Пуна (востраў)
Пуна | |
---|---|
ісп. Puná | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 919 км² |
Насельніцтва | 6 500 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 7,07 чал./км² |
Размяшчэнне | |
2°50′00″ пд. ш. 80°08′00″ з. д.HGЯO | |
Акваторыя | Гуаякільскі заліў |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Пуна́ (ісп.: Puná) — востраў на поўдні эквадорскай правінцыі Гуаяс. Агульная плошча — 919 км². Насельніцтва (2001 г.) — 6 500 чалавек.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Пуна — найбуйнейшы востраў Эквадора без уліку архіпелага Галапагас. Ён месціцца ў Гуаякільскім заліве за 54 км на поўдзень ад горада Гуаякіль. Узнік першапачаткова як выступ вулканічнага паходжання, вакол якога адбывалася паступовае ссяданне наносаў ракі Гуаяс. Пераважаюць раўнінныя пейзажы. Характэрны сухі трапічны клімат пад уздзеяннем прахалодных акіянічных плыняў.
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]Частка вострава Пуна пакрыта ксерафітнымі і мангравымі лясамі. Сустракаюцца разнастайныя марскія птушкі, крабы, кайманы. Марскія воды каля берагоў насяляюць дэльфіны. Для аховы рэдкіх відаў птушак востраву быў нададзены запаведны статус.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У дакалумбаву эпоху востраў насялялі індзейцы, якія размаўлялі на мове, адрознай ад суседніх, займаліся рыбалоўствам і збіральніцтвам, лічыліся вельмі ваяўнічымі. У 1531 г. адбылася сутычка паміж тубыльцамі і іспанскім атрадам на чале Франсіска Пісара. У 1541 г. індзейцы вострава Пуна захапілі ў палон і пасля катаванняў забілі Вісэнтэ дэ Вальвердэ, першага біскупа Куска. У 1587 г. яны разам з іспанцамі адбілі пірацкі напад Томаса Кавендыша. Але ў XVII — пачатку XVIII стст. напады піратаў працягваліся.
Сучасныя астравіцяне лічаць сябе нашчадкамі карэнных жыхароў, іншаземных піратаў і гандляроў. Яны займаюцца земляробствам, вырошчваннем какосавай пальмы, гадоўляй крэветак. На востраве развіваецца турызм.