Перайсці да зместу

Рафіды

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Рафіды (ад стар.-грэч. rhaphis — «іголка») — ігольчатыя крышталі аксалату або карбанату кальцыя, адкладзеныя ў клетках раслін. Адносяцца да канчатковых прадуктаў абмену рэчываў і выконваюць у асноўным ахоўную функцыю.

Рафіды ўяўляюць сабой крышталі з сярэднім памерам прыкладна 50 мкм у даўжыню і 250-850 нм у шырыню. Часцей за ўсе гэта солі шчаўевай кіслаты (аксалаты), есць прыклады і крышталеў з адной з форм карбаната кальцыю (араганіту). Па ступені гідратацыі ўсе рафіды шчаўевай кіслаты адносяцца да монагідратаў. Яны ўтвараюцца з эндагенна сінтэзаванай шчаўевай кіслаты, якая злучаецца з кальцыем паступіўшым з вонкавага асяроддзя. Хімічнымі спадарожнікамі рафідаў часта з'яўляюцца розныя таксічныя рэчывы або крухмал.

Рафіды характэрныя для спецыялізаваных клетак — ідыябластаў і ў іх, як правіла, размешчаны ў вакуолях. Крышталяносныя ідыябласты пранізаны сеткай мікратрубачак, якая выступае ў якасці матрыцы і перашкаджае росту клетак у шырыню, але дазваляе ім павялічвацца ў даўжыню. Новаўтвораныя элементарныя крышталі маюць прамавугольную форму, якая ў далейшым пераўтвараецца ў шасці- ці васьмівугольную, або ў прамавугольную з раўчукамі, накшталт літары Н. Канцы ігольчатых крышталяў звычайна паступова звужаюцца на абодвух канцах. Звычайна элементарныя рафіды збіраюцца сотнямі ці тысячамі ў шчыльныя пакункі, абмежаваныя слізістымі абалонкамі. Пры пашкоджанні клеткавай мембраны гэтыя аб'екты лёгка распадаюцца.

Распаўсюджванне

[правіць | правіць зыходнік]

Ідыябласты з рафідамі часцей сустракаюцца ў парэнхімных (мяккіх) тканках раслін, асабліва ў мезафіле ліста (у старых лістах колькасць рафідаў максімальная). Рэдка гэты тып крышталёў сустракаецца ў склеранхіме (апорнай тканцы) некаторых раслін. Утварэнне і прасторавае размяшчэнне рафідаў у раслінных клетках вызначаецца генетычна і часцей за ўсе цесна звязана з пэўнымі сістэматычнымі групамі раслін. У асноўным гэта аднадольныя расліны. У двухдольных раслін рафіды сустракаюцца значна радзей.

Лічыцца, што асноўная функцыя рафідаў - абарона раслін ад паядання жывеламі. Калі жывёла пачынае перажоўваць лісце расліны, рафіды выдзяляюцца з пашкоджаных клетак і раздражняюць сваімі вострымі канцамі слізістую абалонку ротаглоткі жывелы. З-за гэтага раслінаедныя жывелы пазбягаюць ужываць расліны з высокім утрыманнем аксалату кальцыя. Акрамя непасрэднага механічнага раздражнення, рафіды могуць пашкоджваць вакуолі суседніх клетак расліны, у якіх могуць утрымлівацца пратэазы ці таксічныя рэчывы. У далейшым, траўміруючы слізістую абалонку, яны паскараюць дастаўку атрутных рэчываў непасрэдна ў клеткі жывёл. Гэты працэс можа быць настолькі эфектыўным, што часам можа пашкоджваць не толькі далікатную слізістую абалонку, але нават больш грубыя клеткі скуры.

Таксама рафіды могуць выконцваць ахоўную ролю, выводзячы з метабалічнага цыклу расліны лішкі шкоднай шчаўёвай кіслаты. Разам з кіслатой назапашваецца і кальцый. Калі хімічны склад тканак расліны змяняецца і ўзнікае патрэба у кальцыі - ён можа выдзяляцца з рафідаў і паглынацца клеткамі.

Нарэшце ў выпадку тых раслін, дзе рафіды ўваходзяць у склад склеранхімы яны могуць выконваць і апорную функцыю, калі крышталі аксалату кальцыя выступаюць як мікрашкілет. За кошт гэтага умацоўваюцца клеткавыя сценкі і становіцца немагчымым разбурэнне (напрыклад, пры страце тургора).

  • Saeed R. Khan Calcium Oxalate in Biological Systems. -1995. - CRC Press, ISBN 9780367448868