Перайсці да зместу

Свята-Крыжаўзвіжанская царква (Лунінец)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Праваслаўны храм
Свята-Крыжаўзвіжанская царква
52°14′41″ пн. ш. 26°47′44″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Лунінец
Канфесія Беларуская праваслаўная царква
Епархія Пінская і Лунінецкая
Архітэктурны стыль псеўдарускі стыль
Дата заснавання 1811
Будаўніцтва 19121920-я
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Г000453шыфр 113Г000453
Стан дзейнічае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Свята-Крыжаўзвіжанская царква — праваслаўны храм у Лунінцы. Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Знаходзіцца ў цэнтры старой часткі горада.

Старая царква

[правіць | правіць зыходнік]

Царква ў Лунінцы пабудавана ў 1811 г. на сродкі прыхаджан. У чэрвені 1873 г. прыходы Мінскай епархіі з інспекцыйнымі мэтамі наведаў епіскап Мінскі і Бабруйскі Аляксандр. Ад гэтага візіту засталося апісанне царквы:

" Царква Лунінецкая ў імя Узвіжання Чэснага Крыжа, драўляная, трывала абноўленая, іканастас не стары, з абразамі старога жывапісу, але прыстойны, посуд харошы, бібліятэка значная, архіў знойдзены ў парадку. Прыхаджан 480 душ мужчынскага і 490 жаночага полу. "
Новая царква-мураўёўка і старая царква. 1928

Па апісанню 1879 г., драўляная царква мела выгляд выцягнутага крыжа з трыма бляшанымі купаламі, дах царквы быў гонтавы, не вельмі трывалы, чырвонага колеру. Двое ўваходных дзвярэй, тры рады акон, вонкавыя і унутраныя сцены без афарбоўкі, яшчэ моцныя, столь — зводчатая, дашчатая, унутраная плошча памяшкання — 35 кв. сажняў. Царква мела трох’ярусны дашчаты іканастас, пафарбаваны ў белы колер з 24 іконамі ў пафарбаваных рамах. Асобнага памяшкання для рызніцы не было. Усё адзенне свяшчэнніка для службы размяшчалася ў шафе. У наяўнасці было 13 не вельмі добрых і дарагіх рыз, з іх толькі 4 новыя. Ацяпленне адсутнічала. Прастол адзін у імя Узвіжання Чэснага Крыжа. Царкоўнага посуду дастаткова, хаця ён не ўяўляў каштоўнасці. Было два Евангеллі. Усе царкоўныя кнігі былі старажытнага друку.

На асобна пабудаванай званіцы мелася чатыры званы. Прыход царквы — вёскі Лулінец і Мелясніца, былыя ўладанні Дзяцелавіцкага манастыра. Прыхаджан на той час — "мужчынскага полу 523 і жаночага — 496 душ. Усе сялянскага саслоўя. Прычт тады складаўся з настаяцеля царквы — свяшчэнніка Андрэя Бярнадскага, які скончыў Мінскую духоўную семінарыю і служыў у Лулінцы з 1868 г. У 1875 г. быў выбраны членам Благачыннага савета 2-й акругі Пінскага павета. З 1861 г. на пасадзе псаломшчыка знаходзіўся Мікалай Былінскі.

Гадавы даход царквы складаў 70 рублёў. Храм меў сваю зямлю: 3,5 дзесяціны прысядзібнай, ворыўнай і сенажаці (у 6 участках, адзін з якіх знаходзіўся ў раёне цяперашняга аэрадрома, а другі — на месцы завода «Палессеэлектрамаш») — 71 дзесяціну, няўдобіц — 5,5.

Свяшчэннік жыў у хаце, якая была пабудавана ў 1871 г., меўся таксама свіран, тры хлявы для жывёлы, гумно і хлеў для экіпажаў. Псаломшчыку былі выдзелены хата і два хлявы. Аднак пабудовы гэтыя былі вельмі старыя, і камісія епархіі вырашыла забяспечыць прычт новымі будынкамі.

У прыходзе мелася штатнае народнае вучылішча. Сярод насельніцтва Лулінца толькі 5 працэнтаў жыхароў былі пісьменнымі. Багадзельня адсутнічала. Царкоўнапрыходскае папячыцельства было створана ў 1877 г. і выбіралася на трохгадовы тэрмін. Яго старшынёй стаў свяшчэннік А. Бярнадскі (які выконваў гэтыя абавязкі да 1900 г.), а членамі — настаўнік народнага вучылішча Іван Палхоўскі, сяляне Іван Санюковіч, Сцяпан Харытановіч, Парфен Чарнавокі і Міхаіл Неўдах. Царкоўным старастам быў выбраны Карнілій Аляшкевіч. У 1887 і 1893 гг. на пасаду царкоўнага старасты выбіраўся лунінецкі селянін Фёдар Кацуба, а членамі прыходскага папячыцельства ў 1894 г. былі сяляне Даніла Чарнавокі, Павел Жук, Васіль Галоўніч, Сцяпан Аляшкевіч. Вядома яшчэ аб тым, што прыхаджане рабілі неаднаразовыя ахвяраванні на карысць храма грашамі ці рэчамі. У 1887 г. падрадчык Віленска-Ровенскай чыгункі Барыс Арлоў ахвяраваў «в Лулилецкую церковь гробницу к плащанице и икону св. Николая на сумму 150 рублей». На наступны год, ужо стаўшы падрадчыкам Палескіх чыгунак, ён ахвяраваў яшчэ і ківот (разную раму) коштам 50 рублёў да сваёй жа іконы. Ветэрынарны ўрач Палескіх чыгунак Міхаіл Мігай падарыў храму трохсвечнік і лампаду на суму 50 рублёў. Ім абодвум была аб’яўлена падзяка Мінскай епархіі. У канцы 1890-х падзяку за ахвяраванні атрымалі царкоўны стараста Ф. Кацуба і члены папячыцельства за падарунак царкве адзення для свяшчэнніка і для прастола на суму 74 рублі і камендант станцыі Лулінец капітан Аляксей Аляксандравіч Шрэцерза за царкоўны посуд — «серебропозолоченную утварь 82-й пробы», а таксама некалькі метраў рознага атласу на суму ў некалькі сотняў рублёў.

Свята-Крыжаўзвіжанская царква ў Лунінцы, 1930-я гг.

У пачатку XX ст. насельніцтва Лунінца, які стаў буйной чыгуначнай станцыяй, значна ўзрасло. Старая драўляная царква, якая да таго ж патрабавала пастаяннага рамонту, ужо не адпавядала часу, таму паўстала пытанне аб будаўніцтве новага цаглянага храма на тым жа месцы, дзе стаяў стары.

Вясною 1912 года быў закладзены падмурак Лунінецкай Крыжаўзвіжанскай царквы, пра што кажа і надпіс на меднай шыльдзе, умураванай справа ад уваходных дзвярэй:

«…основана сия церковь в честь Воздвижения Честного и Животворящего Креста Господня при державе Богочестивейшего само державнейшего Государя нашего императора Николая II Александровича при Святительстве Высокопреосвященного Михаила Архиепископа Минского и Туровского Настоятельстве же священноиерея Николая. В лето от сотворения мира 7420 от Рождества же во плоти Бога Слова 1912 месяца Апреля в 17 день».

Яшчэ да закладкі першага царкоўнага каменя ў Лунінецкім прыходзе быў аб’яўлены збор ахвяраванняў на будаўніцтва новай царквы. Грошы паступалі ад тады яшчэ не шматлікіх служачых станцыі, настаўнікаў і вучняў вучылішч, ваенных, прыватных асоб, уладальнікаў прадпрыемстваў, вясковых абшчын, паліцыі, прычым не толькі з Лунінецкага прыходу. Вялікія сродкі ахвяравалі Упраўленне Палескіх чыгунак, чыгуначнікі Лунінца, кіраўніцтва дэпо, станцыі (на той час у Лунінцы мелася чыгуначная царква — па лініі курсіраваў вагон-царква для задавальнення духоўных патрабаванняў веруючых).

Але, з-за 1-й сусветнай вайны, германскай і польскай акупацыі, грамадзянскай вайны будаўніцтва працягвалася амаль 10 гадоў. Свяшчэннік Цімафей Дзюкаў здолеў у гэтых абставінах захаваць будаўнічыя матэрыялы, таму будаўніцтва ўрэшце ўдалося скончыць.

У рэвалюцыйныя гады на плошчы каля царквы адбываліся мітынгі, пра што сведчаць некалькі тагачасных фотаздымкаў. Бачна, што і старая драўляная царква яшчэ існавала, толькі ў пачатку 1920-х гадоў яе разабралі і прадалі ў нейкую вёску.

Вакол старой царквы былі размешчаны могілкі. Пры будаўніцтве новай царквы могілкі былі ліквідаваны, парэшткі выкапаны і перапахаваны ў адной магіле пад алтаром новай царквы, толькі ў левым куце царкоўнага двара пакінулі некалькі магіл свяшчэннікаў і вядомых жыхароў Лунінца. Потым тут жа хавалі свяшчэннікаў з вёсак раёна. На месцы алтара старой драўлянай царквы цяпер стаіць металічны крыж, абнесены драўлянай агароджай. Са старой царквы ў новую былі перанесены многія іконы, харугвы, посуд, якія захоўваюцца дагэтуль.

У 1905 г. царкве падарыла ікону Свята-Мікалаеўскае брацтва, якое дзейнічала пры храме з пачатку стагоддзя і набывала ва ўласнасць на ахвяраванні сваіх членаў шмат прадметаў культавага прызначэння. Ікона дагэтуль захоўвае надпіс пра гэта.

У царкве захоўваецца ікона святога Міколы-Цудатворца ў ківоце цёмнага дрэва, якая была куплена на грошы сабраныя чыгуначнікамі і была ўстаноўлена ў невялікім пакоі каля галоўнага ўваходу ў Лунінецкае паравознае дэпо пасля асвячэння прадпрыемства. У часы знаходжання Лунінца ў складзе Польшчы, у 1920-я гады мясцовыя ўлады загадалі перадаць ікону ў царкву. Нягледзячы на тое што большасць працаўнікоў дэпо былі праваслаўнымі, над уваходам прымацавалі каталіцкі крыж.

Новая царква мела патрэбу не толькі ў культавых прадметах (іконах, харугвах, рызах, посудзе), але і ва ўнутраным упрыгожванні. Шырока вядомы за межамі Лунінца мебельшчык Сцяпан Ішчанка вырабіў для новай царквы шмат рам і ківотаў для ікон, якія дагэтуль упрыгожваюць і алтар царквы. Яго сыны Міхаіл і Георгій распісалі столь над алтаром і намалявалі некалькі ікон. Аднак работы братоў Ішчанкаў пры чарговым рамонце былі знішчаны.

Лунінецкая царква славілася сваім хорам. Многія прыхаджане спявалі ў хоры на працягу дзесяцігоддзяў.

У 1944 г. благачынны Лунінецкай акругі протаіерэй Кіпрыян Дылеўскі, з 1950 — Мікалай Яноўскі.

Свята-Крыжаўзвіжанская царква

Пабудавана ў 1912—1914 гадах з цэглы на месцы драўлянага храма 1816 года. Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Асноўны кубападобны аб’ём, да якога з усходу далучаюцца паўкруглая апсіда і рызніцы, з захаду — шатровая званіца з цыбулепадобным купалам. Маляўнічым 5-купаллем завершаны 4-схільны дах асноўнага аб’ёму. Галоўны ўваход аформлены магутным арачным парталам, над якім арачнае акно-біфорыум у ліштве-какошніку. Кілепадобнымі какошнікамі аформлены грані званіцы. Неатынкаваныя сцены насычаны цагляным дэкорам (аркатурны фрыз, плоскія фігурныя і конхавыя нішы, трохвугольныя франтоны).

Святая Варвара са Свята-Крыжаўзвіжанскай царквы

Сяродкрыжжа залы перакрыта драўляным корабавым скляпеннем на ветразях, астатнія памяшканні — плоскай столлю. Апсіда адкрываецца ў залу шырокім арачным прасветам. Абразы: «Паўстанне з труны», «Увядзенне Багародзіцы ў храм», «Ушанаванне Багародзіцы» (1757), «Маці Божая з дзіцем», «Святы Барыс і Глеб са святой Хрысцінай», «Усіх гаротных Радасць», «Велікамучаніца Параскева», «Велікамучаніца Варвара», «Варвара з жыціем», «Цар Канстанцін», «Благавешчанне», «Сустрэча Марыі з Елісаветай», «Дзісус» (усе 18 ст.), «Прарок Ілія», «Спас», «Мікалай Цудатворац», «Сергій Раданежскій», «Маці Божая Замілаванне», «Архістратыг Міхаіл», «Усія Святыя», «Благавешчанне», «Роўнаапостальны цар Канстанцін», «Георгій Перамоганосец» у акладзе (усе пачатак 19 ст.; частка з іх перавезена з закрытай царквы ў в. Лунін), царскія вароты з клеймамі. «Евангелле» 1657 і 1746 гадоў.

  • Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна. — Мн.: Беларусь, 1995.
  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с.: іл. — ISBN 5-85700-078-5.
  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.