Паны з Подзебрадаў
Паны з Кунштата і Подзебрадаў | |
---|---|
Апісанне герба: Герб Мінстарберкскай галіны паноў з Подзебрадаў (XVI стагоддзе) |
|
Тытул | Князі Мінстарберкскія, Алясніцкія і Опаўскія |
Родапачынальнік | Герхард са Збраслава |
Перыяд існавання роду | XIII стагоддзе — 1686 |
Месца паходжання | Збраслаў каля Брно |
Падданства | Чэшскае каралеўства |
Маёнткі | Мораўска-Тршэбава, Мінстарберкскае княства, Алясніцкае княства, Опаўскае княства, Кладское графства, Подзебрады |
Палацы і асабнякі | Подзебрадскі замак, замак Кунеціцка-Гора |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Паны з Кунштата і Подзебрадаў (чэшск.: Páni z Kunštátu a Poděbrad) — чэшскі арыстакратычны род мараўскага паходжання, які адыгрываў значную палітычную ролю ў гісторыі Чэхіі XV—XVI стагоддзяў. Найбольш вядомым прадстаўніком гэтага сямейства быў чэшскі кароль Іржы з Подзебрадаў (1458—1471), дзякуючы якому род паноў з Подзебрадаў у другой палове XV стагоддзя атрымаў у сваё валоданне Мінстарберкскае (Зямбіцкае) і Опаўскае княствы, а таксама Кладскае графства ў Сілезіі.
Радавы герб
[правіць | правіць зыходнік]Гербам паноў з Кунштата служыў сярэбраны геральдычны шчыт з трыма гарызантальнымі чорнымі палосамі ў верхняй палове. Пазней да іх радавога герба былі дададзены гербы іх феадальных уладанняў у Сілезіі. У наш час іх радавы сярэбраны шчыт з трыма чорнымі палосамі ў верхняй палове намаляваны на гербе чэшскіх гарадоў Кунштат і Польна.
Гісторыя роду
[правіць | правіць зыходнік]Заснавальнікам роду лічыцца мараўскі дваранін Гергард са Збраслава, які ў 1236—1240 гадах займаў пасаду бургграфам Оламаўца. У Герхарда было чатыры сыны, адзін з якіх, Куна са Збраслава і Кунштата (пам. 1295) заснаваў замак і горад Кунштат. Унук Куны Гергард з Кунштата (пам. 1350) служыў брненскім і зноемскім каморнікам.
Адзін з пяці сыноў Гергарда, Бочак I з Подзебрадаў (пам. 1373), быў адным з найбліжэйшых паплечнікаў караля Карала I Люксембургскага, дзякуючы чаму значна павялічыў сваё багацце. У выніку шлюбу з Элішкай з Ліхтанбурка, Бочак I набыў Подзебрадское панства, якое стала цэнтрам яго зямельных уладанняў. У 1353 годзе Бочак стаў каралеўскім чашнікам і ў тым жа годзе быў упершыню згаданы з прэдыкатам «з Подзебрадаў».
Бочак II з Подзебрадаў (пам. 1417), сын Бочака I, яшчэ больш пашырыў радавыя ўладанні, апроч іншага, ён набыў замкі Рыхмбурк, Ліціцы і Боўзаў. У 1377—1387 гадах Бочак II займаў пасаду найвышэйшага каморніка каралеўства, а ў 1394 годзе стаў адным з дзевяці заснавальнікаў Панскага саюза, накіраванага супраць палітыкі караля Вацлава IV. У тым жа годзе ўвайшоў у рэгенцкі савет, які кіраваў каралеўствам у час паланення караля. У 1415 годзе Бочак II з Подзебрадаў быў адным з паноў, якія прыклалі свае пячаткі пад пасланнем супраць спалення Яна Гуса.
Унук Бочака II, Іржы з Подзебрадаў, пасля гусіцкіх войнаў далучыўся да партыі ўмераных чашнікаў, якую ўзначаліў у 1444 годзе ва ўзросце 24-х гадоў. Засяродзіўшы ў сваіх руках фактычную ўладу ў каралеўстве пры малалетнім каралі Ладзіславе, які да таго ж адсутнічаў, Іржы з Подзебрадаў пасля яго смерці ў 1457 годзе дамогся свайго абрання на чэшскі прастол 2 сакавіка 1458 года.
Сыны караля Іржы з Подзебрадаў
[правіць | правіць зыходнік]Пасля таго як Іржы з Подзебрадаў быў абраны каралём Чэхіі, ён пачаў размяркоўваць свае ўладанні сярод сыноў. У 1458 годзе Іржы перадаў старэйшаму сыну Віктарыну (1443—1500) замак Жацлерж, а ў 1464 годзе купіў для яго замак Кунеціцка-Гора. У 1459 годзе Іржы дараваў яму Кладскае графства і Мінстарберкскае княства. У 1462 годзе кароль Іржы перадаў Мінстарберкскае і Опаўскае княствы, а таксама Кладскае графства ў сумеснае феадальнае валоданне Віктарына і двух малодшых сваіх сыноў Індржыха I і Гінека.
У 1472 годзе, праз год пасля смерці караля Іржы, яго сыны падзялілі землі, якія да таго часу былі ў іх сумесным валоданні. Старэйшы з іх, Віктарын, узяў Опаўскае княства (якое ў 1485 годзе вымушаны быў аддаць каралю Мацьяшу Корвіну) і колінскае панства. Пасля смерці яго сына Барталамея (пам. 1515), выдатнага чэшскага дыпламата, род Віктарына з Подзебрадаў згас.
Малодшы сын караля Іржы Гінек (ці Індржых Малодшы) (1452—1492) атрымаў пры падзеле радавое панства ў Подзебрадах і замак Костамлаты на поўначы Чэхіі. У 1475 годзе, пасля смерці сваёй маці Ёганы з Рожміталя, Гінек атрымаў у спадчыну Ліхтамбурк, Мельнік і Цепліцы. Гінек вядомы як выдатны дыпламат і літаратар. З законных дзяцей у яго нарадзілася толькі дачка Ганна. Перад смерцю Гінек завяшчаў большасць сваіх уладанняў брату Індржыху Старэйшаму, а замак Костамлаты — свайму пабочнаму сыну Фрыдрыху.
Сярэдні сын Іржы з Подзебрадаў, Індржых I Старэйшы (1448—1498), атрымаў у спадчыну Мінстарберкскае княства, Кладскае графства, панствы Франкенштэйн, Нахад, Гомале, Кунеціцка-Гора (у 1491 годзе прадаў яго Вілему II з Пернштэйна), Чэске-Скаліцы, Візмбурк, Опатавіцы, Ліціцы. У 1473 годзе Індржых з практычных меркаванняў перайшоў у каталіцтва, а ў 1478 годзе заснаваў у Кладску кляштар Святога Юр'я (Іржы) і Войцеха і заклаў касцёл, якія перадаў ордэну бернардзінцаў. Пасля смерці свайго брата Гінека ў 1492 годзе Індржых I атрымаў у спадчыну радавое панства ў Подзебрадах, якое аднак у 1495 годзе абмяняў у караля Уладзіслава II Ягелонскага на Алясніцкае княства, імкнучыся сканцэнтраваць свае ўладанні ў Сілезіі. У 1497 годзе прадаў панства ў Нахадзе. Індржых I з Подзебрадаў апынуўся найбольш здольным у палітычным плане з усіх сыноў караля Іржы, якія здолелі захаваць і кансалідаваць значныя ўладанні Падэбрадаў у сітуацыі, калі новыя іншаземныя ўладары Чэхіі, Мацьяш Хуньядзі і Уладзіслаў Ягелон, змагаючыся за ўладу, імкнуліся цэнтралізаваць кіраванне каралеўствам і, акрамя таго, павялічыць свае асабістыя ўладанні за кошт маёнткаў спадчыннікаў Іржы з Подзебрадаў. Менавіта нашчадкі Індржыха I працягнулі род караля Іржы, склаўшы т.зв. мінстарберкскую галіну паноў з Подзебрадаў і надоўга сканцэнтраваўшы ў сваіх руках уладу над двума сілезскімі княствамі — Мінстарберкскім і Алясніцкім.
Мінстарберкская галіна
[правіць | правіць зыходнік]Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Паны з Подзебрадаў
- Генеалогія паноў з Кунштата і Подзебрадаў (чэшск.)
- Кладская гісторыя (чэш.)