Перайсці да зместу

Ваколічная шляхта

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Ваколічная шляхта або засцянковая, заградовая, загонавая, шарачковая шляхта — адна з ніжэйшых груп дробнамаянтковай шляхты на Беларусі ў XV—XX стагоддзях. Юрыдычна адносілася да пануючага саслоўя феадалаў, маёмасна набліжалася да працоўнага сялянства.

Паходзіць са свабодных людзей, якія змаглі дакументальна пацвердзіць асабістую вольнасць ад цяглавачыншавых абавязкаў. Сялілася ў адасобленых паселішчах (аколіцы, засценкі, абрубы) на землях, не занятых гаспадарскімі дамамі і надзеламі залежных сялян. Зямлёй валодала паводле родава-спадчынага права, апрацоўвала яе самастойна, але нярэдка наймала ў дапамогу агароднікаў, халупнікаў і інш. сялян. У канцы XVIII ст. каля 5% ваколічнай шляхты валодалі прыгоннымі. Удзельнічала ў ваяводска-павятовых сойміках, Паспалітым рушэнні, карысталася юрыдычнай недатыкальнасцю, прымала ўдзел у надзвычайных агульназемскіх ваенных і рамонтна-будаўнічых мерапрыемствах. Набілітацыю атрымлівала паводле родавага паходжання падмацаванага сведкамі і каралеўска-соймавымі прывілеямі.

Вылучалася пачуццём уласнай годнасці, незалежнасці, саслоўна-карпаратыўнай выключнасці і салідарнасці. У 1796 годзе на 8 паветах былога Вялікага Княства Літоўскага складала 61% ад усёй шляхты, у 1839 у заходні губернях Расійскай імперыі (Беларусь і Літва) — 56%. У 1810 годзе сярэдняя гаспадарка ваколічнага шляхціца Магілёўскай губерні складалася з 7 душ, мела 7,7 дзесяцін зямлі, 1,8 селяніна.

Пасля ўключэння Вялікага Княства Літоўскага ў склад Расійскай імперыі, увядзення падушных рэвізій, рэкруцтва, маёмаснага цэнзу пры выбарах і інш. у XVIII-XIX стагоддзях ваколічная шляхта страціла сваё саслоўнае становішча. Актыўна ўдзельнічала ў паўстанні 1831 года. Указам Мікалая I ад 19 кастрычніка 1831 года выключана з дваранства і пераведзена ў катэгорыю аседлых аднадворцаў, абложаных падаткамі і рэкруцтвам. Указам ад 01 жніўня 1857 года аднадворцы на дзяржаўнай і ўласнай зямлі пераводзіліся ў дзяржаўных сялян, а на памешчыцкай праз добраахвотніцкія пагадненні з уласнікамі зямлі, зберагалі права захавання і ўзнаўлення вольнасці.