Салігорская гляцыядыслакацыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Салігорская гляцыядыслакацыя знаходзіцца на поўначы Салігорскага і Любанскага раёнаў, паміж рэкамі Случ і Арэса.

Прымеркавана да паўночнай часткі Салігорскай канцова-марэннай грады. Арыентавана субшыротна, у плане дугападобная. Даўжыня каля 10 км, шырыня 1,5—2 км. Належыць да скібавага тыпу, пабудавана са складак і лусак, насунутых адна на другую. Складзена са знесеных сожскім і дняпроўскім (сярэдні антрапаген) ледавікамі антрапагенавых, неагенавых (пясок, гліна), палеагенавых (глаўканітава-кварцавы пясок), мелавых (мел, мергель, пясок), юрскіх (пясчана-гліністыя адклады) адкладаў.

Магутнасць дыслацыраванай тоўшчы 80—120 м. Шырыня скіб 50—800 м (часцей 200—300 м), даўжыня 0,1—2,7 км. Утварылася адначасова з ледавіковымі лагчынамі, размешчанымі на поўнач ад парушэнняў, у асноўным арыентаванымі з усходу на захад. Глыбіня такіх урэзаў да 100—150 м. Матэрыял гляцыядыслакацыі выціснуты ледавіком з лагчын і згружаны каля паўднёвага борта.

3 Салігорскай гляцыядыслакацыяй звязаны радовішчы мелу, глін, пяску. У пародах, якія агаляюцца ў кар'ерах, трапляецца выкапнёвая верхнемелавая марская фаўна, палеагенавая фасфарытаносная галька, знойдзены сляды старажытнага карсту.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Ляўкоў Э. Салігорская гляцыядыслакацыя // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985. — 599 с., іл. — 10 000 экз.