Дзяржава Саманідаў
Дзяржава Саманідаў — феадальная дзяржава ў Сярэдняй Азіі на землях міжрэчча Амудар'і і Сырдар'і, Паўночнага і Усходняга Ірана. Існавала ў IX—X стст. Сталіца — Бухара. Найбуйнейшыя эканамічныя і культурныя цэнтры — Бухара, Самарканд, Мерв, Ургенч.
Дзяржава ўзнікла ў выніку распаду Багдадскага халіфату і ўзмацнення мясцовай таджыкскай дынастыі Саманідаў. Найбольшай магутнасці дасягнула на сумежжы IX і X стст., пры эміры Ісмаіле. Асноўныя заняткі насельніцтва: паліўное земляробства, рамёствы. Развіваліся архітэктура, будаўніцтва, вёўся гандаль з Руссю, Сірыяй, Візантыяй, Кітаем, Іранам, хазарамі, булгарамі.
Дзяржава распалася ў 999, пасля захопу Бухары цюркскай дзяржавай Караханідаў. Землі на поўдзень ад Амудар'і заняла дзяржава Газневідаў.
Дзяржава была значным культурным цэнтрам рэгіёну, у ёй жылі і працавалі такія навукоўцы і літаратары, як Ібн-Сіна, Рудакі, Фірдаўсі, Аль-Фарабі. Мяркуецца, што менавіта пры Саманідах склаліся таджыкская народнасць і таджыкская літаратурная мова.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. У 12 т. Т. 9. Рабкор — Сочы / Рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1973. — 640 с.: іл., карты. С. 344.