Папарацепадобныя

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Папарацепадобныя
Haeckel Filicinae 92.jpg

Ілюстрацыя з кнігі «Kunstformen der Natur» Эрнста Гекеля (1904).
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Pteridophyta

Геахраналогія
Wikispecies-logo.svg
Сістэматыка
на Віківідах
Commons-logo.svg
Выявы
на Вікісховішчы
ITIS   564826
NCBI   241806
EOL   6352439

Папарацепадобныя, па́параці (Pteridophyta, Polypodiophyta) — аддзел вышэйшых споравых раслін.

Адна з найбольш старажытных груп вышэйшых раслін. Важны кампанент у наглебавым покрыве лясоў, вільготных лугоў і балот.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Пераважна шматгадовыя, травяністыя або дрэвападобныя расліны з прыдаткавымі каранямі, сцёбламі і лісцем вышынёй ад некалькіх міліметраў да 25—30 м. Сустракаюцца ліяны, эпіфіты і водныя расліны.

Сцяблы розныя па памерах, кансістэнцыі, характары росту, анатамічнай будове, часта яны падземныя (тады іх называюць карэнішчамі). Праводная сістэма складаная, разнастайная, камбію ў сапраўдных папарацей няма. Лісце (вайі) буйное, расчлененае, радзей суцэльнае, даўжынёй ад 2—4 мм да 30 м, з добра развітай правадной сістэмай і верхавінкавым ростам (у працэсе эвалюцыі ўзнікла са сцябла). Сцяблы і лісце пакрыты валаскамі або лускавінкамі, асаблівасці будовы якіх — сістэматычная прыкмета.

Пашырэнне[правіць | правіць зыходнік]

Узніклі ў канцы сілурыйскага перыяду, дасягнулі найбольшага росквіту ў каменнавугальны перыяд.

Выдзяляецца 3 класы: поліпадыяпсіды (сапраўдныя папараці), маратыяпсіды (гл. мараціевыя), псілотавыя (у т.л. вужоўнікавыя); 300 родаў, каля 12 тыс. відаў.

Пашыраны ўсюды. Найбольшая колькасць відаў, якія адрозніваюцца паводле жыццёвых форм (наземныя, наскальныя, водныя папараці, эпіфіты, ліяны, дрэвападобныя папараці) — у тропіках. На Беларусі 25 відаў.

Асаблівасці біялогіі[правіць | правіць зыходнік]

Лісце часта сумяшчае функцыі фотасінтэзу і споранашэння, у шэрагу папарацей яно дыферэнцыравана на стэрыльнае (фотасінтэзавальнае) і са спарангіямі (фертыльнае), якія сабраны на ніжняй паверхні ліста.

Расліны з чаргаваннем пакаленняў — спарафіта (бясполае, пераважае) і гаметафіта (палавое). Абодва пакаленні жывуць самастойна. Спарафіт мае прыдаткавыя карані, якія адыходзяць ад сцябла або ад асноў лісця. Са спор вырастае гаплоіднае палавое пакаленне — гаметафіт. Пасля апладнення, якое адбываецца пры наяўнасці вады, з зіготы ўтвараецца новы дыплоідны спарафіт.

Размнажаюцца папараці ў асноўным спорамі, якія развіваюцца ў спарангіях на ніжняй паверхні ліста. Вегетатыўнае размнажэнне — кавалкамі карэнішчаў, прыдаткавымі пупышкамі і інш.

Спарангіі сабраны ў групы — сінангіі або сорусы, часта прыкрытыя асобным вырастам ліста — індузіем (пакрывальцам): радзей яны адзіночныя. Спелыя спарангіі ўскрываюцца з дапамогай спецыяльных утварэнняў (кольца, групы клетак з рознай таўшчынёй сценак і інш.). Споры звычайна з патоўшчанай абалонкай і трохпрамянёвым тэтрадным рубцом. Адрозніваюць раўна- і разнаспоравыя формы. У раўнаспоравых споры аднолькавыя, у разнаспоравых — двух тыпаў: мікра- (утвараюцца ў мікраспарангіях) і мгаспоры (у мегаспарангіях). Са спораў развіваюцца гаметафіты (зарасткі) з мужчынскімі і жаночымі гаметангіямі — антэрыдыямі і архегоніямі, у якіх фарміруюцца клеткі — сперматазоіды (з некалькімі жгуцікамі) і яйцаклеткі. З зіготы, утворанай у выніку апладнення, фарміруецца зародак новага спарафіта.

Гаметафіты раўнаспоравых папарацепадобных двухполыя, маленькія, рознай формы (пласціністыя, сэрцападобныя, ніткавыя і інш.), наземныя, зялёныя і падземныя, бесхларафільныя (жывуць у сімбіёзе з грыбамі). Гаметафіты разнаспоравых — аднаполыя, мікраскапічных памераў, моцна рэдукаваныя (асабліва мужчынскія), развіваюцца на паверхні глебы і вады.

У папарацепадобных вядомы з'явы ўтварэння гаметафіта не са споры, а з вегетатыўных клетак спарафіта (апаспарыя) і ўтварэнне спарафіта з вегетатыўных клетак гаметафіта (апагамія).

Выкарыстанне[правіць | правіць зыходнік]

Лекавыя, харчовыя, тэхнічныя, дэкаратыўныя расліны.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Дзеразападобныя, хвошчападобныя, папарацепадобныя, голанасенныя, пакрытанасенныя / [В. І. Парфёнаў і інш.]. — Мінск: Народная асвета, 1980. — 142, [2] с. — (Наша прырода).
  • Зубкевіч Г. Папарацепадобныя // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т.4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ ім. Петруся Броўкі, 1985. — 599 с., іл.
  • Маўрышчаў В. Папараці // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-11-0198-2 (т. 12), ISBN 985-11-0035-8.