Помнік Міхаілу Мураўёву
Помнік | |
Помнік Міхаілу Мураўёву-Віленскаму | |
---|---|
54°41′01″ пн. ш. 25°17′09″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Расійская імперыя |
Горад | Вільня |
Скульптар | Мацвей Чыжоў |
Архітэктар | Іван Трутнеў, Васіль Гразноў |
Дата пабудовы | 1898 год |
Стан | не захаваўся |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Помнік Міхаілу Мураўёву — колішні помнік рускаму дзяржаўнаму дзеячу графу Міхаілу Мікалаевічу Мураўёву, віленскаму генерал-губернатару і душыцелю паўстання 1863—1864 гадоў у Паўночна-Заходнім краі. Помнік быў адкрыты ў Вільні ў 1898 годзе і прастаяў да эвакуацыі ўглыб Расіі ў 1915 годзе.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Задума
[правіць | правіць зыходнік]У 1890 годзе некалькі праваслаўных вільнян пачалі збор подпісаў пад прашэннем да ўлад пра ўсталяванне помніка М. Мураўёву ў Вільні. У лютым 1891 г. віленскі генерал-губернатар Іван Каханаў падаў адпаведны даклад міністру ўнутраных спраў Пятру Дурнаво і, атрымаўшы ў сакавіку Найвышэйшае ўхвалення, абвясціў збор сродкаў[1]. Паспяховы збор ахвяраванняў на помнік дазволіў даволі хутка забяспечыць неабходную для будаўніцтва суму. Камітэт па ўстаноўцы помніка даручыў распрацоўку праекта мясцовым мастакам — акадэміку І. П. Трутневу і В. В. Гразнову з умовай, каб асновай помніка была статуя скульптара М. А. Чыжова, якае адлюстроўвае Мураўёва ў поўны рост[2]. Праект манумента быў ухвалены імператарам у лютым 1896 года, пасля чаго было выбрана месца на Палацавай плошчы (пасля перайменаванай у Мураўёўскую) перад генерал-губернатарскім палацам. 3 кастрычніка 1897 г. адбылася закладка помніка[1].
Адкрыццё
[правіць | правіць зыходнік]Урачыстае адкрыццё і асвячэнне помніка адбылося 8 лістапада 1898 года. Урачыстыя малебны з нагоды адкрыцця помніка служыліся ў праваслаўных храмах ва ўсім Віленскім генерал-губернатарстве. Пра імкненне надаць акцыі маштабнасць гаворыць той факт, што камітэт па стварэнні помніка некалькі месяцаў шукаў асоб, якія служылі ў Віленскім генерал-губернатарстве пры М. Мураўёве ці ўдзельнічалі ў задушэнні паўстання. Яны разам з прадстаўнікамі сялянства ад усіх шасці падначаленых губерняў удзельнічалі ў адкрыцці помніка ў Вільні. Самую вялікую ўвагу помніку і ўсяму, што было з ім звязана, удзяляла газета «Литовские епархиальные ведомости». Праекту надавалі агульнадзяржаўнае значэнне. Ён шырока асвятляўся не толькі ў віленскай, але і ў пецярбургскай прэсе. Адна з галоўных расійскіх афіцыйных газет «Правительственный вестник» у лістападзе 1898 г. змясціла больш за 10 публікацый рознага кшталту (навіны, паведамленні, біяграфічны нарыс), прысвечаных адкрыццю помніка альбо звязаных з ім. Была нават выдадзена асобная ілюстраваная кніга, якая апавядала пра працэс стварэння помніка[1].
Рэакцыя
[правіць | правіць зыходнік]Сярод часткі расійскіх інтэлектуалаў, не звязаных з Вільняй, асоба Мураўёва і дзейнасць па задушэнні паўстання працягвалі ацэньвацца крытычна. Яшчэ напярэдадні ўсталявання помніка адзін з найбольш актыўных прыхільнікаў праекта А. Уладзіміраў пісаў у 1896 г.[1]:
<…> супраць помніка графу Мураўёву дзейнічае двайная варожая сіла — польскай злосці і рускай здрады, якія падалі адна адной рукі на згубу Расіі. |
Рэдакцыя санкт-пецярбургскага літаратурнага часопіса «Северный вестник» у 1897 г. у палеміцы з Львом Ціхаміравым іранізавала над яго ўзнёслай хвалебнай рыторыкай і нелагічнасцю прыведзеных аргументаў. Аднак найбольш адыёзнасці «мураўёўскай» кампаніі супрацьстаяў часопіс «Вестник Европы», які некалькі разоў выступаў з крытычнымі артыкуламі ў адрас стваральнікаў культу. Напрыклад, на выхад панегірыкаў да адкрыцця помніка ён адгукнуўся разгромным артыкулам, дзе падобную дзейнасць ацаніў глыбока негатыўна. Рыторыка ў адносінах да іх аўтараў гучала дастаткова вострая — «няўмераныя праслаўляльнікі гр. Мураўёва», «тэндэнцыйныя праслаўляльнікі» і г. д., а іх аргументы — «яўнае скажэнне ісціны», «бесцырымонныя адносіны да гістарычнай праўды», «у аднолькава хлуслівым святле выстаўляецца значэнне гр. Мураўёва як у знешняй, так і ва ўнутранай палітыцы Расіі», «тэндэнцыйныя перабольшванні», «фантасмагорыі», «паклёп», «хлусня і крывадушнасць» і да т. п. І ў цэлым ацэнка самога М. Мураўёва «Вестником Европы» была значна больш стрыманай і рэалістычнай, заснаванай на шматлікіх крыніцах. Хаця і сам часопіс за падобную пазіцыю трапляў пад крытыку, напрыклад, А. Вінаградава, сябра Камітэта па стварэнні помніка і актыўным мураўёўскім «праслаўляльнікам»[1].
У польскамоўнай грамадскасці Вільні і ўсяго Віленскага генерал-губернатарства спроба стварэння культу Мураўёва ўвогуле выклікала супрацьлеглую рэакцыю. На адкрыццё помніка Мураўёву яна адгукнулася сабатажам і контрагітацыяй, а сам помнік ператварыўся ў аб’ект пратэстных акцый. Апісанне адной з іх пакінула беларуская грамадская дзеячка Паўліна Мядзёлка[1]:
Іду на Дварцовую плошчу ў шэры дом, што насупраць сквэру з помнікам Мурав’ёву-вешацелю. Каля помніка спацыруе ўзад і ўперад гарадавы. Я ўспомніла, што мне апавядалі аб гэтым помніку. Даўней не было тут гарадавога. Ён паявіўся пасля адной штукі, якую выкінула віленская моладзь. Набралі хлопцы ў бойні трыбухаў і кішок, ноччу абляпілі імі помнік з галавы да ног, а на пастамент вылілі некалькі бутэлек валерыянкі. Зляцеліся са ўсяго гораду сабакі да трыбухаў, а каты на пах валерыянкі. І што там тварылася ў падножжа помніка, можна сабе ўявіць! З таго часу гарадавы днём і ноччу сцеражэ гэты помнік. |
Напярэдадні, падчас і пасля адкрыцця помніка сярод віленчукоў распаўсюджваліся пракламацыі і адозвы «антымураўёўскага» зместу[1].
Дэмантаж
[правіць | правіць зыходнік]Помнік прастаяў да 1915 года, калі ў час Першай сусветнай вайны Вільня была ўзята нямецкімі войскамі. Паводле адной з версій, як і помнік Кацярыне II, ён быў эвакуіраваны[3][4], паводле іншай — застаўся ў горадзе і польскія ўлады пасля ўчынілі з яго максімальна магчымы здзек — пабудавалі грамадскія гарадскія прыбіральні[5].
Кампазіцыя
[правіць | правіць зыходнік]Падножжа бронзавай статуі складаў высокі чатырохвугольны гранітны пастамент, на пярэднім боку якога быў прымацаваны радавы герб Мураўёвых з дэвізам «Не посрамим земли Русской» (бел.: Не пасаромім землі Рускай). Пад гербам быў надпіс: «Граф М. Н. Муравьев 1863—1865» (бел.: Граф М. М. Мураўёў 1863—1865). На правым боку пастамента была нанесена дата нараджэння, на левым — дата смерці графа. На заднім боку размяшчалася карта Паўночна-Заходняга края.
Статуя адлюстроўвала Мураўёва ва ўвесь рост, у генеральскім сурдуце і непакрытай галавой. Граф абапіраўся правай рукой на кій, з якім праз атрыманае ў бітве пад Барадзіным раненне нагі ніколі не раставаўся. Левая рука ляжала на эфесе шаблі. Помнік удала перадаваў усе характэрныя абрысы фігуры і рысы твару Мураўёва. Помнік быў абнесены жалезнай рашоткай, вакол якой па кутах стаялі чатыры кандэлябры.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ а б в г д е ё Матвейчык Дзмітрый Часлававіч. Спроба стварэння культу асобы Міхаіла Мураўёва і яе ўплыў на развіццё гістарыяграфіі паўстання 1863—1864 гг. у Беларусі (1890—1905 гг.) // Беларускі гістарычны часопіс. — 2018. — № 5. — С. 35-48.
- ↑ Архіваваная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 верасня 2013. Праверана 19 лютага 2013.Архіваваная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 верасня 2013. Праверана 19 лютага 2013.
- ↑ Афіцыйны сайт Літоўскай рэспублікі(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 9 лістапада 2012. Праверана 9 лістапада 2012.
- ↑ Інфармацыйны партал фонду «Русский мир»(недаступная спасылка)
- ↑ Ф. Аскидов. «За вашу и нашу свободу!» Хроника борьбы за независимость [Польши]. Родина (журнал) № 12 — 1994, стр. 75
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Помнік Міхаілу Мураўёву
- Помнік Міхаілу Мураўёву ў ВільніАрхівавана 24 студзеня 2009. у блогу Szhaman.livejournal.com
- Памяці графа Міхаіла Мікалаевіча Мураўёва (Да дня адкрыцця яму помніка ў г. Вільна 8 лістапада 1898 г.) у Вікікрыніцах (руск.)