Палескія чыгункі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Вакзал станцыі Баранавічы

Пале́ская чыгу́нка — дзяржаўная сетка чыгунак, пабудаваныя ў 1882—1907 гадах. Праходзіла па тэрыторыі Віленскай, Гродзенскай, Віцебскай, Мінскай, Валынскай, Магілёўскай, Чарнігаўскай, Арлоўскай губерняў. Знаходзілася пад наглядам МШЗ (управа ў Вільні).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Будынак адміністрацыі Палескай чыгункі ў Вільні (цяпер адміністрацыйны будынак ААТ «Літоўская чыгунка»)

Да з'яўлення першай чыгуначнай лініі на тэрыторыі Беларусі група буйных палескіх землеўласнікаў, сярод якіх князі Эдвін Друцкі-Любецкі, Уладзіслаў і Раман Сангушкі, Пётр Вітгенштэйн, графы Іван Тышкевіч, Аўгуст Замойскі, Стэфан і Канстанцін Патоцкія, хадайнічалі пра пракладку чыгункі ад Беластока праз Пружаны ў Пінск і далей на Валынь. Аднак праз падзеі паўстання 1863—1864 гадоў ужо прынятае рашэнне было перагледжана і прызнана неадпаведным мэтам ураду, які мкнуўся звязваць заходнія губерні не з Царствам Польскім, а з цэнтрам імперыі[1].

З пачатку 1880-х гадоў царскі ўрад актыўна заняўся нацыяналізацыяй прыватных чыгунак і пабудовай новых дарог. У 1891—1896 гадах выкуплены Лібава-Роменская, Пецярбургска-Варшаўская, Дзвінска-Віцебская, Арлоўска-Віцебская, Паўднёва-Заходняя і Маскоўска-Брэсцкая чыгункі.

У 1881 годзе падпісана найвышэйшае павяленне пра будаўніцтва 136-вёрставай лініі ЖабінкаПінск, дзе ўпершыню да будаўніцтва чыгунак прыцягнуты чыгуначныя войскі. Лінію пабудавалі за адно лета. Гэтаму спрыялі раўнінная мясцовасць, што амаль не вымагала інжынерных пабудоў. 9 лістапада 1882 года на лініі распачаты пасажырскі і таварны рух. Лінія мела 74 масты, абслугоўвалася 8 паравозамі і 272 вагонамі.

24 студзеня 1883 года ваенны міністр зноў абвясціў пра неабходнасць будаўніцтва стратэгічных чыгунак праз Палессе. Гэтым разам члены Асобай нарады загадалі мініст­ру шляхоў зносін прыняць усе меры для своечасовай будоўлі, не пазней за 3-гадовы тэрмін, Палескай чыгункі. У красавіку пачалося будаўніцтва ўчастку ВільняЛунінец і Лунінец — Пінск даўжынёй 353 вярсты, адкрытага 30 снежня 1884 года, а таксама ўчастку Лунінец — Роўна даўжынёй 182 вярсты, адкрытага 2 жніўня 1885 года. У 1886 годзе былі ўведзены ў эксплуатацыю ўчасткі Лунінец — Гомель (15 лютага) і БаранавічыБеласток (23 лістапада)[2].

У 1886 годзе Вільня-Ровенская і Пінская чыгункі перайменава­ны ў Палескія чыгункі. Пасля адкрыцця 8 жніўня 1887 года лініі Гомель — Бранск агульная іх даўжыня склала 1408 вёрст.

У маі 1918 годзе перададзена НКШЗ. Некаторыя лініі адышлі да Польшчы. Станам на пачатак 1991 года большасць ліній уваходзіла ў склад Беларускай і Прыбалтыйскай чыгунак.

Значэнне[правіць | правіць зыходнік]

Палеская чыгунка злучала паўднёвы захад Расіі з прыбалтыйскім, паўночна-заходнім, цэнтральна-прамысловым раёнамі. Мела ваенна-стратэгічнае значэнне, спрыяла распрацоўцы лясных масіваў Палесся, развіццю дрэваапрацоўчай і гарбарнай прамысловасці, росту гарадоў (Вільні, Слуцку, Беластоку, Брэста, Гомеля, Бранску). Адыгрывала значную ролю ў экспарце лесу і яго вывазе на ўнутраны рынак.

Асноўныя лініі[правіць | правіць зыходнік]

Даўжыня (станам на 1913 год) — 1904 вярсты (у тым ліку 1039 вёрст — дзвюхкалейных).

Рухомы склад[правіць | правіць зыходнік]

У 1885 годзе на Палескай чыгунцы налічвалася 68 паравозаў, 200 пасажырскіх вагонаў і 1511 грузавых вагонаў. У 1905 — 410 пасажырскіх вагонаў і 7927 грузавых[3].

Інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]

На Палескай чыгунцы пабудаваны чыгуначныя майстэрні (Пінск, Вільня, Гомель), узведзены 412 драўляных і 235 металічных мастоў, 6 пуцепровадаў і іншыя пабудовы. Адкрыты шпаланасычальны завод, 72 пакгаўзы. Дзейнічала 17 вучылішчаў і школ (на ст. Баранавічы, Брэст, Пінск, Лунінец), курсы па падрыхтоўцы службоўцаў па камерцыйным і тэхнічным руху.

Зноскі

  1. Андрей Киштымов, Валентина Яновская. По семи губерниям // Транспортный вестник. — 10 мая 2012.
  2. Будаўніцтва першых дарог на сайце http://history.rw.by, прысвечанаму гісторыі Беларускай чыгункі
  3. Полесские железные дороги(руск.) . История строительства железных дорог в Беларуси. Беларуская чыгунка (6 ліпеня 2012).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]