Дзесяцідзённая вайна

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Дзесяцідзённая вайна
Развал Югаславіі
Дата 27 чэрвеня6 ліпеня 1991
Месца Славенія
Прычына абвяшчэнне Славеніяй незалежнасці
Вынік незалежнасць Славеніі
Cупраціўнікі
Сцяг Славеніі Славенія Сцяг Югаславіі СФРЮ
Камандуючыя
Мілан Кучан
Янез Янша
Ігар Баўчар
Велька Каджыевіч
Конрад Колшэк
Андрыя Рашэта
Аляксандр Васільевіч
Мілан Аксенціевіч
Сілы бакоў
16 000 салдат
10 000 паліцэйскіх
35 200 салдат
Ваенныя страты
19 забіты
182 паранены
44 забіты
146 паранены
каля 5000 у палоне

Дзесяцідзё́нная вайна́ (славенск.: Desetdnevna vojna), часам называная Славенскай вызваленчай вайной (па-славенску: Slovenska osamosvojitvena vojna) — узброены канфлікт паміж Славеніяй і Югаславіяй пасля абвяшчэння першай незалежнасці. Цягнуўся ад 27 чэрвеня да 7 ліпеня 1991 года, стаўшыся такім чынам адной з найкарацейшых войнаў у гісторыі кантыненту. Страты абодвух бакоў у суме не перавысілі 63 чалавек. Значна больш югаслаўскіх салдат трапілі ў палон, чаму ў немалой ролі паспрыялі дзеянні цывільнага насельніцтва Славеніі, якое ўсемагчымымі спосабамі абцяжарвала перамяшчэнні федэральных войскаў.

Перадумовы[правіць | правіць зыходнік]

Славенія была найбольш развітай у эканамічных адносінах рэспублікай у складзе СФРЮ і самай заходняй тэрыторыяй краіны. У этнічным плане славенцы складалі 90% насельніцтва, сербы — 2,2%.

Першыя сігналы пачаліся ўжо ў 1990 годзе, калі спярша ў Славеніі з афіцыйнай назвы было выдалена слова «сацыялістычная», пасля мясцовым органам былі перападпарадкаваны воінскія часці, якія знаходзіліся на яе тэрыторыі. 2 ліпеня мясцовая Скупшчына прыняла Дэкларацыю незалежнасці. У кастрычніку мясцовы парламент абвясціў, што на тэрыторыі Славеніі не маюць юрыдычнай моцы 27 саюзных законаў, і што адгэтуль ніводны закон не мусіць быць прыняты без ухвалення парламентам.

На рэферэндуме 23 снежня 1990 года 95% славенцаў выказаліся за аддзяленне ад Югаславіі, падтрымаўшы канцэпцыю канфедэрацыі, пад якой разумелася правядзенне супольнай абароннай і знешняй палітыкі, а таксама мытны саюз.

Гэта стала рухавіком дэмакратычных змяненняў. 8 красавіка 1990 года ў Славеніі адбыліся першыя ў яе гісторыі парламенцкія выбары, на якіх перамагла кааліцыя правых і цэнтрысцкіх сіл. Незалежніцкія настроі ўзмацняліся падобнай сітуацыяй у суседняй Харватыі.

У красавіку стала зразумела, што прапанова Славеніі па пераўтварэнні СФРЮ ў канфедэрацыю не будзе падтрыманая. 9 мая славенскі парламент абвясціў, што згодна з вынікамі рэферэндуму незалежнасць дзяржавы будзе абвешчаная не пазней за 26 чэрвеня.

Падрыхтоўка да ваенных дзеянняў[правіць | правіць зыходнік]

Для ўлад у Бялградзе і кіраўніцтва Югаслаўскай народнай арміі (ЮНА) гэта было трывожным сігналам, бо выхад Славеніі мог падштурхнуць да падобных крокаў і іншыя югаслаўскія рэспублікі.

Адразу ж пасля славенскіх выбараў ЮНА абвясціла пра ўвядзенне ва ўсёй краіне новай абароннай дактрыны, паводле якой узброеныя тэрытарыяльныя сілы асобных рэспублік павінны былі быць заменены цэнтралізаванай сістэмай абароны. У адпаведнасці з гэтай дактрынай распачалося раззбраенне атрадаў Славенскай рэспубліканскай тэрытарыяльнай абароны. У пачатку мая 1991 ЮНА, у склад кіраўніцтва якой у той час уваходзілі два сербы, восем харватаў, два славенцы, два македонцы і мусульманін, абвясцілі павышаную гатоўнасць баявых атрадаў у Славеніі, Харватыі і Босніі.

Улады Славеніі ў адказ загадалі пачаць падрыхтоўку да сутычак з югаслаўскімі сіламі. 28 верасня 1990 была прынятая папраўка да славенскай канстытуцыі, якая ў выпадку выбуху вайны перадавала камандаванне тэрытарыяльнымі ўзброенымі сіламі ў рукі ўраду Рэспублікі Славенія, узначальванага прэзідэнтам Міланам Кучанам. 18 сакавіка 1991 прэзідыум дадаткова сфарміраваў штаб для каардынацыі спецыяльных аперацыяй, забяспечваючы эфектыўнае супрацоўніцтва між пастаянна ўзброенымі атрадамі паліцыі і Тэрытарыяльнай абаронай. На яго чале стаў міністр абароны Янез Янша.


23 мая 1991 адбылося сутыкненне між салдатамі ЮНА і дабраахвотнікамі з Тэрытарыяльнай абароны на тэрыторыі навучальнага цэнтра ў Марыборы. Там зафіксаваная першая гібель — салдат Іозеф Шымчык загінуў пад коламі бронетранспарцёру. Інцыдэнт выклікаў напружанасць у адносінах паміж Славеніяй і федэральным урадам у Бялградзе.

25 чэрвеня Нацыянальны сход абвясціў дэкларацыю незалежнасці Славеніі ад Югаславіі, што фактычна азначала яе выход са складу федэрацыі. Мясцовыя воінскія часці атрымалі загад рыхтавацца да захопу казармаў Югаслаўскай народнай арміі, на славенскай-харвацкай мяжы быў уведзены памежны кантроль. У той самы дзень незалежнасць абвясціла Харватыя.

Рэагуючы на падзеі, старшыня ўраду СФРЮ Антэ Маркавіч даў загад кіраўніцтву ЮНА ўзяць пад кантроль сітуацыю ў Любляне. Харватыя паабяцала Маркавічу, што не будзе перашкаджаць інтэрвенцыі ў Славенію.

Хада вайны[правіць | правіць зыходнік]

Карта ваенных дзеянняў

Югаславія абвясціла славенскую і харвацкую дэкларацыі незалежнасці незаконнымі. Уночы з 26 на 27 чэрвеня сілы ЮНА ўвайшлі ў краіну. Матарызаваная супрацьпаветраная батарэя ЮНА перайшла славенскую граніцу ў мясцовасці Метлік, а танкавыя калоны рушылі ў бок аэрапорту Брнік, які знаходзіўся пад кантролем сербаў, і Любляны. Іхняй першай мэтай было блакаванне славенска-італьянскага памежнага пераходу з мэтай ізаляцыі рэспублікі ад знешняга свету. Аднак аперацыя правалілася, у асноўным дзякуючы супраціву цывільнага насельніцтва, якое выстаўляла на дарогах барыкады з аўтамабіляў, што зрабіла немагчымым пранікненне федэральных сіл углыб Славеніі.

Салдаты, размешчаныя ў Тржыне, былі атакаваны Славенскай тэрытарыяльнай абаронай. Страціўшы сродкі сувязі, яны здаліся славенцам праз некалькі дзясяткаў хвілінаў бітвы. У мясцовасці Верхполле(серб.) бел. югаслаўскія салдаты сутыкнуліся з арганізаваным супрацівам.

Не чакаўшы якога-небудзь супраціву, югаслаўскія войскі апынуліся ў замяшальніцтве. Танкавыя падраздзяленні адарваліся ад пяхоты, што зрабіла немагчымым каардынацыю дзеянняў змяшаных частак. Існавалі таксама перабоі з пастаўкамі. Рассеяныя ў гарнізонах па ўсёй Славеніі федэральныя войскі ў дадатак былі падпарадкаваны ваеннаму кіраўніцтву, якое знаходзілася ў аддаленым Заграбе.

28 чэрвеня падраздзяленні Тэрытарыяльнай абароны рушылі ў бок заблакаваных сербамі памежных пераходаў, эвакуюючы цывільнае насельніцтва з ахопленых сутычкамі тэрыторый. Таго самага дня федэральны бок абвясціў перамір'е, заклікаючы славенцаў да перамоў. Уночы з 28 на 29 чэрвеня прадстаўнікі абодвух бакоў сустрэліся ў Заграбе пад эгідай прадстаўнікоў ЕЭС (Італіі, Люксембурга і Галандыі), каб абмеркаваць умовы міру. Аднак гэтыя меры так і не былі скарыстаныя, вайна працягнулася далей. Уладзы ў Бялградзе таксама паставілі Славеніі ўльтыматум — салдаты Тэрытарыяльнай абароны Славеніі мелі скласці зброю і абвясціць капітуляцыю да 30 чэрвеня. Пасля сканчэння тэрміну капітуляцыі, у нядзелю 30 чэрвеня югаслаўскія самалёты перасеклі паветраную прастору Славеніі з намерам правесці бамбарзіроўка яе тэрыторыі, аднак завярнуліся пасля нечаканай змены загаду. Днём пазней ЮНА ў чарговы раз абвясціла пра спыненне баявых дзеянняў.

1 ліпеня разыгралася найважнейшая фаза вайны — аддзелы славенскай Тэрытарыяльнай абароны і паліцыі перайшлі ў наступ на танкавыя карпусы ЮНА пры падтрымцы мясцовага насельніцтва. Бітвы адбыліся м. інш. у кракаўскім лесе, на пагранічным пераходзе Горня Радгона і ў штабе арміі федэральнай у Любляне. Славенцы ўнерухомілі большасць югаслаўскіх танкаў і бронетранспарцёраў. Сербскія салдаты былі затрыманы ўжо на пагранічных пераходах і вымушаны былі капітуляваць. Назаўтра з Бялграду ў Славенію рушыў элітарны танкавы корпус. Аднак і ён быў неўзабаве заатакаваны, спынены і змушаны капітуляваць. Кіраўніцтва ЮНА ў Заграбе згадзілася на перамір'е, апошняе ў гэтай вайне.

Сканчэнне баёў[правіць | правіць зыходнік]

4 ліпеня сітуацыя ў краіне цалкам кантралявалася славенцамі. Рэшткі ЮНА былі вымушаны адступіць за ўсходнюю граніцу, у бок Харватыі. Праз тры дні, у нядзелю 7 ліпеня 1991, адбылося спатканне кіраўнікоў Славеніі, Харватыі, Югаславіі і прадстаўнікоў ЕЭС на востраве Брыёні. У выніку дамоўленасцей была падпісаная так званая Брыёнская дэкларацыя, якая фактычна скончыла вайну. Паводле яе ўмоў Славенія і Харватыя пагадзіліся на трохмесячнае прыпыненне ўводу ў дзеянне сваіх дэкларацый незалежнасці, а федэральныя войскі — на спыненне ваенных дзеянняў на іхняй тэрыторыі і вывад у глыб Югаславіі.

Вайна ў Славеніі была найкарацейшым і найменш кровапралітным з сутыкненняў падчас войнаў у Югаславіі. Абумоўліваецца гэта тым, што Славенія займала этнічны маналітны абшар, які, у адрозненне ад Харватыі ці Босніі, насяляла ў асноўным карэнная нацыя. Сербская меншасць (акрамя размешчаных на тэрыторыі рэспублікі салдат) займала нязначны працэнт насельніцтва. Падчас сутыкненняў загінулі 44 югаслаўскія салдаты і 19 славенскіх паліцыянтаў і дабраахвотнікаў Тэрытарыяльнай абароны. Акрамя таго, славенскі бок захапіў шмат танкаў і бронемашын, з якіх быў нават складзены асобны бранявы корпус. Безумоўная перамога славенцаў дала ім міжнароднае прызнанне. Першай дзяржавай, якая прызнала незалежнасць новай краіны, стала Германія. Рэшта дзяржаў-членаў ЭЕС неўзабаве пайшла па іх слядах.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]