Перайсці да зместу

Арэса

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Арэса
Арэса каля г. Любань
Арэса каля г. Любань
Характарыстыка
Даўжыня 128 км
Басейн 3 620 км²
Расход вады 16,7 м³/с
Вадацёк
Выток каля в. Ляўкі
  Каардынаты 53°11′32″ пн. ш. 28°01′34″ у. д.HGЯO
Вусце Пціч
  Каардынаты 52°33′01″ пн. ш. 28°45′08″ у. д.HGЯO
Размяшчэнне
Водная сістэма Пціч  Прыпяць  Дняпро  Дняпроўскі ліман[d]

Краіна
physical
Арэса
Арэса
— выток, — вусце
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Арэса, Ароса, Раса — рака ў Мінскай і Гомельскай абласцях, правы прыток ракі Пціч (басейн Прыпяці). Даўжыня 128 км. Вадазбор 3620 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 16,7 м³/с. Агульнае падзенне ракі 32,7 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,26 .

На думку Х. Краэ, назва ракі Арэса паходзіць ад індаеўрапейскага кораня *er-/*or- «рухацца, узбуджаць», таксама як і гідронімы *Arisa > Arize (паўднёвая Францыя), Arsia > Arsa (Істрыя) і інш.[1].

Паводле К. Бугі, адпачатная балцкая форма гідроніма — *Aresa, і той жа корань у назвах прускага возера Aryngine, латышскай ракі Aruonа[2]. Ул. Тапароў, нягледзячы на этымалагічную незразумеласць каранёвай часткі, вылучаў тут балцкі ўтваральнік -esa[3]. Латышскі гідронім Aruonа А. Ванагас звязваў з індаеўрапейскім *er- / *or- "рухацца", які ён бачыў і ў назве літоўскай ракі Arina (параўн. ст.-інд. árnah, árnas- «хвалісты; паток», гідронімы Ara ў Іспаніі, Ahr у Германіі, Ahre ў Англіі)[4].

На думку А. Рогалева, старажытнае значэнне каранёвай асновы гідронімаў Арэса, Рось, Расана, Ръша (Аршыца), Роша — «вада», «вільгаць» (параўн. раса, арашаць, русла)[5].

Пачынаецца за 2 км на паўднёвы захад ад вёскі Ляўкі Старадарожскага раёна, цячэ ў Любанскім і Акцябрскім раёнах па Цэнтральнабярэзінскай раўніне, ніжняе цячэнне ў Прыпяцкім Палессі.

Жыўленне ракі мяшанае, пераважна снегавое. Рэльеф вадазбору ў паўночнай частцы слабаўзгорысты ў спалучэнні з раўнінным, на поўдні — плоскі.

Веснавое разводдзе пачынаецца ў 2-й дэкадзе сакавіка і доўжыцца 40—80 сутак, затапляе вялікія прасторы, у тым ліку асушаных балот. Максімальны расход вады каля в. Андрэеўка (за 12 км ад вусця) адзначаны ў 1931 — 301 м³/с, найменшы — у 1927 каля в. Андрэеўка (2,14 м³/с). Летне-асенняя межань доўжыцца каля 5 месяцаў. Рака замярзае ў 2-й палове снежня, крыгалом — у 2-й дэкадзе сакавіка.

У верхнім цячэнні, за 7 км на поўнач ад г. Любань, створана Любанскае вадасховішча, якое ўваходзіць у Арэскую меліярацыйную сістэму і аказвае істотны ўплыў на гідралагічны рэжым Арэсы, бо затрымлівае веснавыя воды (65 млн м³).

Даліна на вялікім працягу невыразная, месцамі шырынёй 0,3—1 км. Пойма пераважна двухбаковая, ніжэй за вёску Падарэссе яе шырыня 0,1—1 км.

Рэчышча амаль на ўсім працягу каналізаванае, шырыня яго ад 5—10 м у вярхоўі да 30—35 м у ніжнім цячэнні. У басейне Арэсы возера Вячэра.

Асноўныя прытокі

[правіць | правіць зыходнік]

Справа: Асвіца, канава Дабрынка, Таліца, Шыпілавіцкі канал. Злева: Солан, Нешчанка, магістральны канал Чабускі, магістральны Слаўкавіцка-Ямінскі канал, Парк.

Рака атрымала шырокую вядомасць пасля апублікавання паэмы Я. Купалы «Над ракой Арэсай».

У міжрэччы рэк Пціч і Арэса знаходзіцца зона адпачынку.

  1. H. Krahe. Unsere ältesten Flussnamen. Wiesbaden, 1964. C. 45-47.
  2. K. Būga. Rinktiniai raštai. — Vilnius, 1961. — Т. III. — С. 535-536.
  3. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. -- Москва, 1962. -- С. 199.
  4. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 47.
  5. А. Ф. Рогалев. Географические названия в калейдоскопе времен. Гомель, 2011. С. 224.
  • Арэ́са, Раса // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — С. 14. — 480 с. 10 000 экз. ISBN 985-11-0035-8. ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
  • Арэ́са, Раса // Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. Мн.: БелЭн, 1994. — С. 39. — 415 с. 10 000 экз. ISBN 5-85700-133-1.
  • Дрозд В. В. Арэ́са // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — С. 131—132.  575 с., іл. 10 000 экз.
  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
  • Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год). — Мн.: Министерство природных ресурсов и охраны окружающей среды, 2005. — 135 с.