Полацкае права

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

По́лацкае пра́ва — сістэма норм звычаёвага і пісанага феадальнага права, якая дзейнічала на землях Полацкага княства, а пазней Полацкага ваяводства.

Аб выключным становішчы Полацкай зямлі ў ВКЛ сведчаць палажэнні дагавора 1388 паміж ВКЛ і Лівонскім ордэнам і дагавора Полацка і Рыгі 1478 аб дружбе і гандлі.

Права палачан прымаць паслоў з Ноўгарада, Пскова, Лук і «Немец» і вырашаць на месцы ўсё спрэчныя пытанні было замацавана ў спецыяльнай грамаце, выдадзенай вялікім князем Аляксандрам у 1499.

Важнейшымі крыніцамі Полацкага права да прыняцця Статута ВКЛ 1529 былі прывілей Полацку 1498 на магдэбургскае права, грамата 1499 аб намесніцкім і войтаўскім судзе, пацвярджальная грамата 1502 аб царкоўным судзе полацкага архіепіскапа і «Прывілей баярам, мяшчанам і ўсёй зямлі Полацкай на правы і вольнасці іх…» (гл. таксама Полацкія прывілеі).

Найважнейшым элементам дзяржаўна-прававога жыцця палачан у канцы 15 — 1-й палавіне 16 ст. было права вырашаць важнейшыя пытанні гарадскога жыцця на сходзе-сойме. Аўтаномнасць Полацкай зямлі была і ў тым, што полацкі ваявода прызначаўся толькі са згоды палачан. Паводле Полацкага права нават вялікі князь не меў права судзіць палачан па-за межамі Полацкай зямлі, а таксама перадаваць яе ў чыё-небудзь уладанне. Абмежаванымі былі правы цэнтральнага ўрада ў царкоўных і маёмасных справах палачан і паўнамоцтвы полацкага ваяводы. Палачанам гарантаваліся і асобныя прывілеі: яны вызваляліся ад гандлёвых пошлін на тэрыторыі ўсёй дзяржавы і ад некаторых падаткаў, ім гарантавалася права вольнага распараджэння маёнткамі. Рашэнні і прыгаворы, вынесеныя ў Полацкай зямлі, не пераглядаліся ў вышэйшых судах дзяржавы.

Нормы Полацкага права былі выкарыстаны пры падрыхтоўцы Статутаў ВКЛ 1529, 1566 і 1588.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]