Сельская грамада
Се́льская грамада́ (руск.: сельское общество) — найніжэйшая грамадска-адміністрацыйная адзінка ў Расійскай імперыі, некалькі сельскіх грамад утваралі воласці.
Сельскія грамады былі створаны ў выніку рэформы графа Кісялёва па кіраванні казённай маёмасцю 1837—1841 гадоў і першапачаткова распаўсюджваліся толькі на дзяржаўных (казённых) сялян еўрапейскай часткі Расійскай імперыі. Адна сельская грамада ўключала або адзін вялікі населены пункт, або некалькі маленькіх суседніх. У ходзе вызвалення панскіх сялян ад прыгоннай залежнасці паводле сялянскай рэформы 1861 года сельскія таварыствы былі ўтвораны таксама для былых панскіх сялян, звычайна такія сельскія грамады складаліся з сялян аднаго ўладальніка.
Сельскія грамады былі калектыўнымі ўладальнікамі зямлі паселішчаў (вуліцы, праезды). Таксама сельскія грамады маглі быць калектыўнымі ўладальнікамі надзельнай зямлі, якія давалі іх асобным сялянам у часовае карыстанне. Кіраванне сельскай грамадой ажыццяўляў сельскі сход і сельскі стараста. Сельская грамада магла выбіраць або прызначаць службовых асоб, такіх як зборшчыкі падаткаў, пісары, наглядчыкі хлебных магазінаў, вучылішчаў і бальніц, лясных і палявых вартаўнікоў і іншых. Паводле сацыяльна-эканамічнай сутнасці сельская грамада была сельскай абшчынай[1].
Грамада была важным органам кантролю сялянскага жыцця, з яе згоды селянін мог мяняць месца жыхарства, ажыццяўляць сямейны раздзел і да т. п[2].
На Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]У 1877 годзе на Беларусі было 6386 сельскіх грамад, пераважная бальшыня з якіх — грамады былых панскіх сялян, вызваленых ад прыгоннай залежнасці[1].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б ЭГБ 2001, с. 282.
- ↑ Маскевіч Г. Да пытання аб вызначэнні тэрмінаў сельская «грамада» і «абшчына» ў беларусі ў другой палове ХІХ ст. // редкол. : Т. А. Новогродский (отв. ред.) [и др.] Этнокультурное развитие Беларуси в XIX – начале ХXI в.: материалы междунар. науч.-практ. конф. : зборнік. — Минск: БГУ, 2011. — С. 197—200.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Вячаслаў Панюціч. Сельская грамада // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 282. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.