Прывілей 1387 года

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Прывілей 1387 года — заканадаўчы акт Вялікага Княства Літоўскага, выданы каралём і вялікім князем Уладзіславам Ягайлам у Вільні 20 лютага 1387 года.

Арыгінал не вядомы, дакумент захаваўся толькі ў спісках. Напісаны на лацінскай мове. Ягайла тытулуецца як «Уладзіслаў, з ласкі Божай кароль Польшчы і найвышэйшы князь Літвы і спадчыннік Русі і іншага». Акт выданы адначасова са знішчэннем паганскіх фетышаў у Вільні і масавым хрышчэнне літоўцаў па ўсёй дзяржаве падчас першага пасля заключэння Крэўскай уніі 1385 года прыезду Ягайлы ў Княства, каб умацаваць пазіцыі ўніі і хрысціянства наданнем ахрышчаным літоўскім баярам некаторых прывілеяў на ўзор польскай шляхты.

Прывілей пашыраўся толькі на тых, хто прыняў каталіцкае хрышчэнне. Ім гарантавалася права поўнай уласнасці на родавыя маёнткі, у тым ліку вольнага распараджэння імі. У выпадку смерці баярына маёнтак пераходзіў яго ўдаве, пры яе паўторным замужжы перадаваўся дзецям або бліжэйшым сваякам нябожчыка. Надавалася права вольна выдаваць замуж дачок, унучак і агулам сваячак, а таксама ўдоў. Баяры вызваляліся ад дзяржаўных працоўных павіннасцей, за выключэннем будаўніцтва і рамонту замкаў. Грашовыя і натуральныя падаткі ў прывілеі не згаданы і не рэгламентаваны. Забеспячэнне баяр падчас вайсковай службы ўскладалася на іх кошт. У выпадку праследавання ворага і ўцекачоў, усё мужчыны здольныя трымаць зброю, а не толькі баяры, павінны былі ўдзельнічаць у ім (згадана народная назва гэтай павіннасці — «пагоня» (pogonia), запісаная па-старабеларуску лацінскімі літарамі). Калі баярын пакідаў каталіцтва, то болей не мог карыстацца перавагамі прывілея. Таксама была ўніфікавана судовая сістэма, для кожнага намесніцтва вызначаўся адзін суддзя і адзін выканаўца прысудаў.

Сведкамі-гарантамі прывілея выступілі князі троцкі Скіргайла, гарадзенскі Вітаўт, наваградскі Карыбут, мсіцслаўскі Карыгайла, кернаўскі Вігунт, а таксама польскія князі алясніцкі Конрад, мазавецкія Ян і Земавіт, некаторыя польскія ўраднікі.

Некаторыя рэлігійныя палажэнні прывілея ад 20 лютага 1387 года развіты праз два дні іншым прывілеем Ягайлы ад 22 лютага 1387 года. Гэтым дакументам загадана ўсім літоўцам, што жывуць у Літве і Русі, прыняць каталіцтва; забараняліся шлюбы літоўцаў з праваслаўнымі («русінамі»); праваслаўныя, якія ўзялі шлюб з літоўцамі, абавязваліся прыняць каталіцтва; маёнткі каталіцкага святарства вызваляліся ад дзяржаўных павіннасцей і падаткаў. Прывілей таксама напісаны на лацінскай мове.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]