Радыёстанцыя Коатвейк

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Будынак A Радыёстанцыі Коатвейк, выгляд спераду

Радыёстанцыя Коатвейк (Radio Kootwijk) — не дзейны комплекс радыёперадаючых станцый, які ў першай палове 20-га стагоддзя фарміраваў важную сувязь паміж Нідэрландамі і іх тагачаснымі калоніямі, а менавіта Галандскай Ост-Індыяй. Комплекс пабудаваны ў 1918. Таксама былі пабудаваныя дамы для працаўнікоў, якія разам з комплексам ўтвараюць аднайменную вёску.

Будаўніцтва комплексу[правіць | правіць зыходнік]

У 1917 для сувязі з метраполіяй ўжо выкарыстоўвалася станцыя бяздротавага тэлеграфа на доўгіх хвалях, якая размяшчалася ў Галандскай Ост-Індыі, на гары Малабар побач з Бандунгам на востраве Ява. Неабходна было пабудаваць аналаг яшчэ і ў Нідэрландах. Пасля вывучэння некалькіх месцаў, была абраная пляцоўка ў маланаселеным раёне Велювэ. Першыя гады перадатчык называлі яшчэ "Радыёстанцыя Хогх Бюйрло" ("Radio Hoog Buurlo"), у гонар бліжэйшай вёскі. Таксама, як для вёскі побач з перадатчыкам, так і для самога перадатчыка выкарыстоўвалася імя "Радыёстанцыя Асэль" ("Radio Assel"), гэтак жа ў гонар населенага пункта паблізу.

Будаўніцтва Будынка A ў 1922

Выкуплены ў Дзяржаўнай лясной управы (Staatsbosbeheer) надзел лесу і пустэчы агульным памерам 450 гектараў у 1917 быў цалкам невыкарыстоўвальным. З ім не існавала ніякай непасрэднай дарожнай сувязі, і пад канец 1918 эксплуатанты вырашылі пракласці вузкакалейную дарогу да прыпынку Асэль на Усходняй чыгунцы (Oosterspoorweg), па якой падвозілі будматэрыялы з іншых рэгіёнаў Нідэрландаў. Мясцовасць "выраўнавалі", г.зн. уся расліннасць была выдаленая так, каб можна было мець неглушымае "кола вяшчання" ('zendcirkel'). Калі перавозка грузаў інтэнсыфікавалася, да станцыі Коатвейк была пракладзена звычайная каляіна, гэтак жа на Усходняй чыгунцы. Гэтае адгалінаванне існавала да 1947. Сёння па траекторыі гэтай чыгуначнай лініі пакладзена асфальтаваная дарога: заходні адрэзак дарогі Radioweg (Радыёшлях).

Была збудаваная вялікая антэна, якая складалася са злучаных адзін з адным медных кабеляў, якія падвесілі на шасці 212 метровых шчоглах, і медных кабеляў пад зямлёй. У сэрцы гэтай сістэмы пабудавалі радыёстанцыю. Яна размяшчалася ў будынку з жалезабетону, які спраектаваў архітэктар з Амстэрдама Юліус Лутман (1890-1973). Лутман спраектаваў галоўны будынак, Будынак A, пад натхненнем ад сфінкса, форму якога няцяжка адгадаць. З-за формы і памеру будынак часам таксама называюць 'саборам'.

Выкарыстанне комплексу[правіць | правіць зыходнік]

У 1923 P&T, папярэдніца P.T.T., пачала бяздротавую трансакіянскую тэлеграфію на доўгіх хвалях. Перадатчык нямецкай кампаніі Telefunken меў мянушку "Доўгі Герыт". Гэтае імя паходзіла ад апошняй літары міжнароднага пазыўнога кода перадатчыка (PCG) і экстрэмальна вялікай даўжыні хвалі, якую ён выкарыстоўваў (17,85 кіламетраў). Аднак шмат часу перадача на доўгіх хвалях не праіснавала: толькі каля двух гадоў. 28 лютага 1928 г. была ўсталяваная радыётэлефонная сувязь, прычым выкарыстоўваліся кароткія хвалі. Для гэтага, на пустцы побач з Хогх Бюйрло, прыблізна на 1½ км на паўдневы усход ад старога перадатчыка, былі пабудаваныя тры новыя будынкі са значна меншымі караткахвалевымі перадатчыкамі. 7 студзеня 1929 ў галаўной канторы тагачаснай P&T у Гаазе каралева-маці Эма (а не, як часта думаюць, Вільгельміна) афіцыйна адкрыла радыётэлефонную сувязь для публікі. Пасля гэтай падзеі словы "Hallo Bandoeng, hier Den Haag" ("Добры дзень, Бандунг, гэта Гаага") сталі легендарнымі. Цяпер жыхары Нідэрландаў маглі тэлефанаваць у Галандскую Ост-Індыю. Такія размовы былі цэлай падзеяй. Каб патэлефанаваць, трэба было прыйсці ў т.зв. "індыйскую кабіну" (Indië-cel) у тэлеграфнай канторы ў адным з чатырох самых буйных гарадоў Нідэрландаў і тады, за 33 гульдэны, якія тады былі сапраўдным багаццем, можна было правесці размову мінімум на тры хвіліны, адзінаццаць гульдэнаў за кожную хвіліну звыш. У верасні 1935 для патрэб нацыі стаў выкарыстоўвацца 'ўзмоцнены' вяшчальны перадатчык, з даўжынёй хвалі 1875 метраў і магутнасцю 120 кілават.

Падчас Другой Сусветнай вайны акупаваны немцамі даўгахвалевы перадатчык выкарыстоўваўся для аднабаковай сувязі з падводнымі лодкамі Крыгсмарынэ ў Атлантычным акіяне. Таксама Вермахт размясціў на будынках прылады СПА і абсталяваў збудаванні P.T.T., сярод іншага, бамбасховішчамі. 6 і 7 красавіка 1945 года, пры набліжэнні канадскіх вызваленчых войскаў, шчоглы перадатчыка былі падарваныя. Таксама немцы знішчылі ўсю перадавальную апаратуру. Яны спрабавалі адным махам разбурыць і Будынак A, дазволіўшы шчогле зваліцца на яго зверху. Будынак з жалезабетону аднак не атрымаў аніякай шкоды. Пасля вызвалення P.T.T. пачалі працу з новай апаратурай і шчогламі. Аднак, у савецкай зоне акупацыі ў Германіі было знойдзена цэлым выкрадзенае абсталяванне перадатчыка. Чатырнаццаць вагонаў даставілі ў красавіку 1947 тэхніку назад на радыёстанцыю.

З развіццём новых тэлекамунікацыйных тэхналогій, такіх як спадарожнікавая сувязь, радыёстанцыя Коатвейк страціла сваю пазіцыю важнага пункта радыёсувязі. 14 кастрычніка 1966 г. паўночная з двух астатніх шчоглаў была знішчаная выбухам.

Радыё-астранамічныя даследаванні[правіць | правіць зыходнік]

У 50-я гады дваццатага стагоддзя P.T.T. заснавала арганізацыю "Ionosfeer-onderzoek en Radio-Astronomie" (Даследаванні іанасферы і радыёастраномія, IRA). Мэтай дадзенай арганізацыі было даследаванне пранікнення касмічнага выпраменьвання, у прыватнасці сонечнай радыяцыі, у Іанасферу, верхні слой атмасферы. Сувязь з дапамогай так званых кароткіх хваляў магчымая дзякуючы таму, што Іанасфера адлюстроўвае радыёсігнал на вялікія адлегласці. Пэўны клас выбухаў на Сонцы, мае такі ўплыў на Зямлю, што радыёсувязь парушаецца. P.T.T., у сувязі з гэтым, імкнулася як мага хутчэй выяўляць такога роду перашкоды, і пры 'пагрозе' радыёперадача хутка пераключалася на іншую даўжыню хвалі. Для гэтых мэтаў у некалькіх сотнях метраў на паўднёвы ўсход ад вёскі была ўсталяваная так званая Würzburg Riese, пакінутая ў дзюнах Паўночнага мора немцамі круцельная талерчатая антэна.

На невялікай адлегласці ад яе была вырытая яма, у якой таксама была ўсталяваная парабалічная антэна (але стала спазіцыянаваная). Гэтая антэна служыла для даследавання галактык і арандавалася у IRA Арганізацыяй фундаментальных навуковых даследаванняў (Nederlandse Organisatie voor Zuiver-Wetenschappelijk Onderzoek). Сярод мноства вядомых астраномаў, важныя даследаванні з дапамогай гэтай устаноўкі правёў Ян Хендрык Оарт (Jan Hendrik Oort). Даследаванні на гэтым комплексе завяршыліся ў 1955.

Змена прызначэння[правіць | правіць зыходнік]

У сакавіку 1980 была знесена апошняя і самая вялікая шчогла (212 м вышынёй). У 1999 парк страціў усе функцыі перадатчыка. У 2001 з будынкаў была вынятая ўся перадаючая апаратура, пасля чаго ў 2004 па даручэнні дзяржавы кавалак зямлі быў выкуплены ў KPN (пераемніка P.T.T.) Службай зямельнага кіравання (Dienst Landelijk Gebied, DLG). Каля 400 з набытых 450 гектар былі непасрэдна перададзеныя Дзяржаўнай лясной управе, ўласніку надзела да 1918. 50 гектараў разам з прыблізна 15 рознымі неразбуранымі будынкамі засталіся ва ўласнасці DLG. Яны пачалі пошук новага ўласніка / аператара для будынкаў.

Працэс змены прызначэння які адбываўся ў перыяд з 2004 па 2006 завяршыўся без поспеху. З 1 студзеня 2007 пачаўся новы працэс, пад назвай 'Маршрут'. У 2007 было вызначана рамачнае пагадненне. Ранняй вясной 2008 дасягнута згода па пашыраным пагадненні (мадэлі перавагі). Мадэль перавагі апісвала якім патрабаванням павінен задавальняць новы ўласнік / аператар. Складанасць палягала ў знаходжанні балансу прыроды, культурнай каштоўнасці, умоў для наведвальнікаў і грашовага боку. Каб прадухіліць вялікі рух транспарту, лік прывабліваемых наведвальнікаў павінен быў заставацца абмежаваным да 150.000 у год.

У пачатку лістапада 2008 г. т.зв. Адміністрацыйная кіруючая камісія радыёстанцыі Коатвейк (Bestuurlijke Begeleidingscommissie Radio Kootwijk, BBC), прызначыла Дзяржаўную лясную ўправу (Staatsbosbeheer, SBB) распарадчыкам і ўласнікам комплексу. 20 лістапада большасць партый у Апелдорнскай муніцыпальнай радзе падтрымалі гэты план. Сельскі савет Радыё Коатвейк аднёсся да плану з энтузіязмам, гэтак жа ён быў падтрыманы і самой Дзяржаўнай лясной управай. SBB заявіла, што да 2014 ім спатрэбіцца па шэсцьсот тысяч у год для часовага кіравання будынкамі станцыі і тады іх можна будзе рэнтабельна эксплуатаваць разам з сумежнай зямлёй доўгі час. З гэтай мэтай разглядаліся разнастайныя спосабы выкарыстання галоўнага будынка, у тым ліку музейныя функцыі. Таварыства спадчыны падлічыла, што для рэстаўрацыі будынкаў неабходна ад 20 да 30 мільёнаў еўра. 10 снежня 2009 г. Дзяржаўная лясная ўправа набыла радыёкомплекс за 1 еўра ў Службы зямельнага кіравання, т.ч. надзел па сканчэнні стагоддзя вярнуўся да першапачатковага ўласніка. Дагавор куплі быў падпісаны на ўрачыстай цырымоніі ў Будынку A.

18 лютага 2010 года муніцыпальная рада Апелдорну пастанавіла, што радыёстанцыя і вёска Радыё Коатвейк павінны стаць гістарычным раёнам пад аховай дзяржавы.

Адкрыццё пляцоўкі[правіць | правіць зыходнік]

Пад канец 2005 чатырохкіламетровы плот вакол былой радыёстанцыі быў знесены, і ўпершыню за 80 гадоў пешыя турысты, веласіпедысты і дзікія жывёлы зноў атрымалі свабодны доступ у гэтую частку Велюве агульнай плошчай 450 гектараў.

Пасля адкрыцця парку мелі месца некалькі інцыдэнтаў. У сакавіку 2006 па невядомай прычыне цалкам быў знішчаны агнём Будынак H, або Гатэль Радыё Коатвейк (таксама як і Будынак A, пабудаваны па праекце Лутмана). У канцы красавіка тое ж самае адбылося з будынкам F, былым адміністрацыйным будынкам.

Збудаванні радыёстанцыі[правіць | правіць зыходнік]

Радыёстанцыя складалася з наступных будынкаў:

  • Будынак перадатчыка (Будынак A + прыбудовы)
  • Будынкі караткахвалевых перадатчыкаў C, D і E
  • Будынак H, былы гатэль
  • Будынак F, адміністрацыйны будынак
  • Воданапорныя вежы пры Радыёшляху
  • Два помпавых будынка ля Радыёшляху 3-9
  • Будынак P, Утрэхтскі склад
  • Будынак G цэх зборкі перадатчыкаў
  • Гаражы C (Радыёшлях)
  • Буда брамніка
  • Будынак трансфарматара 50 КВ

У культуры[правіць | правіць зыходнік]

Галоўны будынак былога комплексу перадатчыкаў, Будынак A, з'яўляецца дзяржаўным помнікам. Будынак у стылі арт-дэко, са скульптурамі Хендрыка ван дэн Эйндэ (Hendrik van den Eijnde) ўяўлячы сабой сумесь амстэрдамскай і берлінскай школ, захапляў фантазіі артыстаў, мастакоў і тэатральных труп.

  • Будынак служыў ў якасці дэкарацый для амерыканскага фільма Mindhunters / Паляўнічыя за розумам (2004) і нідэрландскага фільма Ver van familie / Далёка ад сям'і (зняты ў 2007).
  • У 2007 студыяй Wudenshu быў зняты відэакліп Satellites для нідэрландскага альтэрнатыўнага рок-гурта Autumn.
  • Дуэт з Волендама Nick & Simon зняў відэакліп для сінгла Kijk omhoog (2007).
  • У снежні 2007 сцэнічная група Oostpool выкарыстоўвала будынак для правядзення пастаноўкі "Свая Кроў" (Eigen Bloed).
  • У сакавіку 2008 ў галоўным будынку праводзілася Міжнароднае трыенале Апелдорн 2008; 11 чэрвеня ў прысутнасці каралевы Беатрыкс прайшло адкрыццё трыенале.
  • Дзіцячая стужка "Мега Мінды і кандытарскі барон" (Mega Mindy en de Snoepbaron) часткова знятая на гэтай пляцоўцы. На постэры і ў самім фільме можна пабачыць Будынак A.
  • Фотаздымак Будынку A, зроблены Антонам Карбэйнам (Anton Corbijn), размешчана на вокладцы альбома поп-гурта BLØF Alles Blijft Anders (2011).
  • Нідэрландскі ілюстратар, графічны мастак і мультыплікатар Юст Веркамп (Joost Veerkamp), які зафіксаваў у малюнках шмат гістарычных будынкаў у Нідэрландах, зрабіў гэта таксама і з Будынкам A.
  • Нідэрландская стужка 2012 года Quantum Zeno / Эфект Зянона Іва ван Арта і Дана Віндхорста часткова знятая ўнутры Будынку А і перад ім, а таксама ля воданапорных вежаў.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]