Пермакультура

Пермакульту́ра (ад англ.: permaculture, permanent agriculture «сталая сельская гаспадарка») — падыход да сельскагаспадарчай дзейнасці, заснаваны на выкарыстанні механізмаў прыродных экасістэм. Прыхільнікі пермакультуры вызначаюцьт яе як інавацыйную аснову для стварэння ўстойлівага ладу жыцця і практычны метад распрацоўкі экалагічна гарманічных, эфектыўных і прадукцыйных сістэм, якімі можна карыстацца ў розных умовах.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Упершыню назву «сталая сельская гаспадарка» ўжыў у 1929 г.[1] амерыканскі географ Джозеф Расэл Сміт (1874—1966 гг.), які прапаноўваў ствараць падлесак пры вырошчванні арэхавых дрэў, падобна таму як гэта адбываецца ў прыродзе. Сучаснае вызначэнне тэрміна пермакультура было ўжыта і патлумачана тасманійскімі навукоўцамі Білам Молісанам і Дэвідам Холмгрэнам у 1978—1979 гг. у кнігах «Пермакультура I»[2] і «Пермакультура II»[3]. У 1978 г. у Тасманіі быў створаны даследчы цэнтр для эксперыментальнага выпрабавання вынесеных імі прапаноў. Пазней Б. Молісан заснаваў 2 інстытуты, адзін з якіх працуе ў ЗША, і да канца свайго жыцця прачытаў лекцыі ў болей чым 80 краінах свету.
На Беларусі паслядоўнікі Б. Молісана з’явіліся ў 1994 г.[4]
Тэорыя
[правіць | правіць зыходнік]Тэорыя пермакультуры накіравана на стварэнне штучных экалагічных сістэм на аснове наяўных рэсурсаў, пры гэтым дадзеныя сістэмы павінны прыносіць карысць для іх стваральнікаў (эканамічную, эстэтычную, пазнавальную і інш.). Тэорыя абапіраецца на веды аб наяўнасці гарызантальных ярусаў і геаграфічных зон у функцыянаванні адзінай сістэмы, груп раслін і іншых жывых арганізмаў, што аказваюць узаемны станоўчы ўплыў. Чалавек таксама можа разглядацца як частка створанай экасістэмы, паколькі ён праектуе яе і аказвае непасрэдны ўплыў. На практыцы ў пермакультуры ўжываюцца розныя вядомыя прыёмы агратэхнікі і ландшафтнай экалогіі: мульчыраванне, стварэнне цёплых град, штучных геалагічных утварэнняў, збор дажджавой вады і г. д. Выкарыстанне тых ці іншых прыёмаў залежыць ад канкрэтнага выпадку і пастаўленай задачы.
Прынцыпы пермакультуры
[правіць | правіць зыходнік]Асноўныя прынцыпы творчага дызайна і этыкі пермакультуры былі распрацаваны і апублікаваны Дэвідам Холмгрэнам у 2002 г.[5]:
- Назіранне і ўзаемадзеянне: траціць час для зносін з прыродай, каб запазычаць у яе рашэнні і ўжыць іх у пэўнай сітуацыі
- Атрыманне і захоўванне энергіі: павышэнне эфектыўнасці вонкавых рэсурсаў (святла, вады, цяплыні і інш.) праз іх выкарыстанне ў найбольш спрыяльных для гэтага ўмовах
- Атрыманне вынікаў (усе дзеянні павінны прыносіць канкрэтныя вынікі)
- Ужыванне самарэгуляцыі і зваротнай сувязі (створаныя штучныя экасістэмы павінны самарэгулявацца, знешняе рэгуляванне не павінна парушаць экалогію)
- Выкарыстанне і разуменне каштоўнасці ўзнаўляемых рэсурсаў
- Мінімізацыя або адсутнасць адыходаў
- Праектаванне ад шаблонаў да дэталяў (паступовае праектаванне асобных элементаў і ўнясенне змен)
- Інтэграванне замест падзелу. Стварэнне адзінай экасістэмы патрабуе сумяшчэння розных культур або прынцыпаў іх апрацоўкі. Традыцыйны падзел на сад і агарод ці надзелы для пэўных культур парушаюць іх узаемасувязь, якая павінна прывесці да фарміравання пладавітай сістэмы
- Выкарыстанне малых і марудных рашэнняў. Пры стварэнні малых штучных экасістэм трэба абапірацца на наяўныя рэсурсы, каб пры магчымасці пашыраць іх
- Апора на разнастайнасць для захавання экасістэмы ў неспрыяльных умовах
- Каштоўнасць межаў і ўскраін, паколькі там адбываюцца найбольш цікавыя працэсы для далейшага развіцця
- Творчыя выкарыстанне наяўнага і рэакцыя на змены
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Smith, R. Tree Crops: A Permanent Agriculture. — New York: Harcourt, Brace, 1929
- ↑ Mollison, B. Permaculture 1: a perennial agricultural system for human settlements / Bill (B.C.) Mollison and David Holmgren. — Ealing: Transworld Publishers, 1978
- ↑ Mollison, B. Permaculture Two: Practical Design for Town and Country in Permanent Agriculture / Bill Mollison. — Stanley: Tagari Publications, 1979
- ↑ Пермакультурная революция
- ↑ Гл.: David Holmgren, Permaculture: Principles & Pathways Beyond Sustainability
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]![]() |
Пермакультура на Вікісховішчы |
---|