Пяхота

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Пяхота — род войскаў, якія ваююць пераважна ў пешым баі (на ўласных нагах).

У сучасным свеце пяхота можа выкарыстоўваць матарызаваны транспарт. Доўгі час пяхота выкарыстоўвала пераважна ручную зброю (стралковую), у сучасных умовах (21 стагоддзе) можа выкарыстоўваць шырокае кола ўзбраення (уключаючы ракетнае). У сувязі з развіццём тэхнікі і сродкаў дастаўкі можна правесці наступную класіфікацыю пяхоты:

  • мотастралкі (асноўны сродак дастаўкі жывой сілы — аўта і бранетэхніка)
  • марская пяхота (асноўны сродак дастаўкі жывой сілы — марскі/рачны транспарт)
  • паветраныя дэсантнікі (асноўны сродак дастаўкі жывой сілы — авіятэхніка).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Каралеўскія Ірландскія стралкі ў час Першай Сусветнай вайны (1916).

За некаторымі выключэннямі, большасць армій у гісторыі была створана на аснове пяхоты. Віды ўзбраенняў мяняліся, але нязменным заставаўся прынцып пешай бітвы. Пехацінцы перамяшчаліся і вялі бой на ўласных нагах (асабліва ў даіндустрыяльны перыяд), хаця зараз яны могуць быць дастаўлены на месца бою з дапамогай розных транспартных сродкаў.

У старажытнасці пяхота была добра ўзброенымі бандамі, якія біліся ў хаатычна згуртаваных радах пад камандваннем аднаго лідара, што аддаваў загады непасрэдна голасам. Але перавагі уніформы, абсталявання і ўзбраення прывялі да развіцця баявых фармацый дзеля выканання тактычных манёўраў у час бітвы.

Арганізацыя пяхоты пачалася з балансавання паміж цяжкаўзброеннымі фармаваннямі (як Грэчаская фаланга), што біліся ў правільных шыхтах і больш лёгкаўзброенымі, але і больш мабільнымі войскамі (як Рымскі легіён), якія маглі скарэй перамяшчацца па полі бою і выкарыстоўваць усе магчымасці на сваю карысць, калі яны з'яўляліся. Праблемы з мабільнасцю, узбраеннем і абаронай (панцырам) дапаўняліся дадатковымі фактарамі, якія трэба было вырашаць.

Антычны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Пяхота была асноўнай баявой адзінкай Антычнага перыяду. Прыклады баявых фарміраванняў таго перыяду — грэчаскія фалангі і легіёны Рымскай імперыі. У адрозненне ад добра арганізаваных фаланг і легіёнаў, большасць армій старажытнага свету была ўкамплектавана нерэгулярнымі воінамі (часцей за ўсё наймітамі), што насілі менш брані і біліся ў адкрытых фармацыях.

Пасля таго, як Рымская імперыя распалася і была захоплена германскімі плямёнамі (вандаламі, готамі, вестготамі) у 5 стагоддзі нашай эры, з-за недахопу палітычных і ваенных рэсурсаў, патрэба ў такога роду баявых адзінках знікла амаль да Сярэднявечча.

Сярэднявечча[правіць | правіць зыходнік]

Большую палавіну сярэднявечча ў войсках панавала кавалерыя (вершнікі, воіны на конях), якая складалася з асобных рыцараў. Рыцары часцей за ўсё паходзілі са шляхты, а пехацінцаў набіралі ў асноўным з простага насельніцтва. Гэта ўскладніла развіццё пяхотнай тактыкі і ўзбраення.

У канцы сярэднявечча былі распрацаваныя доўгія дзіды, а таксама зброя дальняга бою (лукі), каб было што проціпаставіць перавазе кавалерыі ў мабільнасці і хуткасці.

Новы час[правіць | правіць зыходнік]

Хоць лукі і выкарыстоўваліся нават пасля вынаходжання агнястрэльнае зброі, тэхналагічнае развіццё дазволіла гэтай зброі атрымаць першынства нават перад англійскім доўгім лукам у якасці любімай зброі пяхоты. Таксама было нашмат лягчэй навучыць пехацінцаў карыстацца агнястрэльнай зброяй, чым лукам (дні ці тыдні да сярэдняга ўзроўню валодання, у параўнанні з гадамі для доўгага лука). У фармацыях камбінаваліся агнястрэльная зброя і доўгія дзіды для процістаяння кавалерыі (але пасля вынаходства штыка патрэба ў дзідах знікла).

Да вынаходства чыгункі (у 19 стагоддзі), пяхотныя арміі дабіраліся да месца бітвы пехатою ці, зрэдку, на караблі.

Марскія пехацінцы ўпершыню з'явіліся ў 16 стагоддзі ў Іспаніі (Infanteria de Marina), а ў 17 стагоддзі ў астатніх краінах Еўропы, у тым ліку ў Вялікай Брытаніі. З-за таго, што Брытанія не была кантынентальнай дзяржавай, ёй не патрабавалася вялікая армія, але пяхота была неабходна пры падыходзе к берагу для высадкі на яго. Тыповы каралеўскі марскі баявы карабель мог узяць на борт каля 600 чалавек. З іх 120-180 былі каралеўскімі марскімі пехацінцамі. Яны звычайна мелі сваю палубу і не займаліся мараходствам. Утваралі дэсантныя атрады, абаранялі карабель у час абардажу, чынілі пашкоджаную зброю і гарматы пасля бітвы.

20-21 стагоддзі[правіць | правіць зыходнік]

У канцы 19 стагоддзя і пазней некаторыя дзяржавы ўжывалі веласіпедную пяхоту (накшалт італьянскіх Bersaglieri), але сапраўдную мабільнасць пяхота пачала набываць у 20-ых гадах 20 стагоддзя, калі з'явіўся матарызаваны транспарт і, адпаведна, матарызаваная пяхота. Другая Сусветная вайна паказала неабходнасць абароны пяхоты пры перамяшчэннях, што прывяло к распрацоўцы браніраванага транспарту для перавозкі пяхоты.

У час Другой Сусветнай Вайны шырокае распаўсюджанне атрымалі паветраныя дэсантнікі, якія адыгралі ключавую ролю ў некаторых бітвах у Еўропе.

У час вайны ў В’етнаме армія ЗША упершыню выкарыстала верталёты дзеля хуткай дастаўкі вялікай колькасці пехацінцаў на вялікія адлегласці.

Сёння дастаўка пехоты з дапамогай верталётаў называецца «паветраны штурм». Сучасную матарызаваную пяхоту падчас падтрымліваюць браніраваныя атакуючыя машыны (танкі), баявыя машыны пяхоты, артылерыя і авіяцыя, але існуе і лёгкая пяхота, якая не выкарыстоўвае матарызаванага транспарту. Але роля пяхоты пачынае змяншацца, па-першае, з-за развіцця новых тэхналогій, якія не патрабуюць прысутнасці людзей на полі бою, а, па-другое, з-за таго, што сучасныя палітыкі стараюцца ўстрымацца ад «татальнай вайны» і звесці колькасць чалавечых ахвяр да мінімуму.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]