкага раёна. Усяго згарэла больш за 350 дамоў[11].
Узаемаадносіны з немцамі
[правіць | правіць зыходнік]Першапачаткова пасады ў мясцовым акупацыйным апараце кіравання ў генеральнай акрузе Беларусь займалі палякі. Яны прымалі актыўны ўдзел у працы гарадскіх, раённых, валасных, павятовых упраў, станавіліся старастамі, солтысамі і войтамі[5]. На ранніх этапах узброеныя акцыі супраць немцаў не праводзіліся. Аднак з пачатку 1942 і па другую палову 1943 года польскія нацыяналісты ажыццявілі немалую колькасць нападаў на акупантаў. У Навагрудскім раёне яны здзейснілі звыш 100 аперацый. У шэрагу з іх ставілася задача па вызваленні з турмаў членам падполля. Падобныя місіі ажыццёўлены ў 1943 годзе ў гарадах Пінск, Іўе, Івянец (гл. Івянецкае паўстанне). Іншыя былі накіраваны супраць беларускіх калабарацыяністаў, як, напрыклад, напад на гарнізон у Жодзішках у 1942 годзе[12].
У сувязі з канфліктам з савецкімі сіламі палякі сталі супрацоўнічаць з немцамі. 9 студзеня 1944 года атрад нямецкіх вайскоўцаў колькасцю да 50 чалавек увайшоў у вёску Чарчонава (Маладзечанскі раён), каб перадаць польскім легіянерам зброю і боепрыпасы. У гэты ж час з турмаў у Лідзе і Ганцавічах былі вызваленыя ўдзельнікі польскага падполля. Немцы планавалі выкарыстоўваць іх для барацьбы з «чырвонымі». У маі адна з груп нацыяналістаў сумесна з нацыстамі вяла баі супраць савецкіх партызан[13].
Пасля вызвалення Беларусі (1944—1954)
[правіць | правіць зыходнік]Пасля вызваленне Беларусі летам 1944 года польскае падполле разгарнула актыўную працу па супрацьдзеянні і зрыву мерапрыемстваў па аднаўленні савецкай улады ў заходніх абласцях Беларусі. Байцы руху арганізоўвалі выбухі чыгуначных шляхоў, абстрэлы эшалонаў, напады на тылавыя часці і ваенныя склады, праводзілі тэрор у дачыненні да мясцовага насельніцтва, забойствы вайскоўцаў, міліцыянтаў, прадстаўнікоў дзяржаўных устаноў, прыхільнікаў савецкай улады[14].
У 1944 годзе польскі рух актыўнічаў галоўным чынам у раёнах н. п. Радунь, Ліда, Воранава, Васілішкі і іншых месцах. Узброеныя фармаванні запалохвалі насельніцтва і пагражалі тэрорам у дачыненні да тых, хто будзе ўдзельнічаць у працы савецкіх устаноў, і тых, хто пойдзе ў ваенкаматы, на прызыўныя пункты. Этнічныя палякі адмаўляліся прызнаваць савецкую ўладу, не з’яўляліся на прызыўныя пункты і сыходзілі ў лясы. З’явіліся буйныя атрады польскіх легіянераў, якія налічвалі ад 50 да 200 узброеных чалавек[15]. Толькі на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці налічвалася каля 70 груп агульнай колькасцю каля 3000 байцоў[16].
У 1944—1945 гадах іх актыўнасць адзначалася ў Астравецкім, Свірскім, Лідскім, Гродзенскім раёнах. У сувязі з тэрорам ЦК КП(б)Б абавязаў НКДБ і НКУС узмацніць барацьбу з антысавецкай дзейнасцю, а таксама размясціць дадатковыя воінскія часці ў райцэнтрах Маладзечанскай, Баранавіцкай, Гродзенскай абласцей[17].
На перыяд 1944—1950 гадоў прыпадае пік актыўнасці руху[18].
Апошнія польскія атрады дзейнічалі ў беларускіх лясах да 1954 года[2][14]. Ва ўмовах Халоднай вайны асобныя з іх былі звязаны са спецслужбамі замежных дзяржаў (ідэалагічна, маральна, матэрыяльна — забяспечваліся зброяй, боепрыпасамі, сродкамі сувязі, грашыма)[19].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б Вовк 2005, с. 196.
- ↑ а б Маркелов 2017, с. 48.
- ↑ а б в г Барабаш, В.В. Деятельность польского антисоветского сопротивления на территории Западной Беларуси в 1939 - 1941 гг // Вестник Полесского государственного университета. Серия общественных и гуманитарных наук : журнал. — 2010.
- ↑ Бенда 2020, с. 56—57.
- ↑ а б в Бенда 2020, с. 57.
- ↑ а б Вовк 2005, с. 197.
- ↑ Вовк 2005, с. 298.
- ↑ Бенда 2020, с. 58.
- ↑ Бенда 2020, с. 63.
- ↑ Вовк 2005, с. 197—198.
- ↑ Бенда 2020, с. 67—68.
- ↑ Бенда 2020, с. 60—61.
- ↑ Бенда 2020, с. 67—69.
- ↑ а б Бенда 2020, с. 70.
- ↑ Бенда 2020, с. 70—71.
- ↑ Бенда 2020, с. 72.
- ↑ Великий А.Ф., Ставропольский альманах Российского общества интеллектуальной истории: вып. 6 (специальный): материалы международного научного семинара «Своё» и «Чужое» в исследовательском поле «истории пограничных областей», Пятигорск, 16-18 апреля 2004 г. – Ставрополь: Изд-во СГУ, 2004 – С.146-154.
- ↑ Маркелов 2017, с. 39.
- ↑ Краско, Г. Г. Причины и особенности организационного развития советских органов государственной безопасности в 1946-1947 гг. (на примере Белорусской ССР) // Ученые записки. Электронный научный журнал Курского государственного университета. — 2017. — № 3 (43).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Вовк, Н. Ю. Армия Крайова на территории СССР во время Второй мировой войны // Знание. Понимание. Умение: журнал. — 2005. — № 2. — С. 195—201.
- Бенда, В. Н. Противоборство советских партизанских отрядов и Красной армии с польским военно-политическим подпольем на территории Западной Белоруссии в 1941—1945 гг. // Журнал российских и восточноевропейских исторических исследований — 2020. — № 2 (21). — С. 49—78.
- Маркелов, Н. И. Межэтнический конфликт белорусов и поляков в 1944-1950 гг. : политический и националистический аспекты // Исторический журнал: научные исследования. — 2017.