Спіс епіскапаў Фараса
Спіс епіскапаў Фараса — адзін з найважнейшых дакументаў, знойдзеных польскай археалагічнай экспедыцыяй у Фарасе, напісаны на тынкоўцы ў нішы ўсходняй сцяны старажытнага баптыстэрыя сабора[1].
Спіс змяшчае імёны 27 епіскапаў сабора, у ім пазначаны працягласць епіскапату і месяц смерці епіскапа. Найстарэйшая частка спіса датуецца прыблізна 902 годам. Спіс напісаны на грэчаскай і копцкай мовах, відавочны ўплыў старажытнанубійскай арфаграфіі. Гэты помнік архітэктуры не захаваўся дастаткова добра ў асноўным з-за ўплыву вільгаці[2]. На аснове спіса была ўстаноўлена храналогія развіцця жывапісу ў Фарасе (дзякуючы звычаю, згодна з якім епіскап не пазней, чым на другі год пасля ўступлення на пасаду, змяшчаў у саборы свой партрэт), што дапамагло ў вызначэнні гісторыі нубійскага і копцкага жывапісу ў перыяд з пачатку VIII да канца XIII стагоддзя[3].
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Спіс мае памеры 58×87 см, першапачаткова знаходзіўся на сцяне ў нішы ў паўднёва-ўсходнім куце сабора ў Фарасе (справа ад выявы Спаса Эмануіла, размешчанай ў цэнтры нішы), у цяперашні час знаходзіцца ў Нацыянальным музеі Судана ў Хартуме. Напісаны чорнымі чарніламі, складаецца з 31 радка, кожны з якіх разбіты на пяць слупкоў, у якіх знаходзяцца (злева направа): 1. Імя, 2. Слова «гадоў», 3. Гады епіскапату, 4. Месяц смерці, 5. Дзень смерці епіскапа. Запісы аб апошніх епіскапах уключаюць дадатковыя дадзеныя: утрымліваюць тытул «Епіскап Пахораса», імя духоўнага айца і ўзрост памерлага.
Па стылі спіса можна зрабіць выснову, што яго складалі розныя людзі. Першых пятнаццаць пазіцый былі напісаныя адным чалавекам, запісы 19 і 20 таксама выканаў адзін і той жа пісец. Акрамя таго, у выпадку імёнаў 16 і 20 прыкметная рэстаўрацыя запісаў: літары або ўсё імя былі напісаныя паўторна чорнай тушшу іншым пісцом, не тым, які рабіў першапачатковы запіс[2].
Пералічаныя ў спісе епіскапы
[правіць | правіць зыходнік]- Aetios — першы епіскап Фараса, прадстаўнік мелькітаў. Ён вядомы толькі па гэтым спісе. Прызначаны хутчэй за ўсё мітрапалітам Данголы, займаў сваю пасаду ў 620—630 гадах. Імя епіскапа сведчыць аб яго візантыйскім паходжанні, пачатковая частка імя была рэканструявана Стэфанам Якабельскім. Aetios лічыцца заснавальнікам найстарэйшага сабора ў Фарасе[4].
- Sarapion
- Запіс немагчыма прачытаць з-за дрэннай захаванасці помніка.
- Pilatos — епіскап Фараса, аб якім таксама вядома па двух манаграмах, якія захаваліся на архітэктурных элементах, што сведчыць аб яго будаўнічай дзейнасці. Манаграмы маюць форму крыжа, на канцах яго перакладзін знаходзяцца літары, якія адносяцца да імені епіскапа, а таксама надпіс ΠΟΛΛΑΤΑ ΕΤΙ, які часта з'яўляецца ў Фарасе і азначае «даўгалецце».
- Paulos — епіскап-проэдр Фараса, займаў пасаду ў пачатку VIII стагоддзя. Паблізу сабора былі знойдзеныя дзве мемарыяльныя стэлы, датаваныя 707 годам, запісаныя на грэчаскай і копцкай мовах, якія згадваюць епіскапа Paulosa як заснавальніка скініі, якая ўзнікла на месцы сабора епіскапа Aetiosa[2].
- Mena — епіскап Фараса, памёр каля 730 года.
- Mathaios — епіскап Фараса да 766 года.
- Ignatios — епіскап Фараса да 802 года.
- Joannes I — епіскап Фараса да 809 года.
- Joannes II — епіскап Фараса, хутчэй за ўсё заняў пасаду пасля 809 года.
- Markos — епіскап Фараса паміж 810—826 гадамі.
- Khael I — епіскап Фараса да 827 года.
- Thomas — епіскап Фараса да 862 года.
- Iesou I — епіскап Фараса прыблізна да 866 года.
- Kyros — епіскап Фараса ў канцы IX стагоддзя, памёр у 902 годзе. Належаў да монафізітаў і паходзіў з тэрыторыі Нубіі. Яго партрэт захаваўся на фрэсцы ў саборы Фараса, гэта найстарэйшы помнік сярод партрэтаў епіскапаў, якія ўпрыгожваюць сцены сабора. У цяперашні час партрэт знаходзіцца ў Нацыянальным Музеі ў Хартуме[5].
- Andreas — епіскап Фараса да 903 года.
- Kollouthos — епіскап Фараса да 923 года.
- Stephanos — епіскап Фараса да 926 года.
- Elias — епіскап і мітрапаліт Фараса да 953 года.
- Aaron — епіскап і мітрапаліт Фараса да 972 года.
- Petros I — епіскап і мітрапаліт Фараса, які належаў да монафізітаў, займаў сваю пасаду ў 974—999 гадах. Ён намаляваны на фрэсцы ў саборы, за ім знаходзіцца апостал Пётр, у гонар якога епіскап быў названы[6].
- Joannes III — епіскап Фараса з 997 года па 21 верасня 1005 года. Яго цела было пахавана ў склепе, які прымыкае да паўднёва-ўсходняй сцяны сабора[5]. З яго пачынаецца перыяд праўлення епіскапаў, якія прадстаўляюць мелькітаў. У час свайго епіскапства правёў рамонтныя работы ў саборы.
- Merkourios — епіскап Фараса з 1031 па 1052 гады. Яго партрэт знаходзіцца на сцяне сабора, на ім адсутнічае копцкі галаўны ўбор, што паказвае на прыналежнасць да мелькітаў[6]. Надпіс на яго надмагільнай стэле называе яго духоўным сынам епіскапа Joannesa[5].
- Petros II — епіскап Фараса да 1062 года.
- Georgios — епіскап Фараса да 1097 года. Яго партрэт з'яўляецца апошнім сярод партрэтаў епіскапаў сабора. Адзенне паказвае на яго прыналежнасць да монафізітаў.
- Khael II — епіскап Фараса да 1124 года.
- Iesou II — апошні з епіскапаў Фараса ў спісе, займаў пасаду да 1170 або 1175 года[6].
У 1005 годзе пасаду епіскапа сабора ў Фарасе заняў мелькіт Мар’янас (Marianos), аднак яго імя не было ўключана ў спіс. Ён займаў сваю пасаду, хутчэй за ўсё, да 1031 года і памёр у 1036 годзе. Надмагільны надпіс называе месцам яго смерці Каср Ібрым, што, як мяркуецца, стала прычынай пропуску яго імені ў спісе[2]. Вобраз епіскапа Мар’янаса пад абаронай Божай Маці з немаўлём Хрыстом захаваўся ў саборы, і ў цяперашні час знаходзіцца ў Польшчы, у Нацыянальным Музеі ў Варшаве[5].
Зноскі
- ↑ S. Jakobielski, Some New Data to the History of Christian Nubia as Found in Faras' Inscriptions, «Klio», 51 (1969), с. 499.
- ↑ а б в г S. Jakobielski, A history of the bishopric of Pachoras on the basis of Coptic inscriptions = Dzieje biskupstwa pachoras na podstawie inskrypcij koptyjskich.
- ↑ K. Michałowski, Od Edfu do Faras. Polskie odkrycia archeologii śródziemnomorskiej.
- ↑ W. Godlewsk, I. Zych, Pachoras. The Cathedrals of Aetios, Paulos and Petros. The architecture.
- ↑ а б в г R.A. Lobban Jr, Historical Dictionary of Ancient and Medieval Nubia.
- ↑ а б в T. Gołgowski, Z problematyki ikonografii biskupów Pachoras, «Rocznik Muzeum Narodowego w Warszawie / Muzeum Narodowe», 11 (1967), s. 175—190.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Godlewski W., Zych I., Pachoras: the Cathedrals of Aetios, Paulos and Petros: the architecture, Warszawa 2006. ISBN 832350167X.
- Gołgowski T., Z problemtyki ikonografii biskupów Pachoras, «Rocznik Muzeum Narodowego» 11 (1967), с. 175—190.
- Jakobielski S., Faras III. A History of the Bishopric of Pachoras on the Basis of Coptic Inscriptions, Warszawa 1972.
- Jakobielski S., Some New Data to the History of Christian Nubia as Found in Faras' Inscriptions, «Klio», 51 (1969), с. 499—503.
- Lobban R. A., Historical Dictionary of Ancient and Medieval Nubia, Lanham — Toronto — Plymouth 2003. ISBN 9780810847842.
- Michałowski K., Od Edfu do Faras. Polskie odkrycia archeologii śródziemnomorskiej, Warszawa 1974.