Саюз змагання за незалежнасць Беларусі
Саюз змагання за незалежнасць Беларусі (СЗНБ) — падпольная арганізацыя ў Заходняй Беларусі, якая дзейнічала ў 1946—1949 гадах.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Арганізацыя была створана студэнцкай моладдзю па ініцыятыве камандзіра партызанскага атрада Івана Раманчука. Устаноўчы сход прайшоў улетку 1946 года на хутары Царская Ліпа (у іншых крыніцах — Саска Ліпка) у Нясвіжскім раёне. На сходзе прысутнічала 6 чалавек, сярод якіх былі студэнты Гродзенскага педінстытута.
Структурна СЗНБ складаўся з суполак, не больш пяці чалавек у кожнай. Усіх членаў ведаў толькі кіраўнік. Задача кожнага была стварыць сваю суполку, і стаць яе кіраўніком. Прысутныя на першым пасяджэнні ўвайшлі ў суполку Міхася Кожыча, а Іван Раманчук сышоў зноў у лясы. Неўзабаве структуры арганізацыі былі створаныя ў Клецкім і Нясвіжскім, Стаўбцоўскім раёнах, а таксама ў Гродна.
Праграма
[правіць | правіць зыходнік]На членаў арганізацыі ўплыў аказала Фултанская прамова Чэрчыля. Арганізацыя мела разбудоўваць структуры, і ў выпадку вайны выступіць у абарону беларускага народа і незалежнасці Беларусі. Адзін з пунктаў праграмы прадугледжваў роспуск калгасаў і перадачу зямлі ва ўласнасць сялянам. Праграма СЗНБ забараняла членам арганізацыі, якія знаходзіліся на легальным становішчы, прымяняць гвалт у дачыненні да савецкай адміністрацыі (за выключэннем яго прымянення ў мэтах самааховы).
Раскрыццё і ліквідацыя
[правіць | правіць зыходнік]Няўдачай сталася спроба стварыць аддзел СЗНБ у Мінску. Савецкія спецслужбы ўвялі ў склад аддзела свайго агента па прозвішчы Касіль, які выдаў мінчукоў.
У 1947 годзе Міхась Кожыч адчуў за сабой зацікаўленасць спецслужбаў і перайшоў на нелегальнае становішча. Ён з’ехаў з Гродна і далучыўся да атраду Раманчука. Аднак праз некаторы час Кожыч выйшаў з лесу і быў арыштаваны. Кожыч быў катаваны ў Баранавіцкай турме, спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, але не вытрымаў і расказаў пра членаў арганізацыі, пра якіх ведаў. У пачатку 1949 года савецкія органы правялі арышты членаў гродзенскай групы.
Арыштаваныя былі змешчаныя ў сумнавядомай унутранай турме МДБ БССР («Амерыканцы»), дзе следчыя допытамі і катаваннямі дабіваліся ад іх паказанняў супраць іншых членаў арганізацыі. Працэс над арганізацыяй адбыўся 15—17 чэрвеня ў Мінску. Падсудныя трымаліся годна, імкнучыся скарыстаць суд для выказвання сваіх патрыятычных поглядаў, хоць у залі суду, акрамя падсудных, прысутнічалі толькі трое суддзяў і канвой. Пасля тых выказванняў канваіры змякчылі абыходжанне з падсуднымі.
Ваенным трыбуналам войскаў МУС Беларускай Вайсковай Акругі за «здраду Радзіме, ускосны тэрор і антысавецкую прапаганду» 18 сяброў СЗНБ былі прагавораны да розных тэрмінаў зняволення.
Ліквідацыя атрада Раманчука («Ястраба»)
[правіць | правіць зыходнік]У маі або ўлетку 1949 года на хутары ў Нясвіжскім раёне савецкія атрады акружылі атрад кіраўніка СЗНБ Раманчука з сям’ю партызанамі. Пасля зацятага бою чатыры хлопцы застрэліліся. Трое, у тым ліку Раманчук, былі паранены і схоплены.
На допытах Раманчук вёў сябе вельмі мужна. Размаўляў са следчымі па-беларуску і толькі ў прысутнасці перакладчыка. Суд прысудзіў Раманчуку 25 гадоў, якія ён поўнасцю адседзеў у лагерах Варкуты і Мардовіі.
Вядомыя сябры
[правіць | правіць зыходнік]- Іван Раманчук («Ястраб») - кіраўнік
- Аляксандр Азарка
- Марыя Азарка
- Мікалай Дэмух
- Вера Касмовіч
- Яўген Касмовіч
- Уладзімір Кісель («Раса»)
- Міхась Кожыч
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]- Саюз беларускіх патрыётаў
- Згуртаванне «Чайка»
- Саюз вызвалення Беларусі
- Мядзельска-Смаргонскае антыкамуністычнае падполле
Для паляпшэння артыкула пажадана |
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- А. Гардзіенка — Апазіцыя ў Беларусі (1944—1953)
- У. Кісель. Сваю моладасць мы прысвяцілі незалежнасці Беларусі(недаступная спасылка) // «Пагоня», 17.03.1998
- У. Кісель. Свабода, годнасць — даражэй за жыццё // Ніколі болей. Вільнюс. 2000.
- Вера Касмовіч Галасы стагоддзя. Мінулы век у памяці сучаснікаў // Радыё «СВАБОДА»
- Эрнест Сабіла сустрэўся з маладафронтаўкай Настай Азаркай, унучкай вязьняў гулагу, якую судзяць за працяг справы сваіх дзядоў Архівавана 6 красавіка 2009. // bchd.info, 4 верасьня 2007