Сельскі стараста

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Се́льскі ста́раста (руск.: сельский староста) — найніжэйшая службовая асоба сялянскага грамадскага кіравання ў Расійскай імперыі, кіраўнік сельскай грамады.

Паводле дзяржаўнай вясковай рэформы 1830-х — 1850-х гадоў пасада сельскага старасты была ўведзена для паселішчаў казённага сялянства еўрапейскай часткі Расійскай імперыі, пазней у выніку сялянскай рэформы 1861 года таксама ў паселішчах былых панскіх сялян.

Сельскі стараста выбіраўся сельскім сходам на 3 гады, галоўным чынам з «разважных» і пакорных сялян. Выступаў не толькі як кіраўнік сельскай грамады, але і як найніжэйшая асоба дзяржаўнага кіравання. З патрэбы склікаў сельскі сход, кіраваў абмеркаваннем узнятых на ім пытанняў, быў выканаўцам пастаноў сходу. Сачыў за ўтрыманнем у спраўнасці дарог, мастоў і іншых збудаванняў на землях сельскай грамады, сачыў за захаваннем збожжа ў сельскіх запасных магазінах. Выконваў фіскальныя абавязкі і адміністрацыйна-паліцэйскія функцыі: павінен быў сачыць за спраўнай выплатай сялянамі падаткаў і адбываннем натуральных павіннасцей, «захаваннем добрапрыстойнасці, парадку і бяспекі» на землях грамады. Меў права караць сялян: адпраўляць іх на грамадскія работы ці арыштоўваць на тэрмін да 2-х дзён, аштрафаваць на суму да 1 рубля.

Сельскі стараста наўпрост падпарадкоўваўся валасному старшыні, павінен быў выконваць распараджэнні паліцыі, міравога пасрэдніка, земскага ўчастковага начальніка і ўсіх прызначаных улад у сферы іх ведамства. Разам з валасным старшынёй быў галоўнай апорай улад на вёсцы.

Старасты былі ў дзяржаўных маёнтках і да XIX стагоддзя, а ў панскіх — да 1861 года, але прызначаліся ўладамі і памешчыкам адпаведна, і цалкам падпарадкоўваліся ім[1].

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. ЭГБ 2001, с. 410.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]