Беларуская служба Радыё «Свабода»

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Беларуская служба Радыё «Свабода» — беларускамоўнае падраздзяленне Радыё «Свабода», якое вяшчае з-за межаў Беларусі, уваходзіць у структуру Радыё Свабода — Свабодная Еўропа і фінансуецца з ЗША. Кіраўнік — Аляксандр Лукашук.

Радыё «Свабода» заснавана ў Мюнхене ў 1952 ва ўмовах «халоднай вайны» для вядзення прапаганды супраць СССР. У 1953 пачало вяшчанне пад назвай Радыё «Вызваленне».. У складзе радыё былі арганізаваны адпаведныя нацыянальныя рэдакцыі, у тым ліку і беларуская, што пачала вяшчанне 20 мая 1954 года. У склад першай беларускай рэдакцыі ўвайшлі: Вінцэнт Жук-Грышкевіч (кіраўнік), Пётра Сыч (намеснік), Янка Ліманоўскі, Сымон Кабыш (Кандыбовіч), Лявон Карась. Напачатку гэта былі 15‑хвілінныя перадачы 24 разы на суткі[1].

З 19 сакавіка 1956 года праграмы былі прадоўжаныя да 20 хвілін і перасылаюцца цяпер 18 разоў на суткі. Кажная беларуская радыёвая перадача пачыналася словамі: «Тут Радыё „Вызваленне“. Вы слухаеце голас сваіх суродзічаў-Беларусаў з вольнага свету… Наш голас ёсць вашым голасам, бо мы з’яўляемся часткай вас, часткай усіх Беларусаў». Беларуская Рэдакцыя Радыё «Вызваленне» гаварыла аб яго мінуўшчыне беларускага народу, аб яго палітычным, сацыяльным і нацыянальным жыцці ў межах СССР[2].

Асноўнымі кірункамі радыёперадач «Свабоды» былі крытыка сацыялізму, савецкага ладу, нацыянальна-дзяржаўнага ўпарадкавання СССР. У іх асвятляліся негатыўныя з’явы з гісторыі і сучаснага жыцця СССР і Беларусі, у тым ліку парушэнні правоў чалавека, палітычныя рэпрэсіі ў СССР. Паведамлялася пра падзеі і здарэнні, якія замоўчваліся ў савецкіх СМІ, пра праваабарончы рух, дысідэнтаў, чыталіся творы, што былі забаронены ў СССР.

Пасля распаду СССР і спынення «халоднай вайны» беларуская рэдакцыя Радыё «Свабода» вяшчае ў новых умовах. У 1995 штаб-кватэра «Свабоды» перанесена з Мюнхена ў Прагу. Створаны карэспандэнцкія пункты ў Беларусі. Пашырыўся і абнавіўся штат рэдакцыі.

Беларуская служба Радыё «Свабода» цяпер вяшчае па 8 гадзін у суткі на кароткіх і сярэдніх хвалях, а таксама са спадарожніка. З 10 снежня 1998 года Радыё вяшчае таксама праз сеціва, сайт Радыё «Свабода» карыстаецца тарашкевіцай[3]. У эфір выходзяць інфармацыйныя і аналітычныя праграмы па палітычных, эканамічных, культуралагічных, гістарычных, рэлігійных, краязнаўчых і інш. праблемах. Наладжана двухбаковая сувязь са слухачамі. Журналісты «Свабоды» арыентаваныя на заходнія ліберальна-дэмакратычныя каштоўнасці.

З 2002 года Беларуская рэдакцыя Радыё выпускае кнігі[4], а з 2004 — і кампакт‑дыскі[5].

У 2006 годзе Беларуская служба Радыё «Свабода» атрымала галоўны прыз за найлепшае асвятленне гарачых навінаў сярод 20 рэдакцыяў Радыё «Свабодная Еўропа», а ў 2007 — за дасягненні ў мультымедыйнай канвергенцыі. У 2008 годзе Беларуская служба Радыё заняла першае месца ў пераліку на колькасць насельніцтва адпаведнай краіны сярод іншых службаў Радыё «Свабодная Еўропа»[6].

Сярод былых і сучасных супрацоўнікаў беларускай рэдакцыі Радыё «Свабода» Станіслаў Станкевіч, Янка Запруднік, Наталля Арсеннева[7], Галіна Айзенштат, Валянцін Жданко, Юры Дракахруст, Аляксандр Лукашук, Сяргей Навумчык, Данчык, Валянціна Аксак і інш.

Кіраўнікі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Вінцэнт Жук-Грышкевіч (1953—1956)
  2. Уладзімір Дудзіцкі[8] (1956—1962)
  3. Уладзімір Цвірка[9] (1962—1968)
  4. Масей Сяднёў[10] (1968—1983)
  5. Юры Сянькоўскі (1983—1991)
  6. Вячка Станкевіч (1991—1998)
  7. Аляксандр Лукашук (1999 — кастрычнік 2007)
  8. Ян Максімюк (кастрычнік 2007—2008)[11]
  9. Аляксандр Лукашук (з 2008 г.)

Зноскі

  1. Беларускай рэдакцыі «Радыё Свабода» — 55 гадоў// Наша Ніва. 20 мая 2009
  2. «Гаворыць радыё Вызваленне…»: Выбраныя матэрыялы Беларускай Рэдакцыі. — Мюнхен: Стараннем Беларускай Рэдакцыі Радыя Вызваленне, 1956. — 144 с.
  3. Беларускі Інтэрнэт // Радыё «Свабода». 10 снежня 1998
  4. Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе// Радыё «Свабода». 17 студзеня 2008
  5. Альгерд Невяроўскі. У менскім Доме літаратара адбылася вечарына прысьвечаная 80-годзьдзю з Дня нараджэньня Васіля Быкава// Радыё «Свабода». 18 чэрвеня 2004
  6. 10 гадоў у Інтэрнэце// Радыё «Свабода». 10 снежня 2008
  7. Сяргей Шупа. Радыё Свабода год за годам: 1964 // Радыё «Свабода». 11 ліпеня 2009
  8. Сяргей Шупа. Радыё Свабода год за годам: 1956// Радыё «Свабода». 3 ліпеня 2009
  9. Сяргей Шупа. Радыё Свабода год за годам: 1962// Радыё «Свабода». 9 ліпеня 2009
  10. Сяргей Шупа. Радыё Свабода год за годам: 1968// Радыё «Свабода». 15 ліпеня 2009
  11. На хвалі Свабоды: год 2007

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]