Сальвінія
Сальвінія | ||||||||||||||||
![]() Сальвінія плывучая (Salvinia natans) | ||||||||||||||||
Навуковая класіфікацыя | ||||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| ||||||||||||||||
Міжнародная навуковая назва | ||||||||||||||||
Salvinia Ség., 1754 | ||||||||||||||||
Сінонімы | ||||||||||||||||
| ||||||||||||||||
Тыпавы від | ||||||||||||||||
|
Сальві́нія[2] (Salvinia) — род папарацей сямейства Сальвініевыя (Salviniaceae).
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Адна- і шматгадовыя водныя разнаспоравыя папараці. Сапраўдных каранёў не маюць. Сцёблы (карэнішчы) галінастыя, ніткападобныя, даўжынёй да 10 см. Лісце па тры ў кальчаках. Два лісты суцэльныя, зялёнага колеру і плаваюць на паверхні вады, трэці ліст (спараносны) буры, рассечаны на ніткападобныя долі, нагадваючыя карані, апушчаны ў ваду. На ўнутраным баку некаторых лістоў маюцца шарападобныя споракарпіі.
Анатамічная будова сцябла і лістоў адлюстроўвае рысы прыстасавання да воднага спосабу жыцця: шмат буйных паветраных поласцей, нязначна развітыя механічныя элементы, моцна рэдукаваная праводзячая сістэма. У цэнтры сцябла праходзіць канцэнтрычны праводзячы пучок (у цэнтры ксілема з 1–3 трахеід, флаэма, перыцыкл) і эндадэрма. Кара з вялікімі паветранымі поласцямі. У лістах многа паветраных поласцяў у два паверхі. На верхнім баку ліста развіваюцца акруглыя клеткі з васкавым налётам. Гэта сасочкі, якія спрыяюць выдаленню вады з паверхні ліста. Знізу лісты і сцябло пакрыты шматлікімі бурымі валаскамі.
Пашырэнне
[правіць | правіць зыходнік]Род налічвае каля 10 (8[3]) відаў, пашыраных у трапічных раёнах Афрыкі і Амерыкі, таксама ва ўмераных абласцях Паўночнай Амерыкі і Еўразіі.
- Salvinia adnata Desv.
- Salvinia auriculata Aubl. — Сальвінія вушастая
- Salvinia biloba Raddi
- Salvinia hastata Desv.
- Salvinia minima Baker
- Salvinia natans All. typus — Сальвінія плывучая, ці Сальвінія плаваючая
- Salvinia nymphellula Desv.
- Salvinia sprucei Kuhn
На тэрыторыі краін былога СССР (у т.л. на тэрыторыі Беларусі) распаўсюджаны 1 від: Salvinia natans — Сальвінія плывучая.
Асаблівасці біялогіі
[правіць | правіць зыходнік]У аснове падводных лістоў на кароткіх бакавых разгалінаваннях утвараюцца шарападобныя сорусы. Усе яны амаль аднолькавых памераў, але ўтрымліваюць усярэдзіне розныя спарангіі.
У адных сорусах развіваюцца шматлікія дробныя мікраспарангіі, у другіх больш буйныя мегаспарангіі ў меншай колькасці. Спарангіі маюць ножку і прымацоўваюцца да плацэнты. Сорусы маюць двайную абалонку (індузій), якая зрастаецца ўнізе і ўверсе. Паміж імі знаходзіцца паветра. У спарангіях са спарагеннай тканкі шляхам рэдукцыйнага дзялення ўтвараюцца споры. У мікраспарангіях развіваецца звычайна 64 мікраспоры. У мегаспарангіях утвараецца спачатку вялікая колькасць мегаспор, але поўнага развіцця дасягае толькі адна (астатнія адміраюць).
Увосень сорусы адпадаюць і зімуюць на дне вадаёма. Вясной пасля згнівання абалонкі сорусаў мікра- і мегаспарангіі ўсплываюць на паверхню.
Кожная з 64 мікраспор прарастае ў моцна рэдукаваны мужчынскі зарастак, які не пакідае мікраспарангія. Пры першым дзяленні мікраспоры ўтвараецца тры клеткі. Ніжняя з іх яшчэ раз дзеліцца на дзве праталіяльныя клеткі. Адна з праталіяльных клетак разрастаецца і высоўвае дзве верхнія антэрыдыяльныя клеткі праз разрыў абалонкі мікраспарангія наверх. Сперматагенная клетка кожнага антэрыдыя ўтварае 4 мнагажгуцікавыя сперматазоіды. Такім чынам, мужчынскі зарастак утварае 2 антэрыдыі і 8 сперматазоідаў.
Мегаспора ў мегаспарангіі прарастае і ўтварае жаночы зарастак, які не пакідае абалонкі мегаспарангія. Пры прарастанні ядро мегаспоры дзеліцца і ўтварае 2 клеткі. З верхняй клеткі фарміруецца жаночы зарастак. Ніжняя клетка моцна разрастаецца, ядро яе дзеліцца шматразова, але перагародкі не ўтвараюцца. Яна запаўняецца спажыўнымі рэчывамі для зародка.
Жаночы зарастак разрывае абалонку мегаспарангія і высоўваецца наверх. Клеткі яго зелянеюць. На ім фарміруецца 3–5 архегоніяў.
Пасля апладнення з зіготы фарміруецца зародак (сцяблінка і лісцікі). З яго ўтвараецца дарослая расліна.
Выкарыстанне
[правіць | правіць зыходнік]Выкарыстоўваюцца ў якасці дэкаратыўных акварыумных раслін, у рыбагадоўлі, у якасці прыродных фільтраў.
Зноскі
- ↑ Звесткі пра род Salvinia у базе даных Index Nominum Genericorum Міжнароднай асацыяцыі па таксанаміі раслін (IATP). (англ.)
- ↑ Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 117. — 160 с. — 2 350 экз.
- ↑ Сальвінія на The Plant List (англ.)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Сапегін Л. М. Батаніка. Сістэматыка вышэйшых раслін: вучэбны дапаможнік для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі па біялагічных спецыяльнасцях — Гомель: ГДУ, 2012. — 337 с. ISBN 978-985-439-644-6
- Скуратовіч А. М. Сальвінія // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 119. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Сальвінія
- Сальвінія на The Plant List (англ.)
- Сальвиния (руск.) — артыкул з Вялікай савецкай энцыклапедыі (руск.)
- Сальвиния на сайце «Архив природы России» Архівавана 17 чэрвеня 2018.