Станіслаў Савік

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Станіслаў Савік
Нараджэнне 24 жніўня 1927(1927-08-24)
Дворышча, Дзісенскі павет Віленскае ваяводства, Польская Рэспубліка
Смерць невядома
Бацька Іосіф

Станіслаў Савік (24 жніўня 1927 — ?) — дзеяч беларускага нацыянальнага супраціву, савецкі палітвязень па справе глыбоцкай групы беларускай моладзевай падпольнай паваеннай арганізацыі Саюз беларускіх патрыётаў (СБП).[1]

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 24 жніўня 1927 г. у сялянскай сям'і ў в. Дворышча Дзісенскага павета (Віленскае ваяводства, Польская Рэспубліка). Падчас нямецкай акупацыі ў Другую сусветную вайну вучыўся ў Глыбоцкай прагімназіі, дзе быў сябрам Саюзу Беларускай Моладзі (СБМ). Пасля прыходу савецкіх войскаў працягнуў вучобу і ў 1945 годзе паступіў у Глыбоцкую педагагічную навучальню. Жыў на адной кватэры з лідарамі Глыбоцкага СБП Васілём Мядзельцам і Антонам Фурсам, але сам сябрам СБП не з'яўляўся. Пра гэта Станіслаў Савік прыпамінаў так: «Я нават і не здагадваўся, што ёсць такая арганізацыя - Саюз Беларускіх Патрыётаў. Але мне пэўны час выпала жыць бок у бок з яе галоўнымі важакамі: Васілём Мядзельцам і Антонам Фурсам. Хоць і жылі побач, але ў блізкіх адносінах ні з першым, ні з другім я не быў. Уся мая ўвага была аддадзеная вучобе. Грамадскімі справамі, тым больш палітыкай, ня дужа цікавіўся».

У лютым 1947 года савецкія спецслужбы пачалі арышты сябраў Саюза беларускіх патрыётаў, да чаго спрычынілася здрада: да пастаўскай групы СБП увайшоў афіцэр МДБ Алег Стахоўскі, выдаўшы сябе за сябра антысаветчыка, і падштурхоўваў да тэрарызму. Падчас арыштаў сябраў Саюза беларускіх патрыётаў Станіслава Савіка не чапалі і арыштаваны ён быў 28 красавіка 1948 г., калі працаваў настаўнікам у Відзы-Лаўчыноўскай пачатковай школе, куды быў скіраваны пасля заканчэння педнавучальні: «Спачатку разабраліся з тымі, хто хоць незнарок, мімаходзь мільгануў на фоне СБП. Каб месці, дык падчыстую, каб і заводу, макавага зернейка не засталося». Атрымаў 10 год савецкіх канцлагераў і 5 год пазбаўлення правоў.

Знаходзіўся ў Куйбышаўскай перасылачнай турме, потым быў перавезены ў Новасібірск і працаваў на будоўлі авіяцыйнага заводу. Наступным этапам быў перавезены далей у порт Ваніна (на берагу Ціхага акіяну). Там сябраваў з земляком з Пастаўшчыны і колішнім сябрам СБП Янкам Рымдзёнкам. Пад канец 40-х пераведзены ў Магадан. Пра зняволенне Станіслаў Савік успамінаў так: «На Калыме мне выпала трапіць на славуты Верхна-Сялічанскі горнарудны камбінат. За 12 гадзін працоўнага дня так выматаешся, што ў бакі водзіць, як п'янага. Праца катаржная. Ды ў шкодных умовах, небяспечная. Руду ўзрывалі толам. Здараліся атручванні. У многіх прафесійная хвароба - сілікоз».

Датэрмінова вызвалены ў 1954 г. пасля смерці Сталіна, але без права вярнуцца ў Беларусь. У хуткім часе накіраваны на пасяленне ў пасёлак Ларуковая Ягадніцкага раёна (406 кіламетраў ад Магадана), дзе працаваў на розных прафесіях у мясцовай аэрагеадэзічнай управе Дальбуду. У 1954 г. ажаніўся, а ў 1956 г. атрымаў дазвол вярнуцца ў Беларусь: «У родных мясцінах я, на вялікі жаль, убачыў непрыкрытую непрыязнасць з боку чыноў. Мала што змянілася ў нас, хоць ужо і адбыўся XX з'езд КПСС. Я вярнуўся назад у пасёлак Ларуковая». У 1965 г. завочна скончыў Горкаўскі аўтамабільны тэхнікум, што дазволіла займаць трохі лепшыя пасады.

У 1979 г. вярнуўся ў Беларусь. У 1986 г. выйшаў на пенсію. Рэабілітаваны Віцебскім абласным судом 5 лютага 1990 г. Удзельнічаў у напісанні ўспамінаў у кнізе «Гарт. Успаміны пра Саюз Беларускіх Патрыётаў». Да смерці жыў у в. Гарадзец (Шаркаўшчынскі раён).

Зноскі

  1. http://slounik.org/154891.html Біяграфія Станіслава Савіка

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • ANH, F-3.
  • Гарт. Успаміны пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 21, 70, 308-310, 329-340.
  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. ISBN 985-6374-07-3.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]