Піраты Карыбскага мора: Праклён «Чорнай пярліны»

З пляцоўкі Вікіпедыя
Піраты Карыбскага мора: Праклён «Чорнай пярліны»M:
англ.: Pirates of the Caribbean: The Curse of the Black Pearl
Постар фільма
Жанр фэнтэзійны фільм[4][1][…], фільм плашча і шпагі[d], фільм-паляванне на скарбы[d], кінакамедыя[5], баявік, прыгодніцкі фільм і пірацкі фільм[d]
Рэжысёр
Прадзюсар
Сцэнарыст
У галоўных
ролях
Аператар
Кампазітар
Кінакампанія Walt Disney Pictures, Jerry Bruckheimer Films[d] і Джэры Брукхаймер[d]
Працягласць 137 хв.
Бюджэт 140 000 000 $[13]
Зборы 654 264 015 $[14] і 305 413 918 $[15]
Краіна
Мова англійская
Год 9 ліпеня 2003[1][2], 2 верасня 2003[3] і 13 жніўня 2003
IMDb ID 0325980
Афіцыйны сайт

«Піраты Карыбскага мора: Праклён „Чорнай пярліны“» (англ.: Pirates of the Caribbean: The Curse of The Black Pearl) — прыгодніцкі фільм 2003 года рэжысёра Гора Вярбінскага[en], першы фільм з кінасерыі «Піраты Карыбскага мора[en]». Створаны кінакампаніяй «Walt Disney Pictures» і прадзюсарам Джэры Брукхаймерам[en], фільм заснаваны на атракцыёне Уолта Дыснея «Піраты Карыбскага мора[en]». Галоўныя ролі ў фільме выканалі Джоні Дэп, Джэфры Раш, Арланда Блум, Кіра Найтлі, Джэк Дэвенпарт[en], Кевін Мак-Нелі, Зоі Салдана, Джонатан Прайс[16].

Фільма апавядае гісторыю пра тое, як пірат Джэк Верабей (Джоні Дэп) і каваль Уіл Цёрнер (Арланда Блум) ратуюць выкрадзеную дачку губернатара Элізабет Суон (Кіра Найтлі) ад праклятай каманды «Чорнай пярліны» на чале з капітанам Гектарам Барбосам (Джэфры Раш).

Джэй Уолперт[en] распрацаваў сцэнарый у 2001 годзе, а Сцюарт Біці[en] перапісаў яго ў пачатку 2002 года. Прыкладна ў той жа час да праекту далучыўся прадзюсар Джэры Брукхаймерам[en]. Ён папрасіў Тэда Эліята[en] і Тэры Росіё[en] папрацаваць над сцэнарыем, дадаўшы ў сюжэт звышнатуральны праклён, каб прывесці яго ў адпаведнасць з арыгінальным тэматычным атракцыёнам. Здымкі праходзілі з кастрычніка 2002 года па сакавік 2003 года ў Сэнт-Вінсэнце і Грэнадынах і на здымачных пляцоўках ля Лос-Анджэлеса, Каліфорнія.

Сусветная прэм’ера адбылася 28 чэрвеня 2003 года ў парку Дыснэйлэнд[en] у Анахайме, Каліфорнія. Фільм меў велізарны касавы поспех, сабраў 654,3 мільёна долараў па ўсім свеце, што зрабіла яго чацвёртым самым касавым фільмам 2003 года. Ён атрымаў у цэлым станоўчыя водгукі ад крытыкаў, а ігра Дэпа атрымала ўсеагульнае прызнанне. Пасля многіх гадоў у якасці культавай кіназоркі, фільм вывеў Дэпа ў статус аднаго з самых высокааплатных акцёраў. За ролю Джэка Вераб’я Дэп атрымаў Прэмію Гільдыі кінаакцёраў за найлепшую мужчынскую ролю[en], а таксама намінацыі за Найлепшую мужчынскую ролю на прэміі «Оскар», «BAFTA» і «Залаты глобус».

«Праклён „Чорнай пярліны“» стаў першым фільмам у франшызе з двума прамымі працягамі: «Куфар мерцвяка» (2006) і «На краі свету[en]» (2007). Яшчэ два сіквелы, «На дзіўных берагах[en]» і «Мёртвыя не распавядаюць казак[en]», выйшлі ў 2011 годзе і 2017 годзе адпаведна.

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

Пачатак XVIII стагоддзя. Маленькая дачка губернатара Порт-Рояла Элізабет Суон[en], плывучы на караблі Каралеўскага ваенна-марскога флоту Вялікабрытаніі, заўважае ў Карыбскім моры падарваны карабель. Сярод абломкаў заўважаюць хлопчыка Уіла Цёрнера[en] і паднімаюць на борт. Элізабет знаходзіць на ім пірацкі медальён, які тайком забірае сабе, каб дарослыя не даведаліся пра паходжанне Уіла.

Мінае 10 гадоў. Пасталелай Элізабет сняцца сны пра падзею з дзяцінства, яна дагэтуль захоўвае медальён і рамантызуе пірацтва. Уіл працуе чаляднікам у каваля і таемна закаханы ў Элізабет, аднак не рашаецца прызнацца ёй у пачуццях. Тым часам малады пірат і абаяльны прайдзісвет — капітан Джэк Верабей[en] — прыбывае ў Порт-Роял. Выбраўшы момант, ён вырашае выкрасці карабель, але яго спыняе ахова. Ён прызнаецца, што мае намер «рэквізаваць» судна і набраць на яго каманду, каб вярнуць свой стары карабель — легендарную «Чорную пярліну[en]». Загаварыўшы ахову, яму ўдаецца ўзысці на борт хуткаходнага карабля «Перахопнік». Тым часам камандор Джэймс Норынгтан[es] робіць Элізабет прапанову, але дзяўчыне робіцца млосна ў занадта туга зацягнутым гарсэце, і яна падае з вышыні ў акіян. Верабей бачыць гэта і вырашае ўратаваць дзяўчыну. Выцягнуўшы яе на бераг, ён заўважае знаёмы медальён, але ў гэты момант з’яўляецца камандор з губернатарам і гвардзейцамі, яны арыштоўваюць Джэка за пірацтва. Элізабет заступаецца за яго, як за свайго выратавальніка, але Джэк тут жа бярэ яе ў закладнікі, прыкрываючыся ёю, вяртае свае рэчы і збягае. Ён хаваецца ў кузні, дзе працуе Уіл Цёрнер. Хлопец уступае ў шпажны бой з піратам і амаль адольвае яго, але Верабей дастае пісталет і ўгаворвае хлопца адступіцца, бо куля ў пісталеце не для яго. У гэты момант ачынаецца п’яны каваль і аглушае Джэка бутэлькай. Пірата забіраюць у турму, прызначыўшы яму на досвітку пакаранне смерцю праз павешанне.

Уначы ў порт прыбывае «Чорная пярліна», а на ёй піраты на чале з капітанам Барбосам[en]. Піраты нападаюць на горад, і выпадковы стрэл з гарматы па турме вызваляе вязняў з суседняй камеры, але не закранае камеру Джэка, які здагадаўся аб прысутнасці свайго старога карабля па знаёмым грукаце гармат. Піраты рабуюць горад і ўламваюцца ў сядзібу губернатара. Калі рабаўнікі знаходзяць Элізабет, яна раптам патрабуе, каб паводле «пірацкага кодэксу», яе адвялі да капітана як парламенцёра. Падчас бітвы Уіл заўважае піратаў, якія вядуць Элізабет на карабель. Ён спрабуе прыйсці ёй на дапамогу, але яго аглушаюць. На караблі дзяўчына прадстаўляецца Барбосе як Элізабет Цёрнер. Піраты, даведаўшыся прозвішча, адмаўляюцца адпусціць яе і адплываюць разам з ёй.

Раніцой ачунялы Уіл застае камандора ў развагах, які курс маглі ўзяць піраты, і прапануе яму спытаць у Вераб’я, але Норынгтан адмаўляецца, тлумачачы, што піраты не выратавалі Джэка, а значыць яны адзін аднаму не саюзнікі. Тады Уіл самавольнічае і прапануе Вераб’ю вызваленне ў абмен на дапамогу ў выратаванні Элізабет. Джэк не хоча прымаць прапанову, але, даведаўшыся імя хлопца, адразу згаджаецца. Разам яны прабіраюцца на «Перахопнік» і, скраўшы карабель, адплываюць на базу піратаў — Тартугу. Па дарозе Джэк паведамляе, што ведаў бацьку Уіла — ён быў піратам. Цёрнер спачатку адмаўляецца прыняць гэты факт, але потым зміраецца. На Тартузе Джэк сустракае свайго былога таварыша Джошамі Гібса і паведамляе яму, што з дапамогай Уіла Цёрнера яны змогуць вярнуць «Чорную пярліну» і адпомсціць Барбосе за яго здраду. Тым часам Барбоса ладзіць вячэру з Элізабет. За вячэрай ён распавядае легенду пра ацтэкскае золата, якое было праклята багамі шмат гадоў таму. Медальён Элізабэт — адна з 882 такіх жа залатых манет, узятых камандай Барбосы з куфара на Ісла-дэ-Муэрта. Пасля крадзяжу піраты пераўтварыліся ў несмяротных зданяў, і пры святле месяца Элізабет з жахам бачыць іх сапраўднае аблічча — шкілеты ў рваніне замест адзення. Яны не могуць ні памерці, ні атрымаць задавальненне ад жыцця. Каб скінуць праклён, ім трэба вярнуць усё золата, выкрадзенае з куфра, і абмыць яго крывёй кожнага праклятага пірата. Цяпер для зяцця праклёну не дастае толькі крыві Прыхлопа Цёрнера, а паколькі Элізабет прадставілася яго прозвішчам, яны прынялі яе за дачку пірата.

Містэр Гібс набірае каманду на «Перахопнік», а капітанам карабля становіцца Анамарыя, у выплату за тое, што Джэк раней узяў без дазволу яе брыг. Па дарозе Гібс распавядае Уілу легенду аб цудоўным выратаванні капітана Джэка Вераб’я ад зняволення на востраве. Раней Джэк быў капітанам «Чорнай пярліны», а Барбоса быў яго старэйшым памагатым. Барбосе належыла частка знойдзеных скарбаў, таму ён папрасіў у Вераб’я карту, якая вядзе на Ісла-дэ-Муэрта. Здабыўшы карту, піраты высадзілі Джэка паміраць на бязлюдны востраве з пісталетам, зараджаным толькі адной куляй. Але, як гаворыцца ў легендзе, ён выбраўся заарканіўшы дзвюх марскіх чарапах. Пасля выратавання Верабей захоўвае пісталет з куляй, каб адпомсціць Барбосе. Джэк і Уіл на борце «Перахопніка» наганяюць «Чорную пярліну» ля Ісла-дэ-Муэрта. Джэк просіць Уіла не геройстваваць і дачакацца спрыяльнага моманту, але той аслухваецца. Ён аглушае Джэка і вырашае дзейнічаць па-свойму.

Тым часам піраты Барбосы здзяйсняюць абрад вяртання выкрадзенага медальёну — праліваюць крыху крыві Элізабет і кідаюць медальён у куфар з іншымі вернутымі манетамі. Аднак абрад не спрацоўвае, так як Элізабет не з’яўляецца дачкой Прыхлопа. Пакуль піраты выясняюць адносіны, Уіл ратуе Элізабет, якая не забываецца прыхапіць і медальён. Піраты заўважаюць знікненне дзяўчыны і адпраўляюцца на пошукі, але замест Элізабет знаходзяць Джэка. Яны хочуць прыстрэліць свайго колішняга лідара, але Верабей кажа, што ведае, дзе знайсці сапраўднага нашчадка Прыхлопа, і яго пакідаюць у жывых. Апынуўшыся на «Перахопніку», Элізабет аддае медальён Уілу, бо той па праве прыналежыць яму. Згодна з законам пірацкага кодэксу — «не чакаць тых, хто адстаў» — яны сплываюць без Джэка, але неўзабаве на даляглядзе паказваецца «Чорная пярліна».

Адбываецца бітва. Малпачка Барбосы па мянушцы Джэк (верагодна, названая Барбосам у здзек над Вераб’ём) перахоплівае медальён Уіла і нясе гаспадару, той жа бярэ ў палон усю каманду «Перахопніка», а сам карабель (у тонучым труме якога застаўся Уіл) загадвае ўзарваць. На здзіўленне, Уіл уратоўваецца і ўзабраўшыся на борт «Пярліны» патрабуе адпусціць Элізабет і не кранаць каманду Джэка, пагражаючы самагубствам. Барбоса не разумее, у чым справа, тады Уіл распавядае аб сваім паходжанні і што яго смерць зробіць немагчымым зняцце праклёну. Барбоса пагаджаецца на ўмовы Уіла, але выконвае іх па-здзекліваму літаральна, замыкае каманду Джэка ў труме, не кранаючы іх, а Элізабет і Джэка адпускае, высаджваючы на незаселеную выспу. Вераб’ю ён вяртае і пісталет з куляй. На востраве Джэк прызнаецца, што ў мінулы раз ён выбраўся не на чарапахах, а пры дапамозе кантрабандыстаў, бо тут у іх была схованка з ежай і ромам. Увечары Джэк з Элізабэт п’юць і весяляцца ля вогнішча. Але раніцай Элізабет спальвае ўвесь ром і пальмавы лес на востраве з мэтай прыцягнуць увагу каралеўскага флоту. Джэк упадае ў шаленства, бо шкадуе спалены ром, але неўзабаве заўважае каралеўскі карабель «Бясстрашны». Джэка і Элізабет ратуюць, але Джэк зноў аказваецца асуджаны на пакаранне. Элізабет просіць Норынгтана выратаваць Уіла, і той згаджаецца толькі пасля таго, як Элізабет прымае прапанову стаць яго жонкай.

Па просьбе Элізабет, Джэку прапануюць здзелку — паказаць шлях на Ісла-дэ-Муэрта ўзамен на змякчэнне прысуду. Два караблі прыплываюць на востраў. Джэк агучвае камандору свой план: ён выманьвае піратаў у мора, а «Бясстрашны» расстрэльвае іх з гармат. Элізабет спрабавала растлумачыць, што піратаў немагчыма забіць, бо яны праклятыя, але людзі губернатара не ўспрымаюць яе ўсур’ёз. Джэк Верабей зноў прыходзіць на месца, дзе кроў Уіла збіраюцца праліць у ахвяру багам, і папярэджвае Барбосу пра набліжэнне флота, і аб тым, што праклён лепш зняць пазней. Каманда Барбосы адпраўляецца на бітву з «Бясстрашным», а Джэк, улучыўшы момант, спрабуе забіць Барбосу. Тым часам Элізабет уцякае з карабля на востраў і дапамагае Уілу ў змаганні з застаўшыміся людзьмі Барбосы. Джэк, скраўшы адзну з праклятых манет, сам становіцца несмяротным і гэтым ратуе сябе ад гібелі, калі Барбоса пратыкае яго шабляй. Падчас сутычкі Джэк кідае скрадзеную манету Уілу, Барбоса цэліцца ў Элізабет, але Джэк у гэты момант выстрэльвае ў Барбосу з пісталета. Той кажа, што куля страчана дарма, але затым бачыць, што Уіл кідае манеты, запэцканыя яго крывёй і крывёй Джэка, у куфар. Раны Барбосы пачынаюць кроватачыць, да яго вяртаюцца чалавечыя пачуцці, і ён памірае. Уся каманда Барбосы на «Бясстрашным» траціць неўміручасць і адразу ж здаецца ўладам.

«Бясстрашны» вяртаецца ў Порт-Роял. Джэка, нягледзячы на яго дапамогу, паўторна прыгаварваюць да павешання. Але перад самым пакараннем смерцю Уіл прызнаецца ў каханні Элізабет і адпраўляецца ратаваць Джэка. Уцёкі не ўдаюцца, іх адразу атачаюць і бяруць на прыцэл, але ў гэты момант Элізабет таксама заступаецца за Джэка, і аб’яўляе Норынгтану, што пойдзе за Уіла. Скарыстаўшыся збянтэжанасцю, Джэк, развітваецца з прысутнымі і падае з уступа ў мора. Тым часам на даляглядзе паказваецца «Чорная пярліна» і падбірае Джэка. Анамарыя аб’яўляе Вераб’я яе капітанам. Насуперак правілам, губернатар аб’яўляе аб памілаванні Уіла, і аразу ж дабраслаўляе яго шлюб з Элізабет. Камандор, пранікшыся павагай да Джэка, не спяшаецца пусціцца ў пагоню, а высакародна дае яму дзень форы. Элізабет і Уіл, застаўшыся сам-насам, цалуюцца.

У сцэне пасля тытраў малпачка Барбосы апынаецца ў пячоры на Ісла-дэ-Муэрта. Яна ўзбіраецца на куфар з праклятым золатам ацтэкаў і бярэ адну манету сабе. У промнях месяцавага святла малпачка пераўтвараецца ў шкілет. Яна зноў становіцца праклятай і несмяротнай.

Акцёрскі склад[правіць | правіць зыходнік]

   Джоні Дэп   –   Джэк Верабей[en]
   Джэфры Раш   –   Гектар Барбоса[en]
   Арланда Блум   –   Уіл Цёрнер[en]
   Кіра Найтлі   –   Элізабет Суон[en]
   Джэк Дэвенпарт[en]   –   Джэймс Норынгтан[es]
   Кевін Мак-Нелі   –   Джошамі Гібс[en]
   Зоі Салдана   –   Анамарыя
   Джонатан Прайс   –   Уэзербі Суон[nl]
   Трэва Эцьен[en]   –   Кёлер
   Дэвід Бэйлі[en]   –   Котан
   Лі Арэнберг[en]   –   Пінтэл[nl]
   Макензі Крук[en]   –   Раджэці[nl]
   Трэвар Годард[en]   –   Грэпл
   Айзек С. Сінглтан малодшы[en]   –   Бо Сан

Саўндтрэк[правіць | правіць зыходнік]

Музычнае суправаджэнне падрыхтавалі Клаус Бадэльт[en] і Ганс Цымер, якія таксама выступалі ў якасці прадзюсараў музыкі. Сем іншых кампазітараў, у тым ліку Джэф Занэлі і Рамін Джавадзі[en], значацца як аўтары «дадатковай музыкі». Цымер узначаліў 15 кампазітараў, каб скончыць вытворчасць у тэрмін. Алан Сільвестры[en], які працаваў над музыкай для фільмаў Вярбінскага «Мышынае паляванне[en]» і «Мексіканец[en]», павінен быў удзельнічаць і ў гэтым яго праекце, але Брукхаймер вырашыў супрацоўнічаць выключна з камандай Цымера, якая часта працавала над яго пастаноўкамі. Сільвестры пакінуў вытворчасць да запісу якога-кольвек матэрыялу.

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Паводле рэсурса «Internet Movie Database» фільм быў адзначаны 38 кінаўзнагародамі і яшчэ 104 намінацыямі[17].

Кінафестываль / Кінапрэмія Дата Прэмія / Катэгорыя Намінант(ы) Вынік Спасылкі
Асацыяцыя кінакрытыкаў Чыкага[en] 21.01.2004[en] Найлепшы акцёр[en] Джоні Дэп Намінацыя
Залаты глобус 25.01.2004[en] Найлепшая мужчынская роля — Камедыя або мюзікл[en] Джоні Дэп Намінацыя [18]
BAFTA 15.02.2004[en] Найлепшы акцёр[en] Джоні Дэп Намінацыя [19]
Найлепшы дызайн касцюмаў[en] Пэні Роўз[en] Намінацыя
Найлепшыя грым і прычоскі[en] Ве Ніл[en], Марцін Сэмюэл[en] Перамога
Найлепшы гук[en] Крыстафер Бойс[en], Джордж Уотэрс II[en], Лі Орлаф[en], Дэвід Паркер[en], Дэвід Е. Кэмпбел[en] Намінацыя
Найлепшыя візуальныя эфекты[en] Джон Нол[en], Хэл Хікель[en], Тэры Фрэйзі[en], Чарлз Гібсан[en] Намінацыя
Оскар 29.02.2004[en] Найлепшая мужчынская роля Джоні Дэп Намінацыя [20]
Найлепшыя грым і прычоскі[en] Ве Ніл, Марцін Сэмюэл Намінацыя
Найлепшы мантаж гука[en] Крыстафер Бойс, Джордж Уотэрс II Намінацыя
Найлепшы гук[en] Крыстафер Бойс, Дэвід Паркер, Дэвід Е. Кэмпбел, Лі Орлаф Намінацыя
Найлепшыя візуальныя эфекты[en] Джон Нол, Хэл Хікель, Чарлз Гібсан, Тэры Фрэйзі Намінацыя
Сусветная прэмія саўндтрэкаў 09.10.2004 Найлепшая арыгінальная музыка да фільма Клаус Бадэльт[en], Ганс Цымер Намінацыя

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в г д е ё ж з і к л м н о п http://www.imdb.com/title/tt0325980/ Праверана 7 красавіка 2016.
  2. а б http://www.metacritic.com/movie/pirates-of-the-caribbean-the-curse-of-the-black-pearl Праверана 7 красавіка 2016.
  3. Person Profile // Internet Movie Database — 1990. Праверана 14 красавіка 2017.
  4. а б в г д е ё ж з і к л http://www.ofdb.de/film/35767,Fluch-der-Karibik Праверана 7 красавіка 2016.
  5. https://www.filmaffinity.com/es/film516020.html
  6. а б http://www.filmaffinity.com/es/film516020.html Праверана 7 красавіка 2016.
  7. http://www.sinemalar.com/film/1080/karayip-korsanlari-siyah-incinin-laneti Праверана 7 красавіка 2016.
  8. а б в https://itunes.apple.com/ru/movie/piraty-karibskogo-mora-proklatie/id187698805 Праверана 7 красавіка 2016.
  9. а б в г д http://bbfc.co.uk/releases/pirates-caribbean-curse-black-pearl-2003-0 Праверана 7 красавіка 2016.
  10. а б в г д http://www.imdb.com/title/tt0325980/fullcredits?ref_=tt_cl_sm Праверана 7 красавіка 2016.
  11. http://www.allocine.fr/film/fichefilm_gen_cfilm=46117.html Праверана 7 красавіка 2016.
  12. а б в г д е Česko-Slovenská filmová databáze — 2001.
  13. https://www.webcitation.org/6DnkMmLar?url=http://www.boxofficemojo.com/movies/?id=piratesofthecaribbean.htm
  14. Box Office Mojo — 1999. Праверана 7 сакавіка 2019.
  15. Box Office Mojo — 1999. Праверана 27 красавіка 2022.
  16. Pirates of the Caribbean: The Curse of the Black Pearl (2003) — IMDb (англ.) . Сайт «Internet Movie Database». Праверана 7 кастрычніка 2022.
  17. Pirates of the Caribbean: The Curse of the Black Pearl — Awards (англ.) . Сайт «Internet Movie Database». Праверана 7 кастрычніка 2022.
  18. Winners & Nominees 2004 (англ.) . Сайт прэміі «Залаты глобус». Праверана 7 кастрычніка 2022.
  19. Film in 2004 (англ.) . Сайт прэміі «BAFTA». Праверана 7 кастрычніка 2022.
  20. The 76th Academy Awards — 2004 (англ.) . Сайт прэміі «Оскар». Праверана 7 кастрычніка 2022.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]