Сысучыя інфузорыі, Сукторыі (Suctoria) — клас прасцейшых тыпу інфузорый. Каля 500 відаў. Пашыраны ў прэсных вадаёмах і морах. На Беларусі адзначаюцца такафрыі квадрыпартыта і цыклопавыя, ацынета вялікая, падофрыя прымацаваная. Пераважна сядзячыя формы.
Даўжыня ад 30 мкм да 3 мм. Раснічкі ў дарослых адсутнічаюць. Могуць прымацоўвацца да субстрату, водных раслін і жывёл. У некаторых цела моцна разгалінаванае. Рот адсутнічае. З дапамогай хапальных і сысучых шчупальцаў ловяць і высмоктваюць здабычу, пераважна інфузорый (адсюль назва). Размнажэнне бясполае (вонкавае або ўнутранае пачкаванне, пры якім утвараюцца плаваючыя або поўзаючыя «бадзяжкі») і палавое — кан'югацыя. Некаторыя — паразіты іншых інфузорый.
Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (Т. 15).