Манюшкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Род Манюшкаў)
Герб «Крыўда»

Маню́шкі (польск.: Moniuszkowie) — шляхецкі род герба «Крыўда».

У XVI — першай палове XVIII ст. род Манюшкаў належаў да ваколічнай шляхты. Яго прадстаўнікі пражывалі ў Бранскім павеце Падляшскага ваяводства Каралеўства Польскага і валодалі землямі ў ваколіцах вёсак Вялікія Манюшкі, Клявянка і Смагароўка[1].

Павелічэнне значэння роду прыпадае на XVIII ст. У матэрыялах, якія падаваліся родам падчас «разбору шляхты» і ў далейшым сталі падставай для апісання гісторыі фаміліі ў генеалагічнай літаратуры[2][3], сцвярджаецца, што першым яе прадстаўніком, які дасягнуў істотных пасад, быў Юзаф, які займаў урад бельскага падчашага. Аднак незалежнымі крыніцамі гэтыя звесткі не пацвярджаюцца[4][1].

Так ці інакш, безумоўным стваральнікам магутнасці роду быў сын Юзафа вайсковы суддзя Станіслаў Манюшка, які ў канцы 1780-х гг. разам з яшчэ адным падляшскім шляхціцам Францішкам Оштарпам набыў у князя Міхала Казіміра Агінскага Смілавіцкае графства. Пачаткі яго кар’еры родавая легенда звязвала з нешчаслівымі сямейнымі абставінамі — нібыта з-за канфлікту з мачыхай юны Станіслаў пакінуў роднае Падляшша і выехаў у Вялікае Княства Літоўскае, дзе служыў пры дварах буйных паноў (у тым ліку, быў падкамісарам у маёнтках гетмана літоўскага і віленскага ваяводы князя Міхала Казіміра Радзівіла «Рыбанькі») і нядоўга займаўся адвакацкай практыкай[5][6][1].

Сядзіба Манюшкаў у Смілавічах

Пасля набыцця Смілавічаў, якія і сталі галоўнай рэзідэнцыяй Манюшкаў на Міншчыне (іншая частка Смілавіцкага графства — Дукора — адышла да Оштарпаў), Станіслаў Манюшка працягваў актыўна ўдзельнічаць у палітычным жыцці позняй Рэчы Паспалітай. Так, у 1792 г. разам з тым жа Францішкам Оштарпам ён быў уцягнуты ў канфлікт з расійскай ваеннай адміністрацыяй падчас дзеянняў Таргавіцкай канфедэрацыі[7][1].

У справе аб дваранскім паходжанні роду Манюшкаў падзеі XVI—XVIII стст. адлюстраваны лапідарна, дакументаў за гэты перыяд не маецца. Пасля зацвярджэння Герольдыяй Сената ў 1832 г. Манюшкі, як і ўсе легітыманаваныя роды, атрымалі права забраць з дваранскага сходу ўсе прадстаўленыя сямейныя дакументы, гэтай магчымасцю яны і скарысталіся[1].

Зноскі

  1. а б в г д Манюшкі герба «Крыўда»: дакументы па гісторыі роду з фонда «Мінскі губернскі дваранскі дэпутацкі сход» (да 200-годдзя з дня нараджэння беларускага і польскага кампазітара Станіслава Манюшкі)
  2. Żychliński, T. Złota księga szlachty polskiej. — T. 30. — Poznań: Drukarnia Dziennika Poznańskiego, 1908. — S. 104—107 (як адзначана ў самім тэксце, на падставе матэрыялаў вядомага мастака і этнографа Альфрэда Ізідора Ромера)
  3. Uruski, S. Rodzina. — T. 11. — Warszawa: Gebethner i Wolff, 1914. — S. 235—236.
  4. Ніводзін Манюшка не згаданы сярод падляшскіх ураднікаў (у тым ліку бельскіх падчашых) у адмысловым сучасным даведніку (Urzędnicy podlascy XIV—XVIII wieku. Spisy. — Kórnik: Biblioteka kórnicka, 1994. — S. 45-47).
  5. Walicki, A. Stanisław Moniuszko. — Warszawa: Gebethner i Wolff, 1873. — S. 3-7
  6. Żychliński, T. Złota księga szlachty polskiej. — T. 30. — Poznań: Drukarnia Dziennika Poznańskiego, 1908. — S. 105.
  7. Аніпяркоў, В. В. Паміж супрацоўніцтвам і канфліктамі: расійскія войскі і прарасійскія канфедэраты на беларускіх землях Рэчы Паспалітай у 1792—1793 гадах // Вестник Полоцкого государственного университета. — Серия A: Гуманитарные науки. — 2015. — № 1. — С. 44-53

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]