Сцёртыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Сцёртыя (славенск.: izbrisani — сцёртыя, выкрасленыя) — неафіцыйная назва групы пастаянных жыхароў Славеніі, якія ў выніку адміністрацыйнага рашэння ўладаў былі пазбаўлены легальнага статусу («сцёртыя з рэгістра») пасля аб’явы аб незалежнасці краіны ў 1991 годзе. Пры гэтым яны страчвалі звязаныя з прававым статусам эканамічныя, медыцынскія і сацыяльныя правы. Для іх уступаў у сілу закон аб іншаземцах, ператварыўшы іх у пазапраўных жыхароў краіны. Сярод «сцёртых» былі і асобы, народжаныя ў Славеніі.

Вызначэнне[правіць | правіць зыходнік]

Катэгорыя ўключае былых грамадзян іншых саюзных рэспублік СФРЮ, якія пастаянна пражывалі на тэрыторыі Сацыялістычнай Рэспублікі Славеніі на момант распаду краіны, пераважна неславенскай нацыянальнасці і нашчадкаў змешаных шлюбаў, у тым ліку цыган. Сярод іх ёсць як ураджэнцы Славеніі, якія атрымалі грамадзянства іншай саюзнай рэспублікі на падставе грамадзянства бацькоў, так і перасяленцы з іншых рэгіёнаў[1].

Працэс закрануў некаторых былых афіцэраў Югаслаўскай народнай арміі, якія не прынялі славенскага грамадзянства або атрымалі адмову ў ім, часта на падставе ўдзелу ў вайне супраць Славеніі або іншай праявы нелаяльнасці[1].

Па ацэнках 2007 года, у краіне заставалася каля 6000 прадстаўнікоў гэтай групы без юрыдычнага статусу. Астатнія атрымалі грамадзянства або від на жыхарства, альбо пакінулі Славенію.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

На момант абвяшчэння незалежнасці ў Славеніі пражывала каля 200 000 грамадзян іншых югаслаўскіх рэспублік. Ім была дадзена магчымасць атрымаць славенскае грамадзянства шляхам падачы заявы або зарэгістравацца як «замежнікі» з правам пастаяннага жыхарства. Першым варыянтам да прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў 1992 года скарысталася 170 000 чалавек, другому варыянту аддалі перавагу некалькі тысяч чалавек.

Асобы, якія не выбралі адзін з прадугледжаных законам шляхоў легалізацыі знаходжання, 26 лютага 1992 года былі выдалены («сцёрты») з рэестра пастаянных жыхароў краіны[2], страціўшы тым самым усе сацыяльныя, грамадзянскія і палітычныя правы. Дзеянне насіла адміністрацыйны характар, выключала магчымасць падачы апеляцыі і закранула, паводле неафіцыйных ацэнак, звыш 18 000 чалавек (па дадзеных сербскага партала B92 — больш за 26 000[3]) — як тых, хто ўжо пакінуў краіну, так і тых, хто не ведаў пра неабходнасць дадаткова пацвярджаць свой статут.

24 чэрвеня 1998 года Канстытуцыйны суд Славеніі аб’явіў працэдуру незаконнай і без юрыдычных наступстваў[4]. У 1999 годзе Парламент Славеніі прыняў закон, які даваў магчымасць аднавіць від на жыхарства «сцёртым», якія пастаянна пражываюць у Славеніі, аднак Канстытуцыйны суд расцаніў гэта як спробу паўтарыць парушэнне.

У 2003 годзе Канстытуцыйны суд аб’явіў супярэчным канстытуцыі закон 1992 года, які патрабаваў відавочна запытваць статус «іншаземца», і распарадзіўся надаць статус пастаяннага жыхара ўсім закранутым асобам незалежна ад рэчаіснага пражывання ў Славеніі пасля яго прыняцця. Многія праўнікі, у тым ліку некалькі былых членаў Канстытуцыйнага суда і аўтараў Канстытуцыі, рэзка асудзілі гэтае рашэнне як такое, што закранае канстытуцыйныя законы краіны і тым самым выходзіць за межы паўнамоцтваў суда.

Урад, складзены Ліберальнай дэмакратыяй Славеніі, паступова прызнаў гэтыя судовыя пастановы насуперак меркаванню апазіцыі (Славенская дэмакратычная партыя, Новая Славенія, Славенская народная партыя і Славенская нацыянальная партыя). У лютым 2004 года парламенцкая большасць прыняла так званы «Тэхнічны закон аб сцёртых» (славенск.: Tehnični zakon o izbrisanih) са зваротным дзеяннем, аднак праз два месяцы ён быў ануляваны ў выніку рэферэндуму, падтрыманага правацэнтрысцкай апазіцыяй. Рэферэндум выклікаў значныя пярэчанні шэрагу органаў Еўрапейскага Саюза. Пасля разгляду пытання Еўрапейская камісія прыйшла да высновы, што не мае юрысдыкцыі ў гэтых адносінах.

У 2005 і 2007 гадах кіруючая Славенская дэмакратычная партыя прапаноўвала ўрэгуляваць статус «сцёртых» канстытуцыйным законам, які прадугледжвае індывідуальны разгляд кожнага выпадку, аднак кампраміс быў адпрэчаны левацэнтрысцкай апазіцыяй.

Па стане на 2007 год дакладная колькасць «сцёртых» так і не ўстаноўлена, саму ж групу дзялілі на розныя прававыя катэгорыі: хто аднавіў від на жыхарства і грамадзянства, хто толькі від на жыхарства, а таксама хто быў высланы, многія з якіх працягваюць жыць у Славеніі нелегальна. Па некаторых ацэнках, да гэтага часу 6000 чалавек не маюць легальнага статусу, а многім з тых, каму ў выніку ўдалося атрымаць права на пастаяннае пражыванне, даводзіцца спраўляцца з наступствамі шматгадовых парушэнняў.

Некаторыя са «сцёртых» падалі калектыўную апеляцыю ў Еўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбургу, назваўшы працэдуру выкрэслівання «еўрапейскай праблемай і парушэннем фундаментальных правоў чалавека». У 2012 годзе Вялікая палата ЕСПЧ прыняла рашэнне па справе «Курыч і іншыя супраць Славеніі» на карысць заяўнікаў.

У 2013 годзе ў эфіры сербскага радыёвяшчальніка B92 прагучала сцвярджэнне, што ў лютым 1992 года больш за 26 000 чалавек былі пазбаўлены права на пражыванне, апынуўшыся ў становішчы «горш, чым бежанцы», паколькі яны не мелі магчымасць знайсці працу і сацыяльную ахову.

У мастацтве[правіць | правіць зыходнік]

Праблеме сцёртых прысвечаны раман славенскага пісьменніка Міхі Мадзіні[en] «Сцёртая» (Izbrisana, 2014)[5], перакладзены на італьянскую, македонскую і сербскую мовы і экранізаваны ў 2019 годзе[6].

У 2007 годзе ў Славеніі прайшла агульнанацыянальная кампанія Izbrisan16let.si, закліканая прыцягнуць з дапамогай дыялогу і прымянення розных мастацкіх сродкаў увагу грамадскасці да праблем[7].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б Slovenia: The ‘erased’ — Briefing to the UN Committee on Economic, Social and Cultural Rights (арх. 3 студзеня 2014) // Amnesty International. — 2005. — пуста.
  2. ZADEVA: IZVAJANJE ZAKONA O TUJCIH - NAVODILO (славенск.). depesa_05_1992_02_27.pdf. Mirovni inštitut (27 лютага 1992). Праверана 6.5.2018.
  3. Slovenia's "erased" have right to compensation (англ.). B92.net. B92/Tanjug (10 ліпеня 2013). Архівавана з першакрыніцы 23 кастрычніка 2016. Праверана 11 верасня 2020.
  4. Odločbe Ustavnega sodišča (славенск.). www.mirovni-institut.si. Праверана 26 лютага 2019.
  5. Miha Mazzini: Erased (англ.). www.mihamazzini.com (23 чэрвеня 2014). Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016. Праверана 11 верасня 2020.
  6. Erased (2018) - IMDb (англ.). Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2020. Праверана 11 верасня 2020.
  7. izbrisan16let.si - popravimo krivice (славенск.). izbrisan16let.si. Архівавана з першакрыніцы 30 жніўня 2018. Праверана 11 верасня 2020.

Знешнія спасылкі[правіць | правіць зыходнік]