Перайсці да зместу

Праспер Аквітанскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Праспер Аквітанскі
Дата нараджэння каля 390[1]
Месца нараджэння
Дата смерці каля 463[2][3]
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці багаслоў, гісторык, пісьменнік
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Праспер Аквітанскі (Праспер Тырон[4], лац.: Prosperus Aquitanus, каля 390460 гг.) — святы, багаслоў і гісторык родам з рымскай правінцыі Аквітанія (на мяжы Галіі з Іспаніяй).

Склаў хроніку, якая лічыцца каштоўнай крыніцай па гісторыі Еўропы 1-й паловы V стагоддзя, таксама вядомы ў сувязі з шэрагам тэалагічных сачыненняў.

Дакладныя даты яго жыцця не вядомыя. Упершыню Праспер згадваецца ў лісце да Св. Аўгусціна ў 429 годзе, дзе характарызуецца як чалавек, які адрозніваецца сваёй маральнасцю, красамоўствам і энергічнасцю. На падставе гэтага гісторыкі вызначаюць яго ўзрост прыкладна ў 40 гадоў, каб адпавядаць гэтай характарыстыцы. Сваю хроніку Праспер заканчвае 455 годам. Візантыйскі гісторык Марцэлін Коміт згадвае яго імя пад 463 годам, таму, відаць, Праспер памёр у прамежку паміж 455 і 463 гадамі.

Праспер прыняў актыўны ўдзел у багаслоўскай спрэчцы з «марсельскімі манахамі» (у тым ліку, з прападобнымі Касіянам Рымлянінам і Вікенціем Лерынскім) пра суадносіны ласкі і свабоды волі, наконт чаго перапісваўся са святым Аўгусцінам, вучэннем якога захапляўся. У 431 годзе ён наведаў Рым, дзе дамогся падтрымкі Папам Цэлестынам I вучэння Аўгусціна.

У 433 годзе Праспер склаў першую рэдакцыю сваёй хронікі («Epitoma chronicon»), якую затым дапаўняў аж да 455 года. Ад біблейскага стварэння свету да 378 года хроніка з’яўляецца пераказам хронікі Св. Ераніма. У апісанні падзей 1-й паловы V стагоддзя праца Праспера ўтрымлівае падрабязныя звесткі, многія з якіх не адлюстраваны іншымі аўтарамі. Гэта адносіцца ў прыватнасці да нашэсця германцаў на Галію, войнаў з вандаламі.

Каля 440 года Папа Леў I зрабіў Праспера сваім сакратаром, давяраючы яму весці перапіску ад свайго імя. Праспер быў, мабыць, сведкай рабавання Рыма вандаламі ў 455 годзе, бо гэтай падзеяй завяршаецца яго хроніка.

Памяць Св. Праспера Аквітанскага адзначаецца 25 чэрвеня.

Выслоўі і погляды

[правіць | правіць зыходнік]

Адно з самых часта цытаваных выслоўяў Праспера: «Legem credendi lex statuat supplicandi» (пазней скарочаны да «lex orandi lex credendi»): парадак набажэнства вызначаны верай.[5] Гэты тэалагічны прынцып агучвае цесную сувязь літургічнага жыцця з верай у Бога, усталёўвае ўзаемасувязь унутранага пераканання (веры) з яе знешняй праявай (малітвай). Адступленні ад малітвы могуць пацягнуць, паводле гэтага прынцыпу, скажэнні ў глыбіні веры.

Іншы вядомы афарызм Праспера: «Quidquid non possidet armis, religione tenet»: што не заваёўваецца зброяй, тое кіруецца рэлігіяй.[6]

Зноскі

  1. svetnik Prosper Aquitanus // CONOR.SI Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Saint Prosper of Aquitaine // Post-Reformation Digital Library Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Prosper Aquitanus // opac.vatlib.it
  4. Так называлі Праспера ў некалькіх манускрыптах (Brussels manuscript; Bede: De arte metrica, xxii) яго хронікі. Тыра на латыні азначае навічок.
  5. Аўтарства таксама прыпісваецца Папе Цэлестыну I у лісце да біскупаў Галіі ў 422 годзе.
  6. Prosper of Aquitania, Carmen de Ingratis, 41-44